Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш дзед Мароз – генэралісімус Сталін


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Авіябілеты ў Менск раскупленыя! Аншляг! Усе лятуць да дзеда Мароза на лінію Сталіна.

Крэатыўны крок прыдумалі беларусы, каб завабіць на зімовы час навакольную Эўропу. У аэрапорце прыбылыя натоўпы сустракае плякат з добрым дзядзькам Сталіным, які малайцавата тлумачыць, што «Наше дело правое, победа будет за намі!», таварышы.

Тонка разьлічылі, што Санта Клаўс прыеўся Эўропе. Нават у суседняй Польшчы паслабла рэлігійная цяга ў шырокіх масах, і Сьвяты Мікалай стаў некаторым надакучваць. Гайда ў Беларусь! Нават фіны раскуплялі квіткі! У іх, канечне, сваё ў галаве, старыя крыўды. Ім бачыцца наперад, што дзед Мароз з ручным кулямётам (як на рэклямным плякаце) – гэта няўдалая авантура Ёсіфа Вісарыёнавіча ў зімовы час 1939-40 гадоў. А нам вядома, што на фінскую вайну кінулі ваяк зь беларускай акругі. Што зробіш, загад.

Але большасьць палітыку прыплятаць ня думае, галоўнае незвычайны адпачынак з дадаткам адрэналіну. Нават Масква таксама выбіраецца на навагодні час у Менск. У Вялікі Ўсьцюг да старшага брата беларускага дзеда Мароза квіткі разабралі: Расея вялікая, ахвотных сёлета яўны перабор. Што зусім ня дзіўна. Эгіпэт закрылі, Турцыю забаранілі, а ў Крыме няма сьвятла.

Абяцаюць, што беларускі дзед Мароз будзе ў «пагонах». На здымку гэта — эпалеты.

Шырокі продаж квіткоў, вялікая рэклямная кампанія. На лініі Сталіна ўпершыню адкрылася рэзыдэнцыя дзеда Мароза! Абяцаюць, што ён будзе самы «баявы». Навучысься гранаты кідаць і бегаць навыперадкі ў мяшках. Простыя дзіцячыя квіткі адносна недарагія, а ёсьць адразу «з салодкім падарункам», ня кажучы аб самых дарагіх – «са шчасьлівым кацялком». Друкуецца папярэджаньне для яго «ўладальнікаў», што перад першым ужываньнем неабходна ачысьціць, ёсьць інструкцыя. Карацей, будзе весела: сфатаграфуецеся ў форме, пакатаецеся на асьле, у сэнсе — у асьлінай запрэжцы. Прынамсі, здымак адпаведны ў наяўнасьці.

Асