Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадпрымальнікам некамфортна у найлепшым для бізнэсу горадзе


Гарадзская скульптура ў Гомелі

Гарадзская скульптура ў Гомелі

Гомель і Гомельская вобласьць прызнаныя лепшымі ў Беларусі для бізнэсу. Да такой высновы прыйшлі арганізатары рэспубліканскага конкурсу з Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва і рэгіянальных бізнэс-асацыяцыяў пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Беларусі. Тым часам многія прадпрымальнікі пачуваюць сябе ў «найлепшым горадзе» ня надта камфортна і зьдзіўляюцца высновам арганізатараў конкурсу.

Індывідуальная прадпрымальніца з Гомеля Аксана, якая працуе ў Цэнтральным раёне, дзівіцца, чаму Гомель прызналі найлепшым абласным горадам у краіне па ўмовах разьвіцьця бізнэсу:

«Гэта ўсё бутафорыя, паверце мне. І чым гэта лепшыя ўмовы для прадпрымальнікаў Гомельшчыны — хіба толькі рэпрэсіямі з боку падаткоўцаў? Яны ж ходзяць бесьперапынна, не вылазяць ад нас. Людзі ў аблавах, штрафных санкцыях, канфіскацыях. Акцыі ў іх у дачыненьні да прадпрымальнікаў, ці што? Вельмі зручна. На рынкі калі яны ходзяць, там скандалы ўчыняюць. А да нас — у „Цэнтар“, у „Сакрэт“ — можна хадзіць і душыць. Таму яны й зьбіраюць добра падаткі. А чаму б не? Нядаўна і прадстаўнікі Дзяржстандарту хадзілі, складалі пратаколы наконт дакумэнтацыі, сэртыфікатаў. Пад страхам трымаюць — гэта й ёсьць лепшыя ўмовы».

Прадпрымальніца зьвяртае ўвагу, што ініцыятыва стварыць у горадзе гандлёвы цэнтар на сродкі мясцовых прадпрымальнікаў пакуль не знаходзіць падтрымкі ў гарадзкіх уладаў. Для дробнага бізнэсу ў горадзе існуе, па сутнасьці, толькі адзін гандлёвы цэнтар. І туды цяпер запускаюць расейскіх «сеткавікоў», якія выцясьняюць тутэйшых прадпрымальнікаў:

«Як гэта найлепшыя ўмовы, калі для індывідуальных прадпрымальнікаў у горадзе існуе практычна адзін гандлёвы цэнтар, і той стаў засяляць сюды прадстаўнікоў расейскіх гандлёвых сетак з малаякаснымі таварамі? Яны нас проста выцясьняюць. Я вось сяджу, мне заўтра трэба плаціць падатак, а ў мяне няма на яго грошай. У красавіку, траўні, чэрвені я аддаю на падаткі ды арэнду ўсю выручку — сто адсоткаў выручкі. І як гэта камісія вырашыла, што для прадпрымальнікаў Гомельшчыны створаны найлепшыя ўмовы? Ды гэта нейкае вар’яцтва».

Гандлёвы цэнтар у Гомелі

Гандлёвы цэнтар у Гомелі

Незалежны гомельскі эканаміст Мікалай Новікаў мяркуе, што калі ўдзельная вага вытворчасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў у рэгіёне й павялічылася, то найперш таму, што ўпалі аб’ёмы ў прамысловых гігантаў — «Гомсельмаша», Беларускага мэталюргічнага заводу, шэрагу іншых буйных прадпрыемстваў. Ня цешыць і занятасьць у прыватным сэктары:

«Калі ўзяць зьвесткі пра колькасьць занятых у прыватным сэктары, то яны ледзь ня самыя нізкія ў рэспубліцы — разам зь Віцебскай вобласьцю. Значна лепшыя паказьнікі ў Менску, Менскай, Гарадзенскай абласьцях і нават у Магілёўскай. Мы тут на перадапошнім месцы. Гэта па-першае. Калі ж браць долю ў валавым рэгіянальным прадукце мікраарганізацыяў і малых арганізацыяў, інакш кажучы, малога ды сярэдняга бізнэсу, то і тут мы займаем апошняе месца. У нас тут паказьнік 7,9 адсотка, у Менску — 31,4, у Берасьці — 13 адсоткаў».

І летась, і сёлета на пачатку году індывідуальныя прадпрымальнікі Гомеля, Рэчыцы, Сьветлагорску масава пратэставалі супраць падвышэньня падаткаў і ўмоваў арэнды. Сытуацыя для выжываньня прадпрымальнікаў апошнім часам стала яшчэ больш складанай: жыхары памежных раёнаў пераарыентаваліся на закупы тавараў у суседніх Расеі ды Ўкраіне.

Каб ацаніць спрыяльнасьць гораду і рэгіёну для бізнэсу, як вынікае з паведамленьня арганізатараў конкурсу, бралі колькасьць прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў на тысячу жыхароў, удзельную вагу вытворчасьці, а таксама памер падаткаў, сабраных з індывідуальных прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG