Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пятачок» ажывіўся, але страйкавыя настроі ня зьніклі


Прывакзальны рынак у Гомелі

Прывакзальны рынак у Гомелі

Пасьля працяглага перапынку каля паловы прадпрымальнікаў Прывакзальнага рынку Гомеля аднавілі працу. Аднак гандаль не прыносіць ні задавальненьня, ні прыбытку. Страйкавыя настроі не пакідаюць прадпрымальнікаў. Не задаволеныя й гараджане.

На Прывакзальным рынку, празваным у народзе «пятачком», 17 лютага працавала блізу паловы прадпрымальнікаў. Рынак тут хоць і невялікі, але колькасьць прадпрымальнікаў, якія на сходах і акцыях пратэсту заяўлялі, што ня могуць атрымаць для гандлю патрабаваныя паводле ўказу № 222 дакумэнты, некалькі зьдзіўляла. Выглядала, што займець сэртыфікаты якасьці й таварна-транспартныя дакумэнты, як таго патрабуюць улады, цяпер ужо не такая вялікая праблема.

«Набываем у Расеі толькі тыя рэчы, на якія ёсьць дакумэнты. Закуплялі, вядома, і беларускія тавары. Але прапануюць такія кошты на тавары з дакумэнтамі, што яны зраўняліся па коштах з такімі ж рэчамі ў звычайных крамах. Паглядзіце хоць бы на жакеты, швэдры. Некаторыя рэчы з дакумэнтамі ў нас нават сталі даражэйшымі — яны пакупнікоў ужо не цікавяць. Я ня ведаю, як мы будзем выжываць. Выйсьце нейкае павінна быць. Але мітынгаваць, па-мойму, асаблівага сэнсу няма, бо ўлады нас ня чуюць. Мы ўжо двойчы хадзілі пратэставаць да аблвыканкаму, а зьменаў няма», — кажа прадавачка Людміла.

Прадпрымальніца Тацяна гандлюе на рынку рэчамі для жаночага гардэробу. Кажа, што прыйшлося набыць і беларускія тавары, каб мець дакумэнты і хоць крыху аднавіць гандаль:

«Я беларускага тавару з сэртыфікатамі завезла на чатыры мільёны, а толку ніякага — прадала толькі дзясятак дробных рэчаў. Як пасьля гэтага мне заплаціць адзіны падатак, арэнду, зрабіць адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны? Людзі жахаюцца ад беларускіх коштаў — яны ў пяць разоў даражэйшыя за тавары кітайскай вытворчасьці, якімі мы нядаўна гандлявалі. А па якасьці яны, можна сказаць, не адрозьніваюцца. Самыя танныя беларускія шкарпэткі каштуюць 18–20 тысяч, а іх чалавеку трэба хоць пяць пар. Хто будзе за дваццаць тысяч гэтыя шкарпэткі купляць?»

Кабета ў гадах, якая назвалася Ларысай, кажа, што ўсё жыцьцё працавала на прадпрыемстве «Палесдрук». Пэнсія ў яе не дацягвае нават да трох мільёнаў.

На рынак яна ходзіць, каб таньней абуцца ды адзецца:

«Перад Новым годам я купляла на рынку жаночыя сарочкі па 30 тысяч. Такія ж фасоны вытворчасьці нашай фабрыкі «8 сакавіка» каштуюць 100 тысяч. Яны крыху шчыльнейшыя, але ж я на тыя сто тысяч на рынку магла тры такія сарочкі купіць. Дык чаго, скажыце, мне ісьці ў тую краму ад фабрыкі «8 сакавіка?!»

Пэнсіянэрка Люба сьцьвярджае, што беларускі трыкатаж стала немагчыма насіць:

«Купіла мужу майку ў краме — дык пасьля першай пральні з 44 памеру яна стала ці не 54. Расьцягнулася, страціла форму, хоць і з сэртыфікатам.

Людзі зьбяднелі, а кошты звар’яцелі. Гэта невыносна. Рынкі павінны працаваць, а ўлады іх усё закрываюць. Я маю права выбару? Маю! У мяне пэнсія мільён семсот тысяч. Я аддам за кватэру, а мне што застаецца? Як жыць?»

Два тыдні таму група гомельскіх прадпрымальнікаў замовіла ў Гомельскім гарвыканкаме мітынг, які плянавалі правесьці ў Навабеліцкім раёне блізу месца адпачынку «Пруды». Арганізатары мелася абмеркаваць сытуацыю на рынках у зьвязку з патрабаваньнямі ўказу № 222. Аднак гарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне мітынгу: маўляў, заяўнікі не падалі ўсе патрэбныя анкетныя зьвесткі пра сябе, не заключылі дамовы з камунальнікамі і міліцыяй на абслугоўваньне мітынгу.

«Ня трэба наагул ні на якія „Пруды“ хадзіць! Хто нас там пачуе? Урадоўцы будуць казаць, што прадпрымальнікі пайшлі туды шашлыкі смажыць. 22 лютага трэба ехаць усім прадпрымальнікам, іх рэалізатарам у Менск на плошчу. У нас няма працы — няхай нас працаўладкоўваюць! Я асабіста гатовая ісьці працаваць на завод, на фабрыку. Я нават прыбіральшчыцай магу працаваць, але ж і такой вакансіі не знайсьці. Бо цяпер імкнуцца звольніць пэнсіянэраў з прыбіральшчыкаў, каб на іхнія два мільёны ўладкаваць хоць каго з моладзі, якая бадзяецца бяз працы», — кажа прадпрымальніца Юлія.

Жанчына таксама адгукнулася на прапановы ўладаў набываць беларускі тавар з дакумэнтамі й працаваць зь ім на рынках. Але нічога добрага з гэтага ня выйшла:

«Мы звычайныя мужчынскія „баксёры“ прадавалі да страйку за 35 тысяч рублёў. Іх куплялі. Цяпер менская фірма прапаноўвае такія трусы з дакумэнтамі па 40–50 тысяч. Па якім кошце нам іх прадаваць? Па 60 тысяч? Альбо жаночыя панталёны хэбэшныя таксама прадавалі за тыя ж 35 тысяч, з Расеі іх вазілі. Цяпер нам аптавікі такія за 65 тысяч прапануюць. Кошты ўзьляцелі ў два разы — людзі плююцца на такія кошты. Космас! Людзі зьбяднелі, заробкі й пэнсіі не дазваляюць купляць па коштах, да якіх спрычынілася й дзяржава. Цяпер на рынках пакупнікоў няма, ёсьць толькі аглядальнікі: паглядзелі, папляваліся — і пайшлі».

На Цэнтральным рынку

На Цэнтральным рынку

Толькі асобныя гандляры выйшлі сёньня на працу на рэчавую частку Цэнтральнага рынку. Гэта найперш тыя, хто гандлюе шапкамі са скуры ці футра. Гараджане рэдка сюды заходзяць, бо ведаюць, што праца рынкаў спаралізаваная.

«У нас хоць і ёсьць сэртыфікаты, але паўнавартасна працаваць мы ня можам — няма пакупнікоў. Выглядае, што і нам трэба далучацца да страйку. Я й сама ня супраць ехаць на мітынг. Але толькі каб усе разам, салідарна — можа, хоць у такім выпадку ўлады да нас прыслухаюцца», — лічыць адна з прадпрымальніц Цэнтральнага рынку, якая пераканалася, што праца сярод апусьцелых гандлёвых радоў не прыносіць ні задавальненьня, ні прыбытку.

XS
SM
MD
LG