Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушчыльненьне па-гомельску


Ушчыльненьне забудовы на вуліца Тэльмана ў Гомелі
Ушчыльненьне забудовы на вуліца Тэльмана ў Гомелі

У Гомелі звыш трох дзясяткаў жыхароў разам з актывістамі дамагаліся грамадзкага абмеркаваньня тэмы ініцыяванай уладамі «ушчыльненьня» жылой забудовы паміж вуліцамі Тэльмана і Кніжнай. Суд Цэнтральнага раёну Гомеля 20 лютага адхіліў скаргу грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага на дзеяньні ўлады ў гэтай справе.

У суд зьявіліся толькі прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну і ўправы архітэктуры й горадабудаўніцтва. Ніхто з гарвыканкаму на суд не прыйшоў. Судзьдзя Алена Цалкова, якая разглядала справу, паведаміла, што гарвыканкам прыслаў у суд факс, у якім гаворыцца: выканаўчы камітэт ня мае магчымасьці сёньня ў згаданы час накіраваць свайго прадстаўніка.

Кастусь Жукоўскі ад імя жыхароў вуліц Тэльмана й Кніжнай, якія зьвярталіся ў гарвыканкам наконт будоўлі тут новых дамоў і якіх не пачулі, патлумачыў суду:

«Мы ня просім нейкіх там фінансавых укладаньняў дзяржавы. Я ад імя людзей, якія далі мне права, і калі трэба, я іх зьбяру, — мы просім пачуць нас. Каб нас пачулі — правялі грамадзкія слуханьні і патлумачылі, калі нас лічаць народам. Калі ўлада будуе сабе як хоча — значыць, лічыць нас дурнямі. Дык патлумачце дурному народу, што для нас добра, а што дрэнна».

Анастасія Грачышкіна, прадстаўніца адміністрацыі Цэнтральнага раёну, куды гарвыканкам перанакіроўваў лісты гараджанаў наконт зносу прыватных дамоў і ўшчыльненьня забудовы, заявіла, што заканадаўства не патрабуе такіх слуханьняў:

«Ёсьць дэталёвы плян забудовы Цэнтральнага раёну, і правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня заканадаўства ў такім выпадку не патрабуе».

Такой жа пазыцыі трымаліся й прадстаўнікі ўправы архітэктуры гарвыканкаму Кірыл Гапееў і Леанід Мельнікаў. Пры гэтым яны дадавалі, што праект дома, які ўжо будуецца на вуліцы Тэльмана, зроблены інстытутам «Гомельпраект» і прайшоў дзяржаўную экспэртызу.

Відавочна, што такой пазыцыі трымалася й судзьдзя Алена Цалкова, адхіляючы пазоў грамадзкага актывіста.

На судзе прысутнічаў і сябра грамадзкай арганізацыі «Экадом» Сяргей Магонаў, які прадстаўляў інтарэсы заяўніка Жукоўскага. Ён зьвяртаў увагу суду, што ў дэталёвы плян забудовы ўнесеныя істотныя зьмены — і дом пастаўлены інакш, чым зафіксавана ў дэталёвым пляне, і дзесяціпавярховым ён стаў замест плянаванага дзевяціпавярховіка. Усё гэта вымагала адкрытай гутаркі ўладаў з гараджанамі наконт забудовы «канфліктнай» тэрыторыі.

Аднак суд і такія аргумэнты не палічыў слушнымі.

Магонаў: «Гэта чарговым разам паказвае, што людзі й іхнія інтарэсы маюць у нашай дзяржаве надзвычай малую вагу. Калі працэс ушчыльненьня адкрыты, гэта ў пэўнай ступені выключае карупцыйныя праявы, бо грамадзяне бачаць, маюць інфармацыю пра тое, што будзе пабудавана, хто будзе будаваць, як і навошта. Калі ж гэта робіцца пад сукном, уціхую — гэта стварае глебу для карупцыйных праяваў. Нельга сказаць наконт згаданага канкрэтнага праекту, мае тут месца ці ня мае нейкая карупцыя, але прыдатная глеба ствараецца».
Новы 10-павярховік будуецца вокны ў вокны з старым 7-павярховікам
Новы 10-павярховік будуецца вокны ў вокны з старым 7-павярховікам

Жыхар шматкватэрнага дому № 1 па вуліцы Тэльмана спадар Анатоль, у чыім двары будуюць дзесяціпавярховік, так мяркуе пра рашэньне гарадзкіх уладаў:

«Зроблена, вядома, не па-людзку. З боку гарвыканкаму якаясьці валтузьня была з гэтым домам. Зямлю гэтую аддалі. Падобна да карупцыі. Чаму нельга было на 20–50 мэтраў адступіць, каб свабадней было?

Тым больш наш — 7-павярховы, а гэты — 10-павярховы дом. Тут у нас дзіцячая пляцоўка была, там далей машыны ставілі жыхары. А цяпер ня ведаем, як і што будзе. Заціснулі. Народ незадаволены. Усе жыльцы страшна незадаволеныя».

Гараджанка Вольга кажа, што звычайныя фірмы атрымаць зямлю пад забудову ў цэнтры гораду наагул ня могуць:

«Звычайная фірма атрымаць зямлю тут ня можа. Гэта толькі прыўладныя структуры, і яны атрымліваюць участкі бясплатна. На вуліцы Тэльмана — дом павышанай камфортнасьці, бо наверсе пэнтхаўзы. Значыць, павінен быць аўкцыён. Але, відаць, гарадзкія ўлады і бюджэт у сродках ня маюць патрэбы. Самі разумееце, на каго працуюць чыноўнікі.

А наконт суду можна сказаць адно: нашыя суды — незалежныя, бо ад іх нічога не залежыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG