Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьракетны шчыт НАТО: Беларуская хата ня з краю


Амэрыканская антыракетная база Aegis Ashore у Дэвэсэлу, Румынія
Амэрыканская антыракетная база Aegis Ashore у Дэвэсэлу, Румынія

Каму павялічыў бясьпеку амэрыканскі супрацьракетны шчыт? Як зрэагуе Беларусь на пабудову аб’ектаў супрацьракетнай абароны НАТО ў Румыніі і Польшчы? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Ян Максімюк

Максімюк: 12 траўня ЗША ўвялі ў дзеяньне ў Румыніі першы аб’ект гэтак званага глябальнага супрацьракетнага шчыта. Гэты аб’ект, які знаходзіцца на авіябазе Дэвэсэлу, зьяўляецца часткай ахоўнага парасону ад Грэнляндыі да Азорскіх астравоў і накіраваны, паводле афіцыйнай вэрсіі, супраць іранскіх ракетаў. Аб’ект у Румыніі здольны зьбіваць ракеты так званых дзяржаваў-ізгояў, якія, на думку Вашынгтону, аднойчы змогуць дасягнуць буйных эўрапейскіх гарадоў.

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па кантролі над узбраеньнямі Фрэнк Роўз заявіў у Румыніі, што Іран працягвае распрацоўваць, выпрабоўваць і разгортваць поўны спэктар балістычных ракетаў, і іх магчымасьці адносна дальнасьці і дакладнасьці ўсё павялічваюцца. Паводле ацэнкі Роўза, іранскія ракеты ўжо цяпер могуць дасягаць некаторых частак Эўропы, уключаючы Румынію.

Расея лічыць гэтую сыстэму супрацьракетнай абароны спробай нівэляваць яе ядзерную зброю, хоць пры гэтым заяўляе аб здольнасьці пераадолець сыстэму супрацьракетнай абароны ЗША. Масква лічыць, што ўвядзеньне ў дзеяньне сыстэмы супрацьракетнай абароны Злучаных Штатаў у Румыніі наўпрост закранае інтарэсы нацыянальнай бясьпекі Расеі.

На гэтыя засьцярогі Масквы адказваў Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцьця супрацьракетнага шчыта ў Румыніі. Стольтэнбэрг сказаў, сярод іншага:

«Сыстэма супрацьракетнай абароны НАТО ня можа зьбіваць расейскія міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты з Румыніі або з Польшчы. Наша сыстэма прызначана для прадухіленьня пагроз звонку эўраатлянтычнага рэгіёну. Мы ясна казалі пра гэта Расеі шмат разоў».

Стольтэнбэрг згадаў Польшчу, бо сёньня, 13 траўня, ЗША пачнуць закладку апошняга аб’екту ў паўночнай частцы Польшчы, у вёсцы Радзікова, які мае быць гатовы да канца 2018 году і завяршыць будаўніцтва супрацьракетнага шчыта, упершыню прапанаванага амаль дзесяць гадоў таму. Гэты шчыт уключае караблі і радары па ўсёй Эўропе і будзе перададзены пад кантроль НАТО ў ліпені сёлета.

Я думаю, калегі, што нам варта тут коратка прыгадаць гісторыю пабудовы гэтай вайсковай сыстэмы. Нагадаю, што гэта яшчэ адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага падпісала дамовы з Польшчай і Чэхіяй аб разьмяшчэньні ў гэтых краінах элемэнтаў супрацьракетнай абароны. Дамова з Польшчай прадугледжвала сярод іншага, што ў краіне будзе разьмешчаная база 10 амэрыканскіх ракет-перахопнікаў балістычных ракет далёкага радыюсу дзеяньня. А ў Чэхіі амэрыканцы зьбіраліся пабудаваць радыёлякацыйную станцыю (радар).

Канешне, і тады Масква сустрэла гэты плян у штыхі. А ў саміх Злучаных Штатах неўзабаве новым прэзыдэнтам стаў Барак Абама, які падчас свайго першага тэрміну паспрабаваў палепшыць адносіны з Расеяй. Помнім, што ў свой час шмат гаварылася аб гэтак званай палітыцы «перазагрузкі» ва ўзаемаадносінах ЗША і Расеі. Але гэтае слова — перазагрузка — зьнікла з палітычнага слоўніка пасьля расейскай інтэрвэнцыі ў Грузіі ў 2008 годзе. Тады Вашынгтон вярнуўся да плянаў пабудовы супрацьракетнага шчыта. Але крыху зьмянілася лякалізацыя гэтай сыстэмы. У траўні 2011 году прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску заявіў, што Румынія і Злучаныя Штаты дамовіліся разгарнуць элемэнты супрацьракетнай абароны на авіябазе Дэвэсэлу на поўдні краіны, за 30 кілямэтраў ад мяжы з Баўгарыяй. Значыць, тады выпала Чэхія, але засталася па-ранейшаму Польшча.

Варшава ўвесь час патрабавала большай прысутнасьці натаўскіх войскаў у краіне, і гэтыя патрабаваньні значна памацнелі пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2013 годзе. У 2010 годзе ЗША часова разьмясьцілі ў Польшчы батарэю ракетаў «зямля-паветра» Patriot, непадалёк ад мяжы з Калінінградзкай вобласьцю. А цяпер у згаданым Радзікове пачынаецца пабудова аб’екту сталага базаваньня такіх ракетаў. І хоць афіцыйна гаворыцца аб абароне ад ракетаў дзяржаваў-ізгояў, некаторыя польскія СМІ адкрыта пішуць, што ў Польшчы будуецца супрацьракетны шчыт, які ў першую чаргу мае бараніць краіну ад расейскай ракетнай атакі. Калі яшчэ ў 2010 годзе такія галасы ўспрымаліся, мякка кажучы, зь недаверам, дык пасьля падзеяў 2013-2014 гадоў ва Ўкраіне большасьць палякаў ужо ня схільная лічыць такую пагрозу зусім уяўнай.

Калегі, у сувязі з гэтымі палітычнымі заявамі і падзеямі ў сфэры глябальных узбраеньняў, я хацеў бы ў вас запытаць пра тое, а што яны значаць для Беларусі? Ці застанецца «наша хата з краю», ці ўсё ж і Беларусь будзе вымушаная рэагаваць на гэтую новую вайсковую архітэктуру і інфраструктуру ў Эўропе? Нагадаю, што ў 2009 годзе Расея і Беларусь падпісалі дамову аб гэтак званай адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны. У той час Менск заяўляў, што гэтая дамова не зьяўляецца адказам на разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны НАТО ў Эўропе. Што цяпер будзе гаварыць Менск у адказ на гэтыя вайсковыя аб’екты НАТО ў Румыніі і Польшчы?

Для мяне несумненна, што ў палітычную гісторыю Эўропы вярнуліся часы гэтак званай халоднай вайны, як у палітычнай рыторыцы, так і ў канкрэтных дзеяньнях. Я добра помню тыя часы, бо мне тады было столькі гадоў, колькі сягоньня Ігару. Мабыць, і вы, Уладзімер, таксама добра помніце часы халоднай вайны. Адно добрае, што магу сказаць пра тыя часы — гэта тое, што халодная вайна не ператварылася ў гарачую. Я спадзяюся, што гэты новы час не настолькі шалёны, каб давесьці сьвет да збройнага канфлікту. Але поўнай упэўненасьці, што гэта немагчыма, у мяне сёньня няма. А што вы думаеце, калегі?

Ільяш: Наша хата з краю, на жаль, не застанецца, і гэта відавочна. Я б тут зьвярнуў увагу на нядаўнюю заяву намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Валянціна Рыбакова агульны сэнс якой быў такі: маўляў, НАТО нам ня вораг, але на пашырэньне альянсу мы будзем рэагаваць «у тым ліку і ў сілу нашых абавязаньняў у ваеннай сфэры ў рамках Саюзнай дзяржавы». Сапраўды абавязаньне ёсьць: у ваеннай сфэры Беларусь моцна прывязана да Расеі —здаецца, нават больш моцна, чым у сфэры эканамічнай.

Вайсковыя аналітыкі ўжо даўно адзначалі, што разгортваньне эўрапейскага эшалёну супрацьракетнай абароны Расея імкнецца выкарыстоўваць для нарошчваньня ўплыву ў блізкім замежжы. Відавочна, не зьбіраецца адмаўляцца ад гэтай практыкі Масква і цяпер. Таму нельга выключаць зьяўленьня нейкіх вайсковых ініцыятыў Расеі з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі. У сувязі з гэтым трэба канстатаваць, што ўмацаваньне эўрапейскай бясьпекі Беларусі пойдзе хутчэй не на карысьць, а на шкоду — на жаль, сёньня мы зьяўляемся ня ўсходняй мяжой Эўропы, а заходняй мяжой Расеі.

Зь іншага боку я б не перабольшваў значнасьць пытаньняў супрацьракетнай абароны ў кантэксьце сёньняшняй міжнароднай бясьпекі. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што якой бы агрэсіўнай не была палітыка Крамля, да адкрытай паўнавартаснай вайны ў Эўропе яны не гатовы. А вось разьвязаць гібрыдную вайну расейцы сапраўды могуць — дарэчы праблема гібрыдных войнаў знайшла сваё адлюстраваньне і ў заявах кіраўніцтва НАТО, і нават у новай ваеннай дактрыне Беларусі. Іншае пытаньне, што гібрыдная вайна можа перарасьці ў вайну звычайную поўнамаштабную, бо вайна мае сваю лёгіку і палітычныя лідэры нярэдка самі становяцца закладнікамі сваіх рашэньняў. Дый наагул гвалт гэта ж не цукеркі, яго роўна не адсыплеш — тут можа здарыцца і перабор.

Калі ж, працягваючы гэтую думку, казаць наагул пра пэрспэктывы перарастаньня новай халоднай вайны ў гарачую, то мне падаецца, што залежыць усё будзе выключна ад адной асобы — Уладзіміра Пуціна. У XXI стагодзьдзі разьвязаць вялікую вайну ў Эўропе можа толькі чалавек не зусім адэкватны сучасным рэаліям. А як сказала ў самы разгар украінскага крызісу канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, расейскі лідэр страціў «сувязь з рэальнасьцю» і знаходзіцца «ў іншым сьвеце». У гэтым і ёсьць галоўная пагроза для бясьпекі ў Эўропе, бо аргумэнты здаровага сэнсу з чалавекам, які страціў «сувязь з рэальнасьцю», не заўсёды дзейнічаюць — і, на жаль, гэты чалавек цяпер кіруе ядзернай дзяржавай.

Глод: Канечне, хацелася б, каб халодная вайна ні ў якім разе, ні ў якім выпадку не перарасла ў гарачую. Будзем спадзявацца, што да таго справа не дойдзе.

А што тычыцца нашай, беларускай хаты, то, я думаю, што ў беларускага кіраўніцтва ёсьць пэўныя магчымасьці для манэўру. З аднаго боку, Ян Максімюк мае рацыю, калі адзначае, што ў 2009 годзе Расея і Беларусь падпісалі дамову аб гэтак званай адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны. З другога боку, дагэтуль на падпісаны падобны, але больш пашыраны дакумэнт, які ахопліваў бы ўсе сфэры вайсковай супрацы. І як раз гэта дае афіцыйнаму Менску магчымасьці ўхіліцца ад канкрэтных заяваў, а тым болей дзеяньняў. Хоць гэта будзе і складана. Бо, зразумела, Масква будзе настойваць на больш выразнай пазыцыі свайго партнэра па так званай Саюзнай дзяржаве.

Але слова партнэр (больш дакладна — партнэрства) Беларусь ужывае і ў дачыненьнях з НАТО, паколькі яна ўдзельнічае ў натаўскай праграме «Партнэрства дзеля міру». Дарэчы паўтара месяца таму ў Менску прайшлі кансультацыі прадстаўнікоў беларускіх Узброеных сіл з дэлегацыяй Паўночнаатлянтычнага альянсу. Пасьля іх завяршэньня прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла даволі аптымістычны матэрыял. У ім паведамлялася, што «абмеркаваны праект новага пакета мэтаў партнэрства на чарговы двухгадовы пэрыяд, удакладнены шэраг практычных пытаньняў па іх рэалізацыі, а таксама намечаны шляхі па ўдасканаленьні каардынацыі ўзаемадзеяньня паміж Міністэрствам абароны і структурнымі падразьдзяленьнямі альянсу».

У НАТО галоўнай краінай фактычна зьяўляюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі. І тут зьвяртае на сябе ўвагу разьвіцьцё менавіта вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЗША.

У сьнежні 2015 году дэлегацыі міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША правялі кансультацыі. Сёлета ў Беларусі пабываў прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША Майкл Карпэнтэр. Яго прымаў Аляксандар Лукашэнка. Тады палітолягі адзначалі: тое, што кіраўнік Беларусі прыняў намесьніка памочніка міністра абароны ЗША, паказвае зацікаўленасьць беларускага кіраўніцтва ў тым, каб размарозіць адносіны з ЗША. Бо тая пасада, якую займае амэрыканскі чыноўнік, — не прэзыдэнцкага ўзроўню. Спадар Карпэнтэр таксама правёў сустрэчу зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым. Бакі абмеркавалі абмен вайсковымі аташэ ў абедзьвюх амбасадах. І гэта вельмі важны сыгнал.

Варта нагадаць, што апошнія два гады, з пачаткам украінскага крызісу, беларускае кіраўніцтва значна большую ўвагу стала надаваць вытворчасьці ўласных узбраеньняў. Гэта адбываецца на тле таго, што Расея адмаўляецца пастаўляць Беларусі найноўшую зброю. Прычым у гэтым пляне Беларусь актыўна супрацоўнічае з Украінай, Кітаем і вось цяпер і з ЗША. Гэта наўрад ці выклікае вялікае захапленьне ў Масквы. Але ж Менск ідзе на такі крок.

Таму і цяпер у беларускіх уладаў, на маю думку, ёсьць магчымасьць манэўраваць, робячы закіды то ў бок Расеі, то ў бок НАТО.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG