Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клёпа, чаму мяне Божачка ня любіць?» Гісторыя акторкі, якая працуе клоўнам у дзіцячым анкалягічным шпіталі


Чацьвёрты год дзьве акторкі з Тэатру лялек працуюць клоўнамі ў Цэнтры дзіцячай анкалёгіі. Пра вельмі дарослыя пытаньні, якія задаюць ім дзеці, і пра тое, як памагае беларуская мова, Дзіна Іванова (Доктар Клёпа) распавяла Свабодзе.

Я працую пультам: пераключаю дзетак і іхніх бацькоў з сумнага канала на вясёлы

Мы працуем у дзіцячым хосьпісе ў Бараўлянах пры супрацоўніцтве з швайцарскім фондам «Тэадора». Наша праца называецца «доктар-клоўн». Мы працуем у белых халатах, як у дактароў. Толькі нашы — асаблівыя. На сьпіне напісаныя нашы імёны: я доктар Клёпа, а Яна Агеенка — доктар Янка. Пад гэтымі імёнамі нас там і ведаюць.

Калі быў кастынг, у нас пыталі, чаму мы хочам гэтым займацца. Я адказала, што ўсё жыцьцё я дарыла радасьць здаровым дзеткам, якія могуць прыйсьці ў тэатар. А цяпер я б хацела, каб тэатар прыйшоў да дзяцей, якія, на жаль, абдзеленыя ўсім.

Для сябе я вырашыла — я працую пультам і пераключаю дзетак і іхніх бацькоў з сумнага канала на вясёлы й сьмешны. Дапамагаю ім эмацыйна пераключыцца, зрабіць так, каб яны ўсьміхаліся, сьмяяліся.

Не заўжды гэта атрымліваецца. Часам дзіця ляжыць у палаце пасьля кропельніцы і лазэрнага абпраменьваньня — яно ну проста ніякае! І ты падыходзіш да яго, гладзіш па ручцы, пачынаеш гуляцца з цацкамі, каб неяк адцягнуць яго ўвагу ад болю.

Кожны доктар-клоўн мае свой вобраз. Я — Клеапатра, але пакуль маленькая, а таму мяне клічуць Клёпа. У мяне ёсьць сабачка, вельмі падобны да жывога, і пісталет. Як я кажу, мой пісьцік.

Дзіна Іванова (справа) і Яна Агеенка (зьлева) працуюць разам і ў Тэатры лялек і пры фондзе «Тэадора»

Дзіна Іванова (справа) і Яна Агеенка (зьлева) працуюць разам і ў Тэатры лялек і пры фондзе «Тэадора»

Вобраз маёй калегі — вясковая цётачка. На яе строі — кветачкі, матылькі, пчолкі, багоўкі. Доктар Янка прыскоквае ў палату на козачцы.

Часам яна пераходзіць на беларускую мову, і нават на трасянку. І калі дзеці, асабліва мамы, чуюць родную мову, Янка адразу становіцца для іх родным чалавекам. Да яе падсядаюць, пачынаюць размаўляць. Мамы таксама пераходзяць на трасянку, так яны вяртаюцца ў свой сьвет, у сваё дзяцінства. Магчыма, у сваё маленькае мястэчка, зь якога яны родам. І хоць Доктар Янка нясе нейкую бздуру пра рыбалку й грыбы, ёй давяраюць.

Я бачыла ўсьмешку дзіцяці, якое ўжо адыходзіць

Часам праз гульню атрымліваецца неяк адцягнуць увагу дзяцей ад іхняга болю ці ўгаварыць дзіця хоць нешта зьесьці. Але звычайна размовы пра ежу — гэта табу. Бо калі дзіця адпраўляюць на абпраменьваньне, гэта значыць, што тры дні яму нельга нічога есьці.

У цэнтры дзіцячай анкалёгіі паўсюль — клоўны

У цэнтры дзіцячай анкалёгіі паўсюль — клоўны

А калі яно вярнулася з працэдуры, у яго ўся сьлізістая абалонка абпаленая: ссохлыя вусны, чорны язык. І яму вельмі балюча глытаць. І калі праз гульню ўдаецца ўгаварыць хоць нешта зьесьці, мы бачым удзячныя вочы маці ў сьлязах.

У дзяцей строгая дыета, і ім шмат чаго нельга есьці. Аднойчы ў дзяўчыны ў аддзяленьні трансплянталёгіі я спытала, пра што яна марыць. І праз шкло, за якім яна сядзіць, яна намалявала сала.

