Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі праваабаронца патрабуе выбачэньняў ад «Белорусской военной газеты»


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Праваабаронца Леанід Судаленка з Гомеля патрабуе абвяржэньня непраўдзівых зьвестак, распаўсюджаных у дачыненьні да яго «Белорусской военной газетой» у артыкуле «Кому выгодно порочить белорусскую армию?» (10 сакавіка, выпуск № 42).

Суворую водпаведзь вайсковай газэты выклікаў ініцыяваны праваабаронцам зварот 75 грамадзянаў да міністра абароны Беларусі — з прычыны лютаўскага інцыдэнту ў Берасьці, калі двое жаўнераў, прызваных з Гомельскай вобласьці, уцяклі з вайсковай часьці № 92616, дзе іх зьбівалі і пагражалі ім.

Аўтар артыкула «Кому выгодно порочить белорусскую армию?» Уладзімер Кажэўнікаў так характарызаваў асобу ініцыятара звароту да міністра абароны:

«...у Гомелі зьявіўся нейкі праваабаронца Леанід Судаленка, гэткі самаабвешчаны „амбудсмэн“, асоба ў пэўных колах вядомая. То яго папракаюць у адпраўцы падатковым інспэктарам пасланьняў непрыстойнага зьместу, то ён канфліктуе з мытнікамі пры надглядзе на мяжы. Гэтаму спадару не ўпершыню ціснуць на дзяржаўныя органы аж праз Арганізацыю Абʼяднаных Нацыяў, празь яе Камітэт па правах чалавека».

У артыкуле сьцьвярджаецца таксама, што Судаленка «ўжо падрыхтаваў, ганьбуючы сваю краіну, тры дзясяткі „найвышэйшых“ скаргаў, на якія аанаўскія чыноўнікі, ківаючы галовамі, канстатуюць: „Так-так, тут парушэньнем правоў чалавека патыхае“. Цяпер, калі яны будуць рыхтаваць сусьветны даклад, уставяць у яго і даносы гомельскага квазіамбудсмэна».

Зварот да міністра абароны Ўладзімер Кажэўнікаў называе «дэмагагічнымі пэрламі», якіх у Судаленкі «цэлы арсэнал». І наагул, праваабаронца нібыта займаецца «антыармейскай агітацыяй» і «даносамі», у той час як армія абараняе Радзіму — «у адрозьненьне ад судаленак, якія праславілі сябе толькі на ніве разбурэньня грамадзтва».

«Гэта мяне асабліва абразіла, — сказаў Службе маніторынгу ГА „БАЖ“ Леанід Судаленка. — Сам я служыў у Савецкай Арміі, мой старэйшы сын абараняў Радзіму ў шэрагах беларускага войска. Цяпер гэта робіць мой другі сын. Трэцяга і чацьвёртага сыноў я таксама выхоўваю ў духу павагі да службы ў беларускім войску. Так што я не займаюся „антыармейскай агітацыяй“, „даносамі“ ды „разбурэньнем грамадзтва“, як сьцьвярджае аўтар артыкула, а дбаю пра абароназдольнасьць беларускага войска, узаемапавагу ў асяродзьдзі салдат розных тэрмінаў службы. Апрача таго, хачу нагадаць журналістам „Белорусской военной газеты“, што наша краіна зьяўляецца адной з заснавальніц ААН, якая дэкляруе заахвочваньне й абарону агульнапрызнаных правоў і свабодаў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях».

Не пагаджаецца Судаленка і зь сьцьвярджэньнем аўтара, што ён «канфліктуе з мытнікамі пры надглядзе на мяжы», бо менавіта мытнікі ўчынілі ў 2015 годзе незаконную спробу высадзіць яго зь цягніка. Гомельская мытня вынесла пастанову аб спыненьні адміністрацыйнага працэсу. А рашэньне суду першай інстанцыі паводле пазову самога праваабаронцы на незаконныя дзеяньні мытнікаў да гэтага часу не набыло юрыдычнай моцы.

Ад рэдакцыі «Белорусской военной газеты» Леанід Судаленка патрабуе выбачэньня і абвяржэньня зьвестак, якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасьці, зьневажаюць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG