Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе аштрафавалі, каля суду арыштавалі — прыгоды журналістаў у Гомелі


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

22 траўня судзьдзя Гомельскага раёну Аляксандар Лісоўскі прызнаў вінаватым журналіста-фрылансэра, сябра ГА «БАЖ» Кастуся Жукоўскага ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваў яго на 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў).

А пасьля гэтага Жукоўскага і прысутную на судзе ягоную каляжанку Натальлю Крывашэй затрымалі ля судовага будынку.

У віну журналісту-фрылансэру міліцыя паставіла падрыхтоўку 24 сакавіка відэасюжэту «Чыноўнікі далучыліся да талакі» для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. У матэрыяле распавядалася пра рамонт царквы ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёну з ініцыятывы грамадзкіх актывістаў і тамтэйшага насельніцтва.

Адразу пасьля паседжаньня суду Кастусь Жукоўскі пачаў здымаць відэакамэрай шыльду на будынку суду. Ахоўнік, малодшы сяржант міліцыі Павал Ражкоў выскачыў з памяшканьня, стаў хапаць за штатыў і выпіхваць Жукоўскага за браму: «Давай, прэч адсюль». Бэджыка ў міліцыянта не было, таму Жукоўскі й Натальля Крывашэй патрабавалі ў яго назваць прозьвішча і даць кнігу заўваг і прапаноў. Міліцыянт выклікаў падмогу.

На шум выйшла старшыня суду Раіса Кавалевіч і, разабраўшыся, што да чаго, прапанавала журналістам: «Ідзіце здымайце».

У хуткім часе да будынку суду прыляцелі адзін за адным ажно тры экіпажы міліцыянтаў са службы «Ахова». Двое зь іх зь пісталетамі ў руках затрымалі Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй і адвезьлі іх у Чыгуначны РАУС.

У райаддзеле апэратыўнік, лейтэнант міліцыі Аляксандар Цярнаўскі апытаў Жукоўскага, а пасьля даставіў яго да начальніка аддзелу міліцыі грамадзкай бясьпекі і прафіляктыкі Віктара Сьцепаненкі, які ня ўгледзеў у дзеяньнях журналіста-фрылансэра нічога супрацьпраўнага. Праз 3,5 гадзіны Жукоўскага і Крывашэй адпусьцілі з Чыгуначнага РАУСу.

Дарэчы, абаіх журналістаў-фрылансэраў ужо штрафавалі сёлета ў Цэнтральным судзе Гомеля на 5,4 мільёна за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Тады ў суд прыйшлі пратаколы з Нараўлянскага райаддзелу міліцыі, падпісаныя ўчастковым інспэктарам, старшым лейтэнантам Дзьмітрыем Жылінскім. У іх было сказана, што журналісты незаконна правялі «інтэрвіюяваньне жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая Нараўлянскага раёну», тым самым «незаконна ўдзельнічалі ў вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта сюжэту „Пажылыя людзі вымушаны плаціць за свае дамы ў 4 разы больш, чым за калгасныя“, які 13.03.2015 г. быў прадэманстраваны ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу „Белсат“ (Польшча) у праграме „Аб’ектыў“».

2 красавіка Кастуся Жукоўскага пакараў штрафам у памеры 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Бакуноў за сюжэт на «Белсаце» пад назваю «За забітае дзіцё пакаралі пэдагогаў ды мэдыкаў».

Сюжэт на «Белсаце» адсачыла тады ўправа ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму, ведучы маніторынг публікацыяў, а адміністрацыйны пратакол на «незаконны выраб прадукцыі СМІ» склаў капітан міліцыі Чыгуначнага РАУСу Віктар Сьцепаненка.

Да таго ж у студзені Сьветлагорскі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 900 тысяч рублёў за здымкі адзіночнага пікету інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі. Міліцыя абвінаваціла фрылансэра ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце.

Агулам сёлета, паводле зьвестак ГА «БАЖ», за так званы «незаконны выраб прадукцыі СМІ» аштрафавана 13 незалежных журналістаў.

XS
SM
MD
LG