Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы сьледчы-хабарнік, які хаваўся ў Расеі, атрымаў 9 гадоў турмы


Георгі Жук на месцы падсуднага

Георгі Жук на месцы падсуднага

Менскі абласны суд 19 кастрычніка абвясьціў вырак па справе былога намесьніка начальніка папярэдняга сьледзтва ГУУС Менгарвыканкаму Георгія Жука.

Георгі Жук прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры і прысуджаны да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама прынята рашэньне аб канфіскацыі маёмасьці — аўтамабіля «Мэрсэдэс-Бэнц», гаража ў Менску, вінтоўкі, пісталета, патронаў, якія належалі падсуднаму. Паводле рашэньня суду Жук пазбаўлены званьня палкоўніка міліцыі, на працягу пяці гадоў ён ня можа быць прадстаўніком улады. Акрамя таго, ён павінен выплаціць 80 тысяч даляраў, атрыманых незаконным шляхам, паведамляе БелаПАН.

Георгія Жука абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў 80 тысяч даляраў.

Паводле сьледзтва, былы міліцыянт за ўзнагароджаньне абяцаў дапамагчы літоўскаму бізнэсоўцу ў спыненьні расьсьледаваньня крымінальнай справы аб нелегальных пастаўках касмэтыкі ў Беларусь.

Хабар былы супрацоўнік міліцыі атрымаў у 2005 годзе. Іншыя абвінавачаныя па гэтай справе, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, былі асуджаныя яшчэ ў 2006 годзе. Жук амаль дзесяць гадоў хаваўся ў Расеі. Сваёй віны ён не прызнаў, заявіў, што былыя калегі яго агаварылі.

У 2005 годзе Георгі Жук быў намесьнікам начальніка ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму. Абвінавачаны патлумачыў у судзе, што пасада кіраўніка на той час была вакантная, таму ён і лічыўся галоўным сьледчым сталіцы.

Дапамагчы літоўскаму бізнэсоўцу, які меў праблемы з праваахоўнымі органамі ў Беларусі, ён абяцаў за 150 тысяч даляраў. Аднак атрымаў толькі частку гэтых грошай — 80 тысяч. За гэта, — піша БелаПАН, — партнэр літоўца, у якога былі сувязі ў Адміністрацыі прэзыдэнта, абяцаў дапамагчы міліцыянту застацца пры пасадзе.

Абвінавачанага дапыталі ў адкрытым судовым пасяджэньні. Аднак допыт сьведак і дасьледаваньне пісьмовых матэрыялаў справы праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, бо там фігуравалі дакумэнты, якія маюць грыф «Для службовага карыстаньня».

XS
SM
MD
LG