Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьцягнутая на 20 дзён дэвальвацыя беларускага рубля адбылася ўжо ня толькі фактычна, але і афіцыйна. Ад 18.12.14 да 08.01.15 рубель патаньнеў у адносінах да даляра на 26%. Можна рабіць папярэднія высновы і ацэньваць пэўныя наступствы.

У той канкрэтнай сытуацыі перад Новым годам дэвальвацыя беларускай валюты выглядала непазьбежнай. І з эканамічных прычын, бо экспарт у Расею сутыкнуўся зь вялізнымі праблемамі. І дзеля суб’ектыўных, псыхалягічных матываў, бо пачалася паніка, насельніцтва пачало масава купляць валюту. Паводле інфармацыі тагачаснай кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай, калі ў лістападзе ў сярэднім у дзень куплялася каля 5 мільёнаў наяўнай валюты ў даляравым эквіваленце, то 18 сьнежня за дзень купілі 80 млн даляраў.

Трэба аддаць належнае: у адрозьненьне ад крызісу 2011 году, калі ўлады амаль паўгода не наважваліся зрабіць хоць нейкія захады і з алімпійскім спакоем назіралі, як разбураецца фінансавы рынак, гэтым раз яны дзейнічалі апэратыўна і рашуча. Іншая справа — можна рабіць папрокі наконт слушнасьці іхніх дзеяньняў. Але ў той сытуацыі ім давялося выбіраць меншае з розных ліхаў.

Як бы там ні было, дэвальвацыя адбылася. Што маем у выніку?

Экспартэры атрымалі значную палёгку. Але наўрад ці эканоміка атрымае такі моцны штуршок, як падчас мінулых дэвальвацыяў. Бо рынак Расеі, куды ідзе каля 43% беларускага экспарту, перажывае спад. Расейская валюта з пачатку году патаньнела на 80%, а беларуская з улікам апошняй дэвальвацыі — толькі на 41%. Да таго ж вырасьлі банкаўскія працэнтныя стаўкі, што блякуе эканамічны рост, бо крэдыты стануць непад’ёмнымі для суб’ектаў гаспадараньня.

Дэвальвацыя нанесла ўдар па заробках у даляравым вымярэньні. Адпаведна патаньнелі і рублёвыя банкаўскія дэпазыты. Што ня можа ня ўдарыць па рэпутацыі ўлады. Лукашэнка ж увесь год запэўніваў, што дэвальвацыі ня будзе. Апошні раз ён гэта казаў 18 сьнежня, перад «чорнай пятніцай».

У гэтай сытуацыі кіраўнік дзяржавы не знайшоў нічога лепшага, як вінаваціць ва ўсім беларускі народ, які чамусьці пабег у банкі скупляць валюту. Але паводзіны насельніцтва — толькі нармальная рэакцыя на сытуацыю, якая стала заканамерным і лягічным наступствам палітыкі беларускага кіраўніцтва. Знаёмая спроба зваліць віну з хворай галавы на здаровую не дадасьць папулярнасьці Лукашэнку.

Нестабільнасьць валютнага рынку, а зь ім і ўсяго эканамічнага жыцьця краіны павялічыцца

Прычым хачу зьвярнуць увагу, што гэта яшчэ не канец фільму пра дэвальвацыю. Паводле рашэньня Нацбанку цяпер курс беларускага рубля будзе прывязаны не да даляра, як было фактычна дасюль, а да кошыка трох замежных валютаў: расейскага рубля, эўра і даляра. І яшчэ Нацбанк запэўнівае, што дзеля захаваньня золатавалютных рэзэрваў ён будзе праводзіць валютныя інтэрвэнцыі на біржы радзей — «толькі для згладжваньня пікавых ваганьняў кошту кошыка замежных валют». Дарэчы, у 2011 годзе ўлады таксама абяцалі такі рынкавы падыход да ўтварэньня абменнага курсу — але спужаліся і перайшлі да ручнога кіраваньня курсам.

Практычнымі наступствамі гэтай новай палітыкі Нацбанку будзе пастаяннае і значнае хістаньне абменнага курсу беларускага рубля. Прычым можна прагназаваць, што гэтае хістаньне будзе ісьці па шляху хутчэйшага аслабленьня нацыянальнай валюты.

Гэта значыць, нестабільнасьць валютнага рынку, а зь ім і ўсяго эканамічнага жыцьця краіны павялічыцца. Значная частка насельніцтва стане яшчэ пільней сачыць за абменным курсам. Каб быць гатовымі да нечаканасьцяў, каб не празяваць момант, калі трэба бегчы ў банкі і здымаць свой дэпазыт, купляць валюту. З гэтага будзе пачынацца іх працоўны дзень.

Рынкавы курс рубля — гэта ня проста лічба. Гэта паказьнік, маркер, індыкатар здароўя беларускай эканомікі. Невыпадкова ў 2011 годзе ўлады спужаліся свайго ж рашэньня адпусьціць курс на волю рынку. Бо баяліся, што народ убачыць на гэтым агульнанацыянальным таблё непрыемныя для ўлады рэчы і зробіць адпаведныя высновы. Але цяпер сытуацыя прыпякла. Абменны курс рубля стане сымбалем нестабільнасьці цягам гэтага выбарчага году.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG