Падзеі 17 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня
У гэты дзень
1773 — брытанскі карабель Resolution пад камандай Джэймза Кука ўпершыню дасягнуў Паўднёвага палярнага круга.
1971 — Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар адкрыў у Менску свой першы тэатральны сэзон спэктаклем «Сьпявае „Жаваранак“» беларускага кампазытара Юрыя Семянякі.
У гэты дзень нарадзіліся
1706 — Бэнджамін Франклін, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.
1732 — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі.
1899 — Аль Капонэ, амэрыканскі гангстэр.
1904 — Алесь Якімовіч, беларускі пісьменьнік.
1964 — беларускі пісьменьнік Андрэй Федарэнка. Найбольш вядомы раманамі «Мяжа», «Рэвізія», аповесьцю «Вёска» і гістарычным творам пра Слуцкае паўстаньне «Нічые».
У памяці
2004 — памёр Чэслаў Немэн, польскі музыка, народжаны ў Беларусі.
Афіша. Прэзэнтацыя кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя»
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў і мастак Павал Татарнікаў правядуць аўтограф-сэсію з нагоды прэзэнтацыі новай кнігі. У імпрэзе возьме ўдзел фундатар выданьня Павал Бераговіч.
Менск, ГЦ «Цівалі» (вул. Прытыцкага, 29, аўдыторыя 366).
Час правядзеньня: з 17 да 20-й гадзіны.
Уваход вольны. Кошт кнігі — 45 рублёў.