Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта хутчэй перамога расейскага боку»


Як можна ацаніць афіцыйныя і неафіцыйныя вынікі сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі? Хто выйграў, а хто прайграў у выніку дасягнутых дамоўленасьцяў? На якія вайскова-палітычныя саступкі мог пайсьці афіцыйны Менск?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Паўлюк Быкоўскі і Андрэй Паротнікаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Як можна ацаніць «афіцыйныя», вядомыя для грамадзкасьці вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна? Ці можна сказаць, што ў газавым пытаньні пастаўленая кропка?

Паротнікаў: Ніякай кропкі не пастаўлена. І калі казаць пра нейкую «перамогу», то гэта хутчэй перамога расейскага боку. Бо раней Менск увогуле адмаўляў сам факт завінавачанасьці за газ, а тут прызнаў яе. Другі аспэкт — тая зьніжка, якая паабяцаная, будзе вызначацца «Газпромам». І лічба можа быць вельмі рознай — ад крыху большай за нуль да 100 працэнтаў. Але хутчэй за ўсё — бліжэй да нуля.

Што да нафты, то сапраўды прагучала, што Расея адновіць пастаўкі нафты колькасьцю 24 мільёны тон у год. Але не прагучала, на якіх умовах. І тут хацелася б узгадаць, што Расея апошнім часам вельмі моцна цісьне. Каб значная частка беларускага нафтавага экспарту ішла не праз парты краінаў Балтыі, а праз расейскія нафтавыя тэрміналы ў Калінінградзкай вобласьці. Таму і тут могуць быць і спрэчкі, і канфлікты.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Быкоўскі: Лукашэнка падзякаваў Расеі за тое, што яна пайшла насустрач у рэфінансаваньні запазычанасьці. Па-першае, гэта азначае, што Беларусь прызнала запазычанасьць. Але як канкрэтна Расея «пайшла насустрач», мы пакуль ня ведаем. Як вынікае з афіцыйнай справаздачы аб сустрэчы, на працягу 10 дзён урадам трэба гэтае пытаньне вырашыць. Так што яно яшчэ ня вырашана, і ў нас ужо былі прыклады, калі пасьля запэўніваньняў прэзыдэнтаў урады яшчэ месяцамі не маглі знайсьці канчатковага рашэньня.

Другі момант — мы сапраўды ня ведаем, на якіх умовах будуць адноўленыя пастаўкі нафты. Бо Беларусь дэманстратыўна шукала альтэрнатыўныя крыніцы нафты — магчыма, такая тактыка гэтым разам сябе апраўдала.

Цыганкоў: Выглядае, што на фоне апошніх спрэчак і нават дэмаршу з боку Лукашэнкі (калі ён не прыехаў на саміт ЭўрАзЭС) цяпер кіраўнікам дзяржаў трэба было прадэманстраваць, што ўсё вырашана?

Быкоўскі: Хутчэй за ўсё, гэта была менавіта заява для прэсы, а не рэальнае вырашэньне сытуацыі. Калі ўрады пачнуць падпісваць канкрэтныя дамоўленасьці, то яшчэ ня факт, што гэта будзе выглядаць так, як прадставілі прэзыдэнты. Бо ёсьць пытаньне, чаму Менск дагэтуль не прызнаваў гэтыя даўгі і чаму ён раптам памяняў гэтае стаўленьне.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Цыганкоў: Ці паўплывалі трагічныя абставіны сустрэчы (выбух у мэтро ў Санкт-Пецярбургу) на вынікі дамоўленасьцяў?

Паротнікаў: Мяркую, што не, не паўплывалі. Я б зьвярнуў увагу на фармат гэтай сустрэчы. Яна была сумешчана з мэдыяфорумам у Санкт-Пецярбургу — то бок гэта быў даволі нізкаваты ўзровень. А тым часам дагэтуль не адбылося пасяджэньне Вышэйшага Дзяржсавету Беларусі і Расеі.

Тое, што мы пабачылі па выніках сустрэчы — гэта пратакольныя выказваньні, якія гучаць увесь час, што праблем няма, прэзыдэнты сябруюць і ўсё ў нас будзе добра. Але дʼябал будзе схаваны ў дэталях, і яны могуць яшчэ так стрэльнуць, што праблема толькі ўзмоцніцца.

Цыганкоў: Лукашэнка казаў, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаў абмяркоўвалі праблемы бясьпекі, але не патлумачыў, што гэта значыць. І цяпер усе варожаць — што мог Лукашэнка саступіць у вайскова-палітычнай сфэры?

Паротнікаў: А чаму мы вырашылі, што гаворка ішла менавіта пра вайскова-палітычную тэму? Давайце ўзгадаем падзеі двух апошніх месяцаў у Беларусі — выступы незадаволеных сацыяльнай палітыкай уладаў, якія вельмі хутка перайшлі да палітычных лёзунгаў. І падзеі 26 сакавіка ў Расеі, пратэставыя акцыі. І што ў Беларусі, што ў Расеі на самым вышэйшым узроўні прагучалі абвінавачваньні на адрас заходніх структур у кіраваньні ўнутранымі пратэстамі з мэтай дэстабілізаваць сытуацыю.

Думаю, кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі тэматыку магчымай унутрыпалітычнай дэстабілізацыі

Таму, я думаю, кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі тэматыку магчымай унутрыпалітычнай дэстабілізацыі, шукалі сумесны адказ на гэтыя выклікі. І адказ для Беларусі палягае ў тым, каб Расея дала грошы, каб прыкрыць гэтыя сацыяльныя дзіркі.

Цыганкоў: Так, «мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях па захаваньні бясьпекі ў нашых дзяржавах», — заявіў Лукашэнка.

Быкоўскі: Мяркую, гаворка там ішла ня толькі пра грошы. І я б зьвярнуў увагу на іншую цытату Лукашэнкі — «Мы асноўную ўвагу аддалі даўно заплянаванаму пытаньню бясьпекі». Ня факт, што гэтыя пляны былі даўно распрацаваныя, — можа, яны ўзьніклі перад самой сустрэчай. Але тое, што гэта выносіцца як асноўнае пытаньне — гэта сапраўды знак.

З аднаго боку, ёсьць хваля пратэстаў, і палітыкі кажуць, што зьбіраюцца арганізоўваць новыя акцыі пратэсту. Зь іншага боку, Менск дагэтуль упіраецца супраць вайсковай базы, увосень будуць сумесныя вучэньні. Застаецца шмат пытаньняў у вайскова-прамысловым комплексе, Беларусь хацела б мець замовы з боку Расеі. Таму, мне падаецца, гэты блёк пытаньняў быў больш надзённы для кіраўнікоў дзяржаў, чым проста абмен думкамі, як разганяць дэманстрацыі.

Цыганкоў: Як Менск можа захаваць тонкую і небясьпечную рысу паміж тым, што патрэбная дапамога ад Расеі, у тым ліку ў вайскова-палітычным сэнсе, — і разам з тым ня трапіць у яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, рызыкуючы перайсьці нейкую небясьпечную ступень?

Расейскія вайскоўцы хочуць яшчэ болей. І тыя прапановы, якія яны робяць, выглядаюць непрымальнымі для беларускага кіраўніцтва

Быкоўскі: У нас ёсьць добрыя козыры. У нас ёсьць расейская радыёлякацыйная станцыя, якая вельмі патрэбная расейскім вайскоўцам. Таксама цэнтар кіраваньня падлодкамі. Гэта важныя абʼекты для Расеі, і расейскія вайскоўцы будуць заўсёды лабіраваць беларускае пытаньне, хаця б у нейкай ступені. Іншае пытаньне, што расейскія вайскоўцы хочуць яшчэ болей. І тыя прапановы, якія яны робяць, выглядаюць непрымальнымі для беларускага кіраўніцтва. Таму вакол гэтага ідзе торг, часам даволі востры. Абвастрэньне пытаньня базы было перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі. А днямі амбасадар Расеі даводзіў, што пытаньне базы ўвогуле ніколі і не паўставала.

Паротнікаў: Трэба разумець, што ў параўнаньні з нулявымі гадамі кардынальна зьмянілася сытуацыя. Гэтыя абʼекты, якія пералічыў Паўлюк, ужо ня маюць такога значэньня для Расеі, бо ўжо створаныя адпаведныя абʼекты на тэрыторыі Расеі.

Другі момант — беларускі ВПК не дапускаецца да расейскіх замоваў. А з улікам таго, што там ідуць скарачэньні бюджэту на абаронныя выдаткі, то і ня будзе дапускацца.

Трэці момант — зьмяніўся псыхалягічны настрой расейскага генэралітэту. Замест людзей старой загартоўкі, для якіх агульная савецкая спадчына мела значэньне, прыйшло новае пакаленьне, і гэта расейскія шавіністы. Для іх усё нерасейскае — другаснае і непаўнавартаснае. Таму казаць, што яны будуць нешта лабіраваць на карысьць Менску, не выпадае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG