Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка «Маршу студэнтаў» Глеба Вайкуля адлічаюць з унівэрсытэту


Глеб Вайкуль на акцыі пратэсту студэнтаў 2 сьнежня

Глеб Вайкуль на акцыі пратэсту студэнтаў 2 сьнежня

Удзельніка «Маршу студэнтаў», студэнта 2-га курсу філялягічнага факультэту БДУ Глеба Вайкуля зьбіраюцца адлічыць з навучальнай установы. Яго прозьвішча адміністрацыя ўнесла ў сьпіс студэнтаў на адлічэньне. Гэта адбылося пасьля таго, як Глебу Вайкулю не паставілі залік па псыхалёгіі літаратурнай творчасьці.

Глеб Вайкуль распавёў карэспандэнту Свабоды, што падчас сэсіі выкладчыца Тацяна Шамякіна яму не паставіла залік, які бальшыні студэнтаў ставіўся «аўтаматам». 5 студзеня Глеб здаваў залік камісіі, якую ўзначальвала Тацяна Шамякіна. Але і другім разам залік не атрымаў.

«Сёньня я размаўляў з дэканам, які пацьвердзіў, што ўжо нельга нешта зьмяніць, усё занесена ў кампутар і новую ведамасьць зрабіць нельга, і больш камісія ня будзе зьбірацца. Вэрдыкт вынесены. То бок пастанова аб маім адлічэньні ўжо ў дэканаце, і яна будзе падпісаная афіцыйна ў панядзелак. Я буду гэта абскарджваць і рыхтую зварот у адміністрацыю БДУ і ў Міністэрства адукацыі, каб была склікана незалежная камісія зь іншым выкладчыкам, каб была магчымасьць празрыстай здачы гэтага заліку. Бо мне пастаўлена неаб’ектыўная адзнака.

Курс лекцыяў па псыхалёгіі літаратурнай творчасьці ўведзены ўпершыню, але ніякіх цяжкасьцяў у мяне зь ім не было, я ведаю прадмет і лічу, што я яго здаў камісіі. Але мне не паставілі залік зь нейкіх іншых прычын. Па рэакцыі іншых сяброў камісіі было відаць, што яны ня супраць паставіць мне станоўчую адзнаку. Аднак Шамякіна была не задаволеная і пачала пытацца не па прадмеце, сыходзіла ў іншы бок. Але і на гэтыя пытаньні ў мяне быў адказ. Высновы камісіі былі абсалютна неаб’ектыўныя, і я буду іх абскарджваць. Але бяз гэтага заліку я не дапушчаны да экзамэнаў».

Відаць, я нанёс ёй асабістыя крыўды сваімі поглядамі

Глеб Вайкуль не выключае, што падставай для такіх захадаў стаў ягоны ўдзел у студэнцкай акцыі пратэсту.

«Безумоўна, гэта ўсё ня проста так. Былі заўвагі, што я ня здам гэтую сэсію, але я не чакаў, што гэта будзе менавіта на гэтым заліку. Таксама Тацяна Шамякіна рабіла акцэнт на маёй грамадзкай актыўнасьці, адхрышчвалася ад усялякіх маіх ідэй, і, відаць, я нанёс ёй асабістыя крыўды сваімі поглядамі».

Акцыя пратэсту «Марш студэнтаў» прайшла ў Менску 2 сьнежня. Ад адміністрацыі БДУ студэнты патрабавалі права на ўдзел у кіраваньні ВНУ і адмены платных пераздачаў залікаў і іспытаў. Акцыя пратэсту сабрала каля сотні ўдзельнікаў, на некаторых міліцыянты склалі адміністратыўныя пратаколы.

Глеба Вайкуля суд пакараў штрафам за парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў на 18 базавых велічынь (3 240 000 рублёў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG