Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыялёгу не было, абмяняліся думкамі», — гарадзенскія ўлады ўпершыню за 20 гадоў сустрэліся з апазыцыяй


Гарадзенскі гарвыканкам
Гарадзенскі гарвыканкам

Нягледзячы на заяўленую тэму — абмеркаваньне дэкрэту № 3 — чыноўнікі, паводле кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, распавядалі галоўным чынам пра тое, як разьвіваецца горад. Журналістаў на паседжаньне не пусьцілі. Канкрэтных вынікаў ад сустрэчы апазыцыянэры пакуль ня бачаць.

Прадстаўнікі апазыцыі данесьлі да ўладаў свае патрабаваньні, якія сфармулявалі напярэдадні: поўная адмена дэкрэту № 3; забесьпячэньне канстытуцыйнага права на свабоду сходаў і мітынгаў; спыненьне перасьледу грамадзянаў з палітычных матываў.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

— Насамрэч ніякага канкрэтнага адказу на нашы пытаньні мы не пачулі. Былі нейкія дзяжурныя слоўцы кшталту: добра, што мы сабраліся і размаўляем, мы хочам ад вас атрымаць нейкія прапановы, мы гатовыя сустракацца. Але нічога канкрэтна пра тое, чаму больш за 10 гадоў у горадзе не дазваляецца праводзіць масавыя мерапрыемствы. Што датычыць перасьледу грамадзян і складзеных пратаколаў за 19 лютага, пракурор патлумачыў, што ўсе пратаколы, згодна з законам, будуць разгледжаныя ў судзе і ніхто не зьбіраецца іх адмяняць.

На сёньняшні дзень практычнага выніку (акрамя таго, што сустрэча адбылася і нібыта зафіксаваная дэклярацыя аб намерах) я пакуль ня бачу.

Прадстаўнік Партыі камуністаў Беларусі Павал Станеўскі зазначыў Свабодзе, што ўладу прымусіла да дыялёгу сытуацыя, якая склалася ў краіне ў сувязі з дэкрэтам № 3. Улады, паводле яго, у гэтай сытуацыі разгубіліся, паколькі людзі выйшлі на вуліцу не з прычыны таго, што іх падштурхоўвала апазыцыя, а накіроўвала на гэта сама праблема.

Павал Станеўскі
Павал Станеўскі

— Цяпер яны хочуць знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі і заклікаюць апазыцыю, каб мы не выводзілі людзей на вуліцу. Але мы ім патлумачылі, што гэта праблема ўлады, паколькі яна сама яе стварыла. І гэта непасрэдна ляпсус прэзыдэнта, паколькі гэта ягоная прэрагатыва выпускаць дэкрэты. У нас дыялёгу, па-сутнасьці, не атрымалася, паколькі вельмі палярныя пазыцыі: яны настойваюць на тым, каб дэкрэт не адмяняць, а нейкім чынам прыгладзіць — з тым, каб ня страціць сваё аблічча; а мы лічым, што дэкрэт трэба адмяніць. Я нават спрабаваў задаваць пытаньне пра мэты дэкрэту, але ніхто з уладных людзей выразна пра гэта нічога ня мог сказаць.

У сустрэчы з гарадзенскімі гарадзкімі ўладамі з боку апазыцыі ўзялі ўдзел сябры БНФ, АГП, БСДГ, «Гавары праўду», прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП і праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG