Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія крыміналісты склалі фотаробат Дзеда Мароза


Belarus - Hrodna criminologists have made an identikit of Father Frost, 29Dec2015
Belarus - Hrodna criminologists have made an identikit of Father Frost, 29Dec2015

Як сьцьвярджаюць аўтары фотаробата, яны дасьледавалі славянскі фальклёр і паводле яго вызначылі асноўныя рысы твару казачнага пэрсанажа.

«Ідэя прыйшла падчас сустрэч з выхаванцамі абласнога спэцыялізаванага дома дзіцяці, якім мы апякуемся, — распавёў „Советской Белоруссии“ намесьнік начальніка Гарадзенскага аблупраўленьня Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў Дзьмітрый Грыневіч. — Каб даходліва растлумачыць дзецям, чым мы займаемся, заўсёды зьвяртаемся да нестандартных прыёмаў».

Крыміналіст тлумачыць: хоць у казках, песьнях і вершах зьнешнасьць Дзеда Мароза падрабязна апісаная, адзіны суцэльны зборны вобраз чараўніка дагэтуль ня складзены. Гэта значыць, кажа ён, ніхто яшчэ ня бачыў Дзеда Мароза такім, якім ён рэальна апісаны ў славянскім фальклёры.

Каманда судовых экспэртаў патраціла на дасьледчую працу больш за два тыдні. Выніковы фотапартрэт грунтуецца на наступных дадзеных: эўрапэоідны тып зьнешнасьці, апісаная ў казках форма вачэй, нос-«бульбіна», белыя густыя валасы і доўгая сівая барада. Таксама «ўлічылі рысы характару, дакладны ўзрост, рост і іншыя характарыстыкі». Па зьвестках крыміналістаў, Дзеду Марозу сто гадоў, ён высокі, «прадстаўнічы», моцны, добры, але таксама баламутны і строгі. Сьцьвярджаецца, што ў вобразе ўлічаныя ўмовы Крайняй Поўначы і зьмены характару (раней, кажуць, Дзеда Мароза звалі Траскуном, і ён быў злым).

Дзед Мароз атрымаўся мала падобным да традыцыйных выяваў на паштоўках, календарах і ў кнігах. Не падобны ён і да Дзеда Мароза зь беларускай рэзыдэнцыі ў Белавежскай пушчы (яго сайт даўно ўзламаны палестынскімі хакерамі). Таксама як і мала падобны да Дзеда Мароза зь Лініі Сталіна, які нядаўна праславіўся камэнтаром пра тэрарыстычную арганізацыю «Ісламская дзяржава». Можна дапусьціць, што такі мужчына арганічна выглядаў бы ў складзе рок-гурту ZZ Top.

Варта адзначыць, што Дзед Мароз не сустракаецца ў беларускім фальклёры — яго вобраз быў створаны толькі ў XX стагодзьдзі і папулярызаваны камуністамі. Для Беларусі ж больш натуральныя ці паганскі Зюзя (ён да нядаўняга часу прымаў гасьцей на Паазер’і), ці хрысьціянскі Сьвяты Мікалай.

Атрыманую выяву Дзеда Мароза крыміналісты паказалі школьнікам, пасьля ім «прапанавалі дапрацаваць фотапартрэт, дамаляваць шапку і прыступіць да пошуку чараўніка, з чым тыя пасьпяхова справіліся». На будучыню крыміналісты абяцалі падрыхтаваць новыя сюрпрызы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG