Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які саюз пісьменьнікаў уступіць Лукашэнка?


Раптоўнага паўстаньня на мінулым зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі не адбылося – ягонага старшыню пераабралі на другі тэрмін. Прычым перавыбары тыя сталі трыюмфальнымі для Мікалая Чаргінца – за яго прагаласаваў 461 дэлегат, адзін выказаўся супраць і трое ўстрымаліся. З чым і віншую пераможцу і ўвесь гэтак адданы яму СПБ. Такога адзінства ў пісьменьніцкіх шэрагах ня змог дамагчыся ніводзін папярэдні старшыня. Нават у савецкія часы пры Максіму Танку сякое-такое іншадумства дазвалялася. А ў сёньняшнім СПБ, як у войску: “Вы – за?” – “Так точна, таварыш генэрал!”

Але, як выглядае, і ў Чаргінца неўзабаве можа зьявіцца моцны канкурэнт. На нядаўняй сустрэчы зь пісьменьнікамі Аляксандар Лукашэнка прыгадаў, што і сам у маладосьці вершыкі папісваў. “А давайце мы іх апублікуем, а вас у наш саюз прымем”, – тут жа прагучала падхалімская прапанова.
Нават у савецкія часы пры Максіму Танку сякое-такое іншадумства дазвалялася. А ў сёньняшнім СПБ, як у войску: “Вы – за?” – “Так точна, таварыш генэрал!”

Прапанова падхалімская, але небеспадстаўная: пры жаданьні Аляксандар Лукашэнка можа хоць сёньня зарэкамэндавацца аўтарам некалькіх кніг (скажам, зборніка афарызмаў, старанна сабраных Уладзімерам Падголам), дый літаратурная прэмія імя Шолахава – ого які падмацунак. І вось калі такі новы член зьявіцца ў СПБ, старшынёўскае крэсла з-пад Чаргінца само выскачыць і на ўсіх чатырох ножках перабяжыць самі ведаеце пад каго. Ня быць жа яму шараговым членам. Дый да павышанай грамадзкай нагрузкі яму не прывыкаць – Нацыянальным алімпійскім камітэтам вунь як кіруе! Лядовыя палацы па гарадах і мястэчках як грыбы растуць. Хай бы і Дамы літаратара па ўсёй Беларусі размнажаліся…

Уступіць у сцэмэнтаваныя любоўю да свайго старшыні шэрагі СПБ дастаткова проста. Паводле статуту, прэтэндэнт нібыта павінен мець за душой хоць адну ўласную кнігу. Але насамрэч – можна і бяз кнігі. Так прынялі, напрыклад, дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Ўладзіслава Мачульскага, які ні паэзіі, ні прозы аніколі не пісаў. Не пісаў, а чырвоную кніжачку з чаргінцоўскім подпісам мае. Колькі ў СПБ такіх творцаў, мне, шчыра кажучы, да лямпачкі. Гэта Мікалай Чаргінец увесь час падлічвае колькасны склад саюзу-канкурэнта.

Між іншым, калі ў Саюз пісьменьнікаў у далёкім ужо 1978 годзе ўступаў сам Чаргінец, разгляд прэтэндэнтаў быў куды больш прынцыповым.
Дайшло ня толькі да прысутных на тым паседжаньні, але і да кандыдата ў саюз. Мікалая Чаргінца тады з трэскам правалілі.

Падчас разгляду ягонай кандыдатуры ўстаў Іван Пташнікаў (які і тады меў вагомае імя, і сёньня яго ня страціў) і сказаў літаральна наступнае: “Я вельмі паважаю міліцыю і вельмі люблю чытаць дэтэктывы, але вось гэта “никакого касательства к литературе не имеет”1. Апошнія словы былі прамоўленыя па-расейску, трэба думаць, для большай даходлівасьці. Дайшло ня толькі да прысутных на тым паседжаньні, але і да кандыдата ў саюз. Мікалая Чаргінца тады з трэскам правалілі. А Іван Пташнікаў ужо ў незалежнай Беларусі так і не атрымаў заслужанага ім званьня народнага пісьменьніка. Дакумэнты на яго былі падрыхтаваныя і пададзеныя наверх, дзе ўсё і спынілася. Хадзілі чуткі, што перашкодзіў добрай справе нейкі ўплывовы чалавек ва ўладным атачэньні…

Можна падумаць, што я занадта прыдзірліва і тэндэнцыйна стаўлюся да Мікалая Чаргінца. Зусім не, і кніжкі ягоныя разам з блогерам Яўгенам Ліпковічам я не паліў і паліць не зьбіраюся. Паленьне кніг выклікае ў маёй сьвядомасьці тры гістарычныя паралелі: сярэдневяковую інквізыцыю (тады разам з кнігамі і людзей палілі), гітлераўскую Нямеччыну і сталінскі СССР, калі вогнішчы з кніг палалі і ў Менску, у дворыку “амэрыканкі”. Зразумела, што я не хачу, каб да такой барацьбы з іншадумствам вярнуліся ў Рэспубліцы Беларусь. Так што не прыдзірлівы я і не тэндэнцыйны. А вось Мікалай Чаргінец да маёй сьціплай асобы чамусьці даўно неабыякавы. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пачытаць афіцыйны сайт СПБ. Ці, скажам, дае Чаргінец інтэрвію “Белгазете” і раптам – ні з пушчы ні з поля – як выгукне: “Не нужен нам Михась Скобла!”2. Як быццам я днюю і начую на ганку абжытага Чаргінцом Дому літаратара – прыміце мяне ў ваш саюз чатырыста шэсьцьдзясят шостым членам! І памкненьня такога ў мяне не было. Так што, як кажуць у народзе, бі хоць таўкачом, абы было па чом. А няма па чым, дык схавай свой таўкач куды падалей.

Цяпер колькі словаў пра ўжо згаданую сустрэчу прадстаўнікоў прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас тае нарады ён некалькі разоў скіроўваў свой праведны гнеў супраць тых пісьменьнікаў зь незалежнага СБП, якія вось ужо пяць гадоў неяк абыходзяцца безь дзяржаўных ганарараў і нэкралёгаў у тыднёвіку “ЛіМ”. Кіраўнік краіны чамусьці называў іх сьвядомымі, у сувязі з чым мне хочацца зьвярнуцца да яго беспасярэдне.

Аляксандар Рыгоравіч, можа, вы ня ведаеце: сьвядомы – гэта сознательный, находящийся в сознании, ці, як у народзе кажуць, пры сваім розуме. Называючы сьвядомымі толькі пісьменьнікаў з СБП, вы псыхалягічна траўмуеце членаў чаргінцоўскага саюзу, бо атрымліваецца, што яны несьвядомыя, то бок нешта з галавой у іх не ў парадку. Ня злуйце вы іх. Пісьменьнікі – істоты помсьлівыя, і могуць пра вас зьедлівых эпіграмаў насачыняць.

Правільна вы наконт цэнзуры выказаліся. Не павінна яе быць. А яна, ліха на яе, завялася ў дзяржаўных выдавецтвах. Прывесьці прыклады? Можна і прыклады. Няхай вам міністар інфармацыі Праляскоўскі прынясе нядаўна выдадзеную выдавецтвам “Літаратура і мастацтва” кнігу “Уладзімер Караткевіч: вядомы і невядомы”. Там на старонцы 26 вы ўбачыце такі значок […]. Гэта і ёсьць сьлед цэнзуры. З кнігі была выкінутая цэлая старонка тэксту пра нейкага нячысьціка з берагоў Дняпра. Дык вось, цэнзары палічылі, што нячысьцік гэты – вы. Гэта ж дадумацца толькі! Уталкуйце вы ім, што рабіць так больш – нельга.

Існуе ў нашай краіне і найгоршы від цэнзуры – на імёны. Калі ў 2008 годзе ў выдавецтве
Сьледам за імёнамі вылецелі са слоўніка і цытаты з нашых твораў – больш за 500. Прафэсар назваў гэткую праполку свайго слоўніка “напорыстай, бескампраміснай і жорсткай цэнзурай”.

“Беларуская энцыкляпэдыя” рыхтаваўся да друку двухтамовы “Слоўнік фразэалягізмаў” прафэсара Івана Лепешава, зь яго пільнымі “энцыкляпэдыстамі” былі выкасаваныя наступныя пісьменьнікі: Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Астравец, Ларыса Геніюш, Сяргей Дубавец, Сяргей Законьнікаў, Аляксандар Лукашук, Вінцэсь Мудроў, Уладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Масей Сяднёў. Трапіў пад цэнзарскія нажніцы і аўтар гэтых радкоў. Сьледам за імёнамі вылецелі са слоўніка і цытаты з нашых твораў – больш за 500. Прафэсар назваў гэткую праполку свайго слоўніка “напорыстай, бескампраміснай і жорсткай цэнзурай”. І як тут зь ім не пагадзіцца?

Салідарны я з вамі, Аляксандар Рыгоравіч, і наконт вульгарнасьці і пошласьці, якія падступна пракраліся ў нашу літаратуру. Вось тут адназначна трэба ставіць заслон вышынёй з Брацкую ГЭС, каб ніводзін пашляк у наша прыгожае пісьменства не пратачыўся. А то заходжу я нядаўна ў сталічную кнігарню “Сьветач”, міма якой вы штодня на работу езьдзіце, і чытаю ў кнізе, выдадзенай ва ўсё той жа РВУ “Літаратура і мастацтва”:

Что-то печень, что-то печень расходилася,
А как ляжешь – в почки отдаёт.
Мне снотворное бы очень пригодилося,
Да понос вот что-то не перестаёт.

Аўтар кнігі, відаць, сапраўды не вылазіў з прыбіральні, бо ў наступным вершы апавядалася пра “народище” нейкай незвычайнай “породищи”, які

В унитаз – за ихних двух,
Только дай борща…
И раз в двадцать крепче дух
Из туалетища.

Любы прафэсійны крытык (а пра крытыку вы таксама на сустрэчы гаварылі) пацьвердзіць вам, што працытаваныя радкі і ёсьць праява вульгарнасьці і пошласьці. Паэта трэба было б пакрытыкаваць, каб ён і надалей не разбэшчваў чытача. Але крытыкам да яго не дастукацца – высакавата сядзіць. Патэлефануйце вы яму па ўрадавай сувязі ў Савет рэспублікі, паўшчувайце. Паэта завуць Анатоль Рубінаў, ён там старшынюе.

Разумею я вашу заклапочанасьць і дрэннымі школьнымі праграмамі па літаратуры,
Хай тыя два рэстараны, якія разьмяшчаюцца сёньня ў Доме літаратара, з кожнай прададзенай там чаркі адлічваюць пэўны адсотак у касу пісьменьніцкай узаемадапамогі.

куды напралазіла “другарадных аўтараў”. Правільна, і жук і жаба цяпер у той праграме. Гэта ж кожнага разу, калі па вашым загадзе ператрасалі тыя праграмы, яны і шчаміліся туды – хто ціхенька, хто пішчом лез. Так што тут яшчэ раз ня трэба ровар вынаходзіць. Трэба проста вярнуць старыя праграмы, па якіх дзеткі вучыліся да ўсіх рэвізій, і ўсе другарадныя застануцца на сваіх купінах сядзець.

Што да “навядзеньня парадку з ганарарамі, якіх пісьменьнікі чакаюць па 5-7 гадоў”, то ў мяне на гэты конт ёсьць рацпрапанова. Хай тыя два рэстараны, якія разьмяшчаюцца сёньня ў Доме літаратара, з кожнай прададзенай там чаркі адлічваюць пэўны адсотак у касу пісьменьніцкай узаемадапамогі. Хачу вас запэўніць – тады хопіць усім, ня толькі апарату СПБ. А то цяпер атрымліваецца, як у той прыказцы: гарую, бацюшка, гарую – з адной карчмы ды ў другую.

Праўда, ня ведаю, як да маіх парадаў і рацпрапановы Мікалай Чаргінец паставіцца. Можа, ізноў выгукне, як калісьці ў “Белгазете”: “Не нужен нам Михась Скобла с его советами!”…

Але тут я ня раю Мікалаю Іванавічу апярэджваць падзеі. А раптам Аляксандар Лукашэнка і сапраўды пажадае ўступіць у саюз пісьменьнікаў, але не ў ягоны? Каб чарговым разам усіх з панталыку зьбіць – і Захад, і Ўсход, і “сьвядомых”, і “несьвядомых”. Вось жа нядаўна ўступіў у СБП яго колішні паплечнік – Аляксандар Фядута. Ён і рэкамэндацыю свайму былому шэфу не адмовіцца напісаць. Ой, што ні кажыце, цікавае жыцьцё на беларускім Парнасе можа пачацца.

1 Цытата паводле: Гілевіч Н. Запісы зь дзёньнікаў розных гадоў. – Мн., Про Хрысто. – 2006. Стар. 47.
2 “Белгазета”, 15 февраля 2010 г., альбо: http://www.belgazeta.by/20100215.06/320094881/
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG