Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2015-ты мае стаць годам вызваленьня беларускай культуры ад зьнешняй залежнасьці


Belarus - without ties rakicki

Belarus - without ties rakicki

Чым можа вызначыцца беларуская культура ў 2015 годзе? Які патэнцыял дзеля гэтага яна назапасіла ў годзе 2014-м? Сваімі меркаваньнямі і прагнозамі дзеляцца культуроляг Максім Жбанкоў і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут.

Падставы для стрыманага аптымізму

Максім Жбанкоў: Асноўным трэндам мінулага году я вызначаю папсавізацыю беларушчыны. Яна ператварылася ў набор гаджэтаў, у сыстэму папсовых фішачак, пачынаючы ад рамана Віктара Марціновіча, які, на мой погляд, ёсьць прафанным пераказам даволі банальных тэзаў клясычнага беларускага адраджэньня, і да вышымаек і актыўнасьці Макса Каржа. Гэты трэнд спрашчэньня беларушчыны — вельмі цікавы, паказальны, і ён яшчэ чакае свайго асэнсаваньня.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

Сяргей Харэўскі: Самай яркай падзеяй 2014 году стала грандыёзная выстава «10 вякоў беларускага мастацтва» ў Нацыянальным мастацкім музэі. Яна будзе вызначаць на гады, а мо і на дзесяцігодзьдзі, і наша мастацтвазнаўства, і стварэньне новай піраміды каштоўнасьцяў. Каштоўнасьці гэтыя небясспрэчныя. На той выставе выявіўся, так бы мовіць, дзяржаўны нацыяналізм, калі ў экспазыцыю ня трапілі творы мастакоў, якія нарадзіліся па-за межамі цяперашняй Рэспублікі Беларусь. Выдатнай была і выстава «100 гадоў беларускага авангарду», якой Беларусь ужо пазыцыянуецца ў сьвеце. Гэта вельмі плённы шлях, і мне б хацелася верыць, што ён не выпадковы.

Жбанкоў: Дагэтуль, ці на жаль, ці на шчасьце, мы ня маем свайго беларускага «Оскара». Але затое мы маем штогадовы фэстываль беларускага кіно «Бульбамуві» ў Варшаве. І на ім у 2014 годзе адбыўся фантастычны выбух прапановаў. Гэта тое, чаго мы чакалі даўно: мы маем новую генэрацыю спантанных, пазасыстэмных, пазадзяржаўных кінатворцаў. Акурат гэта і служыць падставай для стрыманага аптымізму. Я чакаю прарыву, і думаю, што ён абавязкова адбудзецца.

Харэўскі: І ў выяўленчым мастацтве мінулы год вызначыўся яркімі недзяржаўнымі ініцыятывамі. Прыкладам, калясальнай падзеяй стаў выхад па-італьянску і па-ангельску выдатнай кнігі Юрыя Якавенкі «Песьня песьняў». Яна зробленая ўручную ў Італіі. Гэта сапраўды шэдэўр сусьветнага мастацтва. Гэта плён дзейнасьці людзей розных нацыянальнасьцяў. Тое самае можна сказаць пра леташнюю творчасьць Паўла Татарнікава, які таксама выдаў багата кніжак у Эўропе. Нашы фатографы атрымалі прызнаньне ў расейскім Пецярбургу, дзе адбылася выдатная выстава «Менская школа». Таксама адзначу спробу рэінкарнацыі галерэі «6-я лінія», бліскучую выставу-інтэрпрэтацыю «Дыялёг эпохаў».

Жбанкоў: А я дадам кнігу пра творчую эвалюцыю фотагалерэі «Нова» пад кіраўніцтвам Уладзімера Парфянка. Усе гэтыя падзеі вызначаюць пункты адліку для нашай актуальнай культуры.

Што ўзяць у 2015 год і ад чаго адмовіцца?

Харэўскі: Мы бяром у новы год той калясальны патэнцыял, які быў раскрыты летась. Мы бяром перадусім вельмі пазытыўны досьвед, калі дзяржава, ня маючы чым пярэчыць, дазваляе многія рэчы. І гэта аказваецца вельмі плённым шляхам. Хочацца спадзявацца, што сёлета тэндэнцыя неўмяшаньня дзяржавы будзе працягвацца.

Я перакананы, што варта захаваць у 2015 годзе — здольнасьць працаваць без звароту да дзяржавы

Жбанкоў: А я ня веру ў добрую волю дзяржавы. Я ня веру, што яна будзе дазваляць свабоду. Я ўвогуле ня веру ў дазволеную свабоду. Я перакананы, што варта захаваць у 2015 годзе — здольнасьць працаваць без звароту да дзяржавы. І тое, што мы цяпер маем новую актуальную беларускую культуру, якая ў значнай ступені постпалітычная, постыдэалягічна ангажаваная і да таго ж ужо істотна нацыянальна інтэграваная і вельмі крэатыўная, — вось гэта і ёсьць рэальная пэрспэктыва. То бок — рух наперад праз ламаньне ідэалягічных шаблёнаў любога колеру. Я думаю, што сёлета беларуская культура будзе пазбаўляцца ад залежнасьці ад зьнешніх уплываў.

Харэўскі: Леташнія падзеі мне нагадалі прадвесьне «перастройкі», калі маса крэатыву, якая назапасілася ў маладога пакаленьня, запатрабавала нейкага выйсьця. Сёньня яна рэалізуецца дзе толькі можна: у новых інтэрнэт-рэсурсах, новых інтэрнэт-часопісах, шматлікіх перакладах, іншых ініцыятывах. І калі пазбаўляцца палітыканства ў яго кандовым разуменьні, то гэта можа быць вельмі плённы шлях.

Жбанкоў: Я лічу, што параўноўваць з той адлігай няслушна, бо там былі рэакцыі на палітычныя трансфармацыі сыстэмы, якіх мы цяпер ня маем. Калі ж тую адлігу ўзгадваць, дык варта памятаць, чым яна скончылася. Сёньня ж культура патрабуе адкрыцьця межаў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG