Лінкі ўнівэрсальнага доступу

99 апраўданых з 40 тысяч асуджаных — многа ці мала?


Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Паводле дадзеных Вярхоўнага суду Беларусі, у 2014 годзе ў беларускіх судах было разгледжана 39 тысяч 269 крымінальных спраў і ў выніку было асуджана 40 617 асобаў, зь якіх 10 908 пакараныя пазбаўленьнем волі. Апраўдана судамі першай інстанцыі 99 чалавек, і яшчэ 2380 чалавек дачакаліся спыненьня спраў супраць іх праз касацыйныя скаргі. Гэта многа ці мала? Пра што кажуць такія лічбы?

Былы судзьдзя, праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што гэтая статыстыка адлюстроўвае ня толькі стан беларускай судовай сыстэмы.

​«Пры 39 тысячах спраў толькі 99 апраўдальных прысудаў — гэта надзвычай мала. Што тут скажаш — такія ў нас суды. Па-першае, што мы не аднойчы адзначалі, яны залежныя. Незалежных судзьдзяў у нас наагул няма. Па-другое, канстытуцыйная пазыцыя, якая зьвязаная з прынцыпам прэзумпцыі невінаватасьці, не працуе. Па адной траціне спраў, якія праходзяць праз нашы суды, не было дастатковых доказаў для прыняцьця рашэньня аб вінаватасьці. Гэта я кажу з улікам скаргаў, якія трапляюць да праваабаронцаў, вядомых крымінальных спраў, якія мы спрабуем дасьледаваць, скаргаў ужо асуджаных зь месцаў пазбаўленьня волі, калі мы чытаем гэтыя прысуды, рашэньні вышэйшых судоў. Вядома, у нас няма тых 39 тысяч спраў, але тое, што трапляе да праваабаронцаў, кажа пра вялікія недахопы ў судах.

Мы пэўна бачым, што ня ўсе прысуды заснаваныя на дакладных, дастатковых, дапушчальных доказах. Другое — не працуе прэзумпцыя невінаватасьці, пры якой кожны сумнеў у вінаватасьці павінен трактавацца на карысьць абвінавачанага. І трэцяе — шмат усё ж спраў на замову. Застаецца такая зьява, як пагоня за добрымі паказчыкамі. Кажуць, прыкладам, што трэба змагацца з карупцыяй. Так, трэба, калі ласка, змагайцеся, але ня трэба фальшаваць справы, ня трэба ствараць правакацыі атрыманьня хабару. Ці ўзяць справы па наркотыках. І там бывае, што правакуюць некаторых слабых людзей. «Павёўся» чалавек на нейкі прыбытак, яго дзеяньні зафіксавалі, і суд адразу асудзіў. А для нас рапартуюць аб узмацненьні барацьбы з наркагандлем! Падобных спраў хапае.

Другая складаная рэч — судовыя памылкі. Мэта ў тым, каб іх было як мага меней, але дзеля гэтага трэба, каб касацыйныя і наглядныя інстанцыі, як тое сіта, вылоўлівалі тыя памылкі. Самая малая памылка павінна прыводзіць да перагляду прысуду, да апраўданьня ці мякчэйшага пакараньня, да наступстваў адносна судзьдзі, які памыліўся, адносна сьледчага, які «нацягнуў» доказы. У нас да гэтага не гатовыя, бо працуе кругавая парука паміж судом і сьледзтвам, і ў выніку перамагае прынцып — трапіла справа ў суд, значыць, чалавека трэба асудзіць. І толькі ў вельмі рэдкім выпадку абвінавачаны і ягоны абаронца дамагаюцца апраўданьня».

XS
SM
MD
LG