Ёсьць іншыя табу. Калі нас рыхтавалі да працы, то папярэдзілі, што пра многія рэчы нельга гаварыць. Нельга пытаць «Дзе твае мама й тата?» Можа, у дзіцяці няма нікога. Ні ў якім разе нельга іх шкадаваць — зь імі трэба размаўляць, як са звычайнымі дзецьмі.

Аднойчы быў выпадак. Чарговы абвал рубля, усе бегаюць з гэтымі грашыма. А я ў той дзень была ў дзіцячым хосьпісе. І там ляжыць хлопчык, ён ужо адыходзіць. І мне кажуць, каб я нават да яго не заходзіла. А я пазнала яго — памятала яшчэ па шпіталі. Ён ляжыць у найцяжэйшым стане: увесь у трубачках, ледзь галавой варушыць.

Але я зайшла ды пачала гаварыць зь ім. І ён пазнаў мяне па голасе. Зь вялікімі высілкамі павярнуў голаў, ледзь-ледзь сфакусаваў вочы на мне. А я працягвала нешта гаварыць яму, і тады ён усьміхнуўся. Для мяне тая ўсьмешка дзіцяці, якое ўжо адыходзіць, каштавала ўсіх грошай на сьвеце.

У адзьдзяленьні трансплянтацыі зь дзецьмі можна гаварыць толькі па тэлефоне: у палаце маюць быць стэрыльныя ўмовы

У адзьдзяленьні трансплянтацыі зь дзецьмі можна гаварыць толькі па тэлефоне: у палаце маюць быць стэрыльныя ўмовы

Калі я выйшла, на калідоры стаялі прадстаўнікі зь Нямеччыны. Яны бачылі ўсё гэта й плакалі. Яны намагаліся нешта казаць мне, дзякавалі і плакалі. А я была настолькі спустошаная, што сказала: «Ведаеце, вас супакойваць я ўжо ня буду. Давайце адзін — у левы кут, другі — у правы». І гэтак таксама вывела іх з складанага стану.

Дзеці задаюць вельмі дарослыя пытаньні, на якія ня ведаеш, як адказаць

Як разьвесяліць цяжкахворых дзяцей? Гэта можна зрабіць вельмі простымі ды дурнымі спосабамі. Заходзім часам зь Янай у палату, а там усе сядзяць, утаропіўшыся ў ноўтбукі ды пляншэты. Мы разумеем, што дзеці ня пойдуць на кантакт, і пачынаем імправізаваць, дурэць. Празь нейкі час яны пачынаюць асьцярожна паглядаць на нас, пакуль нарэшце не засьмяюцца, пераключацца з кампутараў на нас.

Клоўны дурэюць, каб адцягнуць увагу дзяцей ад болю

Клоўны дурэюць, каб адцягнуць увагу дзяцей ад болю

Нас часта клічуць, калі дзіцяці трэба зрабіць нейкую балючую працэдуру і яно ажно крычыць ад болю. І ты тады крычыш разам зь ім, але дурным голасам, каб яму стала сьмешна.

Але як бы мы іх ні весялілі, дзеці ў такіх шпіталях вельмі рана становяцца дарослымі, вельмі рана задаюць сур’ёзныя пытаньні, на якія часам няма як адказаць. Аднойчы маленькая дзяўчынка чатырох год, што хадзіла ўвесь час з кропельніцай, узяла маю руку, паглядзела ў вочы й спытала: «Клёпа, а чаму мяне Божачка ня любіць? Хіба я нешта дрэннае зрабіла? Калі й так, я ж незнарок. Калі й так, я ж ня ведала, я не хацела! Чаму ён мяне ня любіць, чаму я хварэю?»

Калі б гэта быў першы год маёй працы, я б разгубілася. Я б упала на падлогу ды раўла. Але швайцарцы нас шмат чаму навучылі. І я адказала дзяўчыне: «Дашачка, я на гэтае пытаньне ня ведаю, як адказаць. Але адну рэч я ведаю дакладна-дакладна. Я цябе вельмі люблю й ты для мяне вельмі важная».

Нам кажуць, што нельга прывязвацца. Але ты ўсё адно прывязваесься, і калі прыходзіш чарговым разам, а табе кажуць, што дзіця ўжо адышло, становіцца вельмі балюча.

Мамы для мяне — вялікія дзяўчаткі, таты — вялікія хлопчыкі

Мы размаўляем ня толькі зь дзецьмі, але й з бацькамі. Вось стаіць маладзенькая матуля. Ёй 20 год, а яе 3-месячнаму дзіцяці ўжо паставілі дыягназ — анкалёгія. Ты бачыш звар’яцелыя вочы й разумееш, што трэба яе неяк зварухнуць з гэтай кропкі.

Тады я пачынаю задаваць ёй розныя ненармальныя пытаньні: «Колькі ўнукаў ты гатовая выгадаваць? Ты ведаеш, што падгузьнікі дарагія? Ты думаеш, як твайму дзіцяці на ўсіх дзяцей купіць падгузьнікі? Або ты скнара?» Так я стараюся пераключыць яе на будучыню.

З бацькамі я размаўляю ў вобразе. Мамы для мяне — вялікія дзяўчаткі, таты — вялікія хлопчыкі. Я заходжу ў палату й пытаю ў дзяцей: «Вось гэтая вялікая дзяўчынка, ці добра яна сябе сёньня паводзіла? І зубы пачысьціла? І не хуліганіла? Ня трэба яе ў кут ставіць?» Маці ўсьміхаецца й на нейкі час выключаецца са сваёй бяды.

Тое самае й зь дактарамі. Неяк мы выйшлі пакурыць з галоўурачом. А ён толькі паўтарае: «Ён не павінен быў памерці». У яго вочы поўныя сьлёз, сьпіна мокрая. Ён чатыры гадзіны стараўся рэанімаваць хлопчыка, які йшоў на папраўку. Але ў нейкі момант нешта пайшло ня так.

І вось стаіць галоўурач, дрыжыць, па шчоках сьлёзы цякуць. Яны ўсе там толькі гэтым і жывуць, але калі бачаць нас, клоўнаў, адразу ўсьміхаюцца. Мы іх таксама пераключаем на іншы канал.

У сьвеце шмат рэчаў, якія трэба пасьпець зрабіць

На жаль, у нас не праводзяцца дасьледаваньні, як адбываецца паляпшэньне здароўя. А за мяжой гэта ўжо даўно высьветлілі. У прыватнасьці, у Ізраілі праводзяць шмат экспэрымэнтаў, якія пацьвярджаюць: псыхалягічны настрой наўпрост уплывае на выздараўленьне. І ўсьмешка — гэта вельмі важная таблетка. І гэта наша праца — быць такой таблеткай.

Старэйшыя калегі навучылі Дзіну й Яну рабіць цацкі з балёнікаў

Старэйшыя калегі навучылі Дзіну й Яну рабіць цацкі з балёнікаў

А вось адкуль звычайным людзям браць гэтыя ўсьмешкі? У нашай цудоўнай краіне не сустрэнеш чалавека з усьмешкай. Усе ідуць па вуліцах з каменнымі тварамі, заклапочаныя нечым. І калі ты каму-небудзь усьміхнесься, падумаюць, што ты ці знаёмая нейкая, ці дурная. Як можна жыць з такім настроем?

А яшчэ ж трэба самім гэта ўсё перажываць. Мы вось у тэатры падсілкоўваемся. Тут увесь час здараюцца нейкія сьмешныя рэчы падчас рэпэтыцыяў, а таму ты ідзеш у шпіталь ужо з добрым настроем, якім хочацца падзяліцца.

Увесь час трэба неяк пра нешта новае даведвацца: прачытаеш кніжку цікавую, што-небудзь неверагоднае ў інтэрнэце знойдзеш, пра што потым распавядзеш дзецям. Мы самі такім чынам разьвіваемся. Бо каб нечым падзяліцца, трэба мець. А каб мець, трэба шукаць. І гэта такі бясконцы працэс.

А калі выходзіш са шпіталя — губляеш вельмі шмат эмацыйна. І тут ужо трэба ўмець аднавіцца. Я вось штораз гуляю ў прэфэранс на кампутары. Пэўны час трэба, каб мяне ніхто не чапаў. Так мой мозг пераключаецца на іншы лад. Таксама ў мяне ёсьць пухнаты кот Томас — самы сапраўдны антыстрэс.

У адзьдзяленьні транспанталёгіі

У адзьдзяленьні транспанталёгіі

А Яна ходзіць на прыроду. Яна можа абняць любімае дрэва, пайсьці ў грыбы. Так ты пачынаеш разумець, што сьвет цудоўны й у ім шмат рэчаў, якія трэба пасьпець зрабіць. Паназіраць, як узыходзіць сонца, пагаварыць са сваім рэхам увечары.

Дрэва жыцьця ў цэнтры

Дрэва жыцьця ў цэнтры

Пасьля анкалёгіі наша сьветаўспрыманьне вельмі зьмянілася. Мы сталі па-іншаму ставіцца да многіх рэчаў. Шмат што ў жыцьці можна зьмяніць. Нешта зламалася, дык і халера зь ім, можа, табе гэтая рэч і не патрэбная зусім. А іншыя рэчы ты зьмяніць ня ў стане, але можаш трошкі дапамагчы, аблягчыць чалавеку адыход.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG