Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаспадаром дома пасьля прымусовага высяленьня засталося 4-месячнае дзіця


Судовыя выканаўцы дазволілі маці застацца з сынам. Бацьку з двума старэйшымі братамі — 10-гадовым Данілам і 4-гадовым Сашам — выселілі.

Сям’ю Івана Брэля з трыма малымі дзецьмі і 75-гадовага бацьку Івана дзяржава высяляе з самага цэнтру Менску ў трохпакаёвую кватэру ў Курасоўшчыне плошчаю 76 квадратных мэтраў.

Не ўлічылі ў судовым рашэньні аб прымусовым высяленьні толькі малодшага сына Івана, які нарадзіўся, пакуль Брэлі даводзілі сваю рацыю ў судах. Пакідаць зь ім дом бацькі адмовіліся. Сёньня судовыя выканаўцы і міліцыя дазволілі маці хлопчыка Натальлі застацца зь ім. Хаця паводле судовага рашэньня яна таксама лічыцца «прымусова выселенай». Бацька Іван са старэйшымі сынамі Данілам і Аляксандрам пераехалі ў новую кватэру. Рэчы судовыя выканаўцы падзялілі «на вока» — пакінулі дзіцячыя, Натальіны, а таксама кухонныя прылады.

«Такой вакханаліі я не чакаў, — кажа 75-гадовы Георгі Брэль. Дом, які стаў аб’ектам разладу, будаваў ягоны бацька. У свой час той, начальнік будаўнічага ўпраўленьня, пабудаваў «палову Менску»: Трактарны завод, Аўтазавод, праспэкт Незалежнасьці.

«Мне на прэзыдэнта ўзлавацца? Я ўвесь час за яго галасаваў. Краіна ня падае на калені, усё спакойнае, роўнае. Але асобныя такія інцыдэнты псуюць, апускаюць імідж прэзыдэнта ў вачах людзей. Мой унук — грамадзянін рэспублікі Беларусь? Ён зарэгістраваны? Што за праблема даць яму 15 квадратных мэтраў? Што за праблема даць ім кватэру 90 квадратных мэтраў, а не 75, куды яны зараз павезьлі шмоткі».

Дом Брэляў стаіць побач з дыспэтчарскай станцыяй «Дружная» па былым адрасе Праезны завулак, 6. Цяпер там будуецца мэтро. Усіх суседзяў ужо адсялілі, дамы збольшага пазносілі. Брэляў сёньня прыехалі высяляць прымусова.

«У нас адбываецца высяленьне, — апавядае 10-гадовы Даніла. — Зараз рабочыя з мэтрапалітэну вывозяць нашыя рэчы. Некаторыя рэчы мы перавозім самі. Наш малодшы брацік застаецца дома. І мама.

Пераяжджаем, таму што ідзе знос, будуецца тут мэтро, і наш дом перашкаджае. Але мы б’ёмся. Мой дзед, мой прадзед будавалі гэты дом, і нам ня хочацца яго аддаваць. Калі мне было тры гады, тут было нармальна. Мы хадзілі на вуліцу, гулялі зь сябрам. А калі мне было 7-8 гадоў, пачаўся „знос“. Для мяне спачатку быў шок. Але тата сказаў, што ўсё будзе нармальна. І так мы прастаялі два гады».

Рашэньне пра «знос», пра які кажа Даніла, сям’я атрымала ў 2012 годзе. Без ацэнкі жытла Брэлям прапанавалі пераехаць у трохпакаёвую кватэру на завулку Каржанеўскага. Тады ў сям’і Івана было двое дзяцей. Разам з бацькам Георгіем Брэлем дзяржава прапанавала ім 76 мэтраў. Брэлі з гэтым варыянтам не пагадзіліся. І першы суд стаў на іх бок.

Калі пры перасяленьні нам належыць такая колькасьць мэтраў, — чаму мы мусім атрымаць меней?

«Мы ўпёрліся проста, — кажа Іван Брэль. — Яны сказалі: „Вам ацэнка не належыць, нічога не належыць“. І мы сталі бадацца. А чаму ацэнка не належыць? Таму што вы мусіце туды прыйсьці, і па вас будзе бачна — будзеце вы дамаўляцца ці не».

Калі спачатку суд прыняў рашэньне на карысьць гаспадароў, «у нас вырасьлі крылы», — апавядае Іван.

«Гэта ж ня нашая прыхамаць, — кажа жонка Івана Натальля, трымаючы на руках малога Івана. — Калі пры перасяленьні нам належыць такая колькасьць мэтраў, — чаму мы мусім атрымаць меней? Нам тую кватэру проста ўсучылі. Прадстаўнік мэтрапалітэну Павал Царун у СМІ сказаў, што кватэры выбіралі „ад цэнтру гораду да Каменнай Горкі“. Ніхто нічога не выбіраў. Ніякіх ацэначных дакумэнтаў, колькі наш дом каштуе, — нічога не было. У ацэнцы нам адмовілі. Сказалі: „вось кватэра, і давайце“».

За гэты час у Брэляў нарадзіўся Іван, якому цяпер чатыры месяцы. Невядома, ці стала ўпартая пазіцыя Брэляў прычынай таго, што цяпер ім упарта ня хочуць налічваць належныя 15 мэтраў на трэцяга сына.

«Суд выносіць рашэньне, што гэтаму малому дзіцяці не належныя квадратныя мэтры. Вось свайму б дзіцю судьдзя вынесла такое рашэньне?» — пытаецца Георгі Брэль.

У кватэры на Каржанеўскага, ніхто з Брэляў ня быў. Дакумэнтаў на яе Брэлі таксама ня маюць. Але рашэньне аб прымусовым высяленьні прынятае менавіта на той адрас. Іван сьцьвярджае, што гэта супярэчыць закону, і выселіць іх у жытло, якім яны не валодаюць, нельга.

Я ж не падаваў ніводнай заявы, што нам трэба кватэра. Мы проста адстойваем тое, што нам належыць па законе

«У нас больш нічога няма! — кажа Іван Брэль. — Я ж не падаваў ніводнай заявы, што нам трэба кватэра. Мы проста адстойваем тое, што нам належыць па законе, — Савет міністраў нам сказаў, што нам трэба трохпакаёвая і аднапакаёвая кватэры».

Здавацца ніхто з Брэляў не зьбіраецца. Натальля і Іван-малодшы застаюцца ў старым доме. Большыя дзеці, магчыма, пераедуць да бабулі. Як будзе ўладкаванае далейшае жыцьцё, Брэлі пакуль дакладна не ўяўляюць. Апроч таго, што ў адстойваньні сваёй пазыцыі будуць стаяць да канца.

На рашэньне суду Кастрычніка раёну аб прымусовым высяленьні сям’і Брэляў накладзены пратэст пракурора па скарзе Івана Брэля. «Тэлеграму» Аляксандру Лукашэнку накіраваў і Георгі Брэль. Цяпер усе бакі чакаюць рашэньня Вярхоўнага суду.

«Я нарадзіўся ў гэтым горадзе і будаваў яго. І ўсё добра, і ўлада добрая, пакуль яна не закранае асабістыя інтарэсы чалавека. Калі яна закранае, то робіцца сьляпой. Гэта ня проста словы, — кажа Георгі Брэль. — Ёсьць прэзыдэнт і ягоныя ўказы, якія дакладна вызначаюць сытуацыю для грамадзянаў. Кожнаму ўласьніку па 15 мэтраў жылплошчы і столькі ж кожнаму члену яго сям’і. Імідж прэзыдэнта апушчаны ў маіх вачах».

Судовы прыстаў (справа), якая пагражала бацькам пазбавіць бацькоўскіх правоў на 4-месячнага сына

Судовы прыстаў (справа), якая пагражала бацькам пазбавіць бацькоўскіх правоў на 4-месячнага сына

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG