Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве душы: па-расейску і па-беларуску


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дзьве культурныя падзеі, «добрая і дрэнная», займаюць думкі гэтымі днямі. Пачну з добрай.

26 красавіка на сцэне Купалаўскага тэатру адбудзецца прэм’ера «Дзьвюх душ» Максіма Гарэцкага. Яно як бы і натуральны працяг пінігінскіх пошукаў беларускага лёсу і сэнсу пасьля «Ідыліі», «Пінскай шляхты», «Тутэйшых»… але і нешта неверагоднае – рэжысэр дайшоў да ключавога твору і мусіць паказаць тую іголку, на канцы якой – сьмерць беларускага нацыянальнага праклёну. Тое, што мы пабачым і пачуем – найвышэйшае з усяго, што можа адбывацца у культуры на гэтай зямлі.

Другая падзея – падзея для мяне асабіста, і зьвязаная зь фільмам «Сабачае сэрца». Мне давялося бачыць і чытаць розныя трактоўкі гэтага булгакаўскага твору. Але роўных фільму рэжысэра Борткі сярод іх не было. Мала таго, што выхад фільма прыпаў на самую перабудову (1988) і стаў адным зь яе ўвасабленьняў, дык яшчэ і ўсё ў ім было бездакорным – сам булгакаўскі тэкст і сюжэт, ігра актораў, а галоўнае – рэжысэрскае бачаньне, якое трапляла ў дзясятку. «Я проста не адходзіў ад тэксту», – сьціпла тлумачыў свой ашаламляльны посьпех рэжысэр. Прабачце, а ўся гэтая вобразнасьць – у вялікім і малым, цэльная візія булгакаўскага твора, маса выдумкі, пабудова кадра, урэшце, – усё, чаго ў тэксьце няма? Загадка.

Я глядзеў гэты фільм шмат разоў, а лёгікі рабілася ўсё менш. Рэжысэр – зацяты сталініст; наступныя ягоныя пастаноўкі – «Ідыёт» і «Майстар і Маргарыта» – на фоне посьпеху «Сабачага сэрца» неяк зусім і не прагучалі; нарэшце, «Тарас Бульба» – прымітыўная дурылка, дзе героі толькі і робяць, што карцінна падаюць на полі бою з крыкамі «За Россию!». Як такі рэжысэр мог зьняць разумнае і дасканалае кіно пра Шарыкава і прафэсара Праабражэнскага?

Загадка для мяне раскрылася нечакана і да крыўды банальна. Дэпутат расейскай дзярждумы Бортка, выступаючы перад калегамі, заявіў:

«Что такое Сталин? Конечно, это юности нашей победа, понятно… Сейчас не время рассказывать о репрессиях и о том, откуда они взялись... Сталин – символ нашей страны... Откажитесь от него – и вы откажетесь от самих себя».

Тайну раскрылі ня гэтыя словы, а рэакцыя на іх. Інтэрнаўты прыгадалі італьянскі фільм «Сабачае сэрца» (1976), зь якога Бортка і «зьняў» свой «блізкі да тэксту» шэдэўр, па сутнасьці, адзін у адзін. Гэта ніяк не прымяншае выдатнай ігры актораў, але рэжысэрская праца – што відаць і непадрыхтаванаму гледачу – плагіят. І мабыць ніхто не згадаў бы пра яго, калі б не такая загадкавая прорва паміж грамадзянскай пазыцыяй рэжысэра ў фільме і ў думе.

«Асадачак» застаўся ў выглядзе лёгкага падазрэньня, зь якім цяпер глядзіш на іншыя шэдэўры вялікай рускай культуры. Бо прорва паміж дзьвюма душамі расейскіх творцаў – Міхалкова, Гаварухіна і іншых у самых розных жанрах і відах творчасьці – на прыкладзе Борткі наводзіць на думку пра сапраўднае і «пазычанае» што да твораў мастацтва. Сталіна, вядома, скрасьці ці падрабіць сабе ў душы немагчыма.

Але бог зь імі, з расіянамі. У Мікалая Пінігіна зь «Дзьвюма душамі» і іх «італьянскім арыгіналам» – ніякіх шанцаў))) Найскладанейшы твор беларускай літаратуры будзе ставіцца ўпершыню і з чыстага ліста. Інтрыга тут у самой раздвоенасьці беларускай душы – як рэжысэр прачытае яе ў сёньняшнім дні, калі няма ні мужыкоў, ні паноў, ні бальшавікоў у іх першародным выглядзе. Толькі вось агітатары за нацыянальнае адраджэньне амаль не зьмяніліся. Але ж і дзьве душы – гэта не пра іх.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG