Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: бацькі спрабуюць абараніць польскую школу ад русыфікацыі


Падчас бацькоўскага сходу ў школе № 36 Горадні з польскай мовай навучаньня

Падчас бацькоўскага сходу ў школе № 36 Горадні з польскай мовай навучаньня

Бацькі Гарадзенскай школы № 36 з польскай мовай навучаньня выступаюць супраць плянаваных уладамі зьменаў у заканадаўстве, паводле якіх польская мова ў школе можа застацца толькі як асобны прадмет, а ўсё астатняе навучаньне будзе праводзіцца на адной зь дзяржаўных моў — расейскай альбо беларускай. Пра гэта бацькі заявілі прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Беларусі Ірыне Каржовай на сустрэчы ў Горадні.

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Каржова адмыслова прыехала ў Горадню, каб спаткацца з бацькамі вучняў школы № 36 з польскай мовай навучаньня і адрэагаваць на іх ліст, у якім яны выступаюць супраць новага законапраекта аб адукацыі. На падставе зьменаў у законе ня толькі геаграфія, «Чалавек і сьвет», гісторыя будуць выкладацца на адной зь дзяржаўных моў Беларусі, пералік гэтых прадметаў можа пашырыцца па рашэньні мясцовых уладаў.

У школе № 36 сабралася поўная заля. Спадарыня Каржова адразу заявіла, што зьдзіўленая лістом, які атрымала ад бацькоў вучняў з Горадні, паколькі зьмены ў законапраект яшчэ толькі абмяркоўваюцца, а ў Палаце прадстаўнікоў плянуецца ў першым чытаньні разгледзець яго не раней як у другой палове 2015 году.

Яна выклала афіцыйную пазыцыю міністэрства, паводле якой выпускнікі школ з навучаньнем на мовах нацыянальных меншасьцяў (такіх у Беларусі чатыры: дзьве — з польскай і дзьве — зь літоўскай мовай навучаньня) будуць здаваць іспыты на адной зь дзяржаўным моў, а ня так, як цяпер: да прыкладу, ў школе № 36 матэматыку і іншыя прадметы выкладаюць і здаюць на польскай мове. Робіцца гэта, маўляў, для таго, каб усе вучні мелі роўныя магчымасьці пры паступленьні як у беларускія, так і ў польскія ВНУ.

Каржова дадала, што з такімі патрабаваньнямі ў міністэрства зьвяртаюцца бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў гэтых школах. Паводле яе, дзяржава хоча, каб вучні ведалі дзьве дзяржаўныя мовы, навучаліся па ўсіх прадметах паводле зацьверджаных праграм і ў той самы час вывучалі родную мову і культуру.

Яна таксама запэўніла бацькоў, што да прыняцьця зьменаў у заканадаўства выпускныя клясы будуць здаваць іспыты па ранейшай праграме, але на будучыню параіла, каб дзеці былі гатовыя самастойна вывучаць матэматыку і іншыя прадметы па-польску, калі яны зьбіраюцца вучыцца ў польскіх навучальных установах. Каржова таксама канстатавала, што ў Польшчы няма ніводнае беларускае школы, а беларуская мова, дзе кампактна жывуць беларусы, выкладаецца толькі як прадмет.

Каржова таксама канстатавала, што ў Польшчы няма ніводнае беларускае школы, а беларуская мова, дзе кампактна жывуць беларусы, выкладаецца толькі як прадмет
Бацькі ў сваю чаргу аргумэнтавалі сваю пазыцыю тым, што пішуць заявы і аддаюць дзяцей менавіта ў школы з польскім навучаньнем зь першай клясы і гэта ім гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Зь першай клясы дзеці вывучаюць матэматыку, а надалей і іншыя прадметы — фізыку, хімію і г.д. на польскай мове і не ўяўляюць сабе, як гэта можна, скажам, у 6 альбо 7 клясе потым замяніць мову навучаньня. І наагул пыталіся — навошта гэта рабіць?

Многія абураліся тым, што за 18 гадоў існаваньня школы дзеці і надалей вывучаюць матэматыку і іншыя тэхнічныя прадметы па падручніках на расейскай мове. І міністэрства за гэты час нічога не зрабіла, каб перакласьці рускамоўныя падручнікі на польскую мову. Урэшце, многія абураліся тым, што міністэрства падрыхтавала новыя зьмены, але думкай бацькоў ніхто не пацікавіўся. Многія заяўлялі, што падобныя зьмены скіраваныя на тое, каб скасаваць польскамоўнае навучаньне.

Дарэчы, сярод бацькоў выступалі і тыя, хто казаў, што яны не палякі, а беларусы, і прасілі не ламаць традыцыю, якая склалася ў гэтай школе, паколькі падобнай атмасфэры і аўры няма ў ніводнай іншай гарадзенскай школе.

Гэта школа — адзіны асяродак адукацыі горада Горадні, дзе ў мяне ні настаўнікі, ні дырэктар не пытаюцца — чаму „я разговариваю на белорусском языке“

Спадарыня: «Гэта школа — адзіны асяродак адукацыі горада Горадні, дзе ў мяне ні настаўнікі, ні дырэктар не пытаюцца — чаму „я разговариваю на белорусском языке“, а дзеці не сьмяюцца зьдзекліва з маёй дачкі. Менавіта тут мая дачка больш далучыцца да беларускай культуры, чым у астатніх гарадзкіх школах. Яна авалодала і польскай мовай на ўзроўні тэхнічных і гуманітарных навук. І сёньня, гледзячы ў яе вочы, я не магу сказаць, што яе навучаньне могуць перавесьці на расейскую мову».

Ноткі дыскусіі пасьля гэтага выступу зьмяніліся ў больш лагодны бок. Спадарыня Каржова абяцала данесьці погляд бацькоў да кіраўніцтва Міністэрства, хваліла школу і нават казала, што тут сапраўды існуе асаблівая аўра. А бацькі не спыняліся яе пераконваць, часта паўтараючы адны і тыя аргумэнты.

Пасьля сходу я зьвярнуўся да некаторых бацькоў і пацікавіўся, зь якімі думкамі яны выходзяць пасьля сустрэчы з прадстаўніцай Міністэрства адукацыі?

Спадарыня: «У мяне пазытыўнае ўражаньне, паколькі зразумела, што бацькі да гэтае пары яшчэ ўсе разам, маюць агульную пазыцыю — і гэта добра. Зь іншага боку зразумела, што ні да чаго канструктыўнага мы не прыйшлі. Спадарыня Каржова мае сваю пазыцыю, але яна пабачыла і нашу, і, магчыма, зможа яе данесьці, бо сытуацыя не выглядае такой „ружовай“, як можа падацца, і мэтадамі рыторыкі нас нельга пераканаць».

Я думаю, што сёньня мы пагаварылі, а яны прымуць тое, што захочуц

Спадар: «Уражаньне такое, што ўлада ўсё плянуе бяз нас і прымае рашэньні бяз нас. І сёньня мы практычна даведаліся, што законапраект падрыхтаваны, ухвалены, але ніхто нашае думкі не запытаўся. Я думаю, што сёньня мы пагаварылі, а яны прымуць тое, што захочуць».

На сходзе прысутнічаў першы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. Ён таксама выступаў і паказваў дамову СПБ з Гарадзенскім гарвыканкамам, падпісаную 18 гадоў таму, аб тым, што гэта школа будзе з польскай мовай навучаньня. Спадар Гавін аптымістычна адказаў Свабодзе:

«Я думаю, што ўсё будзе добра. Думаю, што Міністэрства адукацыі нас пачула і нічога зьмяняць ня будзе».

Старшыня не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Мечыслаў Яськевіч лічыць, што новыя зьмены ў заканадаўстве аб адукацыі беларускія ўлады прымаюць мэтанакіравана:

«Яны прымаюцца дзеля таго, каб зьнішчыць польскую адукацыю ў Беларусі. Раней такія спробы ўжо рабіліся, калі ў школе хацелі адчыніць расейскамоўныя клясы. Тады гэтыя спробы ўдалося спыніць, а цяпер яны заходзяць зь іншага боку. Амаль 20 гадоў польскай школе, але дагэтуль ня вырашаная праблема з падручнікамі на польскай мове, і ніхто яе не вырашае. А ўсё робіцца да таго, каб не было ні польскіх школаў, ні польскіх клясаў у Беларусі».

Здымак:

1 Падчас бацькоўскага сходу ў школе № 36 Горадні з польскай мовай навучаньня

XS
SM
MD
LG