Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў абвінавачвае Маскву ў фінансаваньні міжнароднага тэрарызму


Украіна абвінавачвае Расею ў фінансаваньні міжнароднага тэрарызму і ў парушэньні канвэнцый ААН.

Міжнародны суд ААН апублікаваў дэталі пазову Ўкраіны да Расеі. Кіеў просіць суд прызнаць, што Расея — пры пасярэдніцтве сваіх дзяржаўных органаў, службовых асоб, а таксама іншых грамадзян і кампаній — парушыла абавязацельствы ў рамках Канвэнцыі супраць фінансаваньня тэрарызму, перадаючы грашовыя сродкі, зброю і аказваючы дапамогу ў падрыхтоўцы незаконных узброеных фарміраваньняў на ўсходзе Ўкраіны, якія ўдзельнічаюць у зьдзяйсьненьні тэрарыстычных актаў.

У сьпісе — «ДНР», «ЛНР», гурт «Харкаўскія партызаны» і зьвязаныя зь імі групы і асобы.

Ва ўкраінскім пазове вылучана таксама мноства прэтэнзій да Расеі, якія тычацца парушэньня правоў крымскіх татараў.

«Якія ключавыя парушэньні? — патлумачыў сутнасьць гэтых прэтэнзій міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін сёньня на брыфінгу ў Кіеве. — Гэта забойства і зьнікненьне вялікай колькасьці крымскататарскіх актывістаў, прымусовая высылка выбітных крымскататарскіх лідэраў, забарона дзейнасьці Мэджлісу крымскататарскага народу, забарона правядзеньня мірных сходаў, закрыцьцё крымскататарскіх і ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі ды навучальных установаў — гэта менавіта тое, што зьяўляецца сутнасьцю любой дэмакратычнай краіны».

Украіна разьлічвае на прызнаньне Міжнародным судом ААН факту парушэньня Расеяй міжнароднага права ў дачыненьні да Крыму, а таксама на аднаўленьне і кампэнсацыю стратаў у сувязі з анэксіяй Крымскай паўвыспы.

«Мы хочам, каб сьвет, а ў дадзеным выпадку — Міжнародны суд ААН, які зьяўляецца вышэйшай міжнароднай прававой інстанцыяй — выразна сказаў, што Расея парушыла міжнароднае права, але потым мы хочам рэстытуцыі сваіх правоў, парушаных Расеяй, і, вядома, адпаведнай кампэнсацыі», — заявіў Паўло Клімкін.

У лістападзе 2016 году Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой Расея прызнаецца дзяржавай-акупантам, а Крым і Севастопаль — часова акупаванымі тэрыторыямі. У дакумэнце, акрамя іншага, асуджаецца парушэньне правоў чалавека ў Крыме, у тым ліку крымскіх татараў і ўкраінцаў. У Крамлі назвалі дзеяньні ААН «неабʼектыўнымі і прадузятымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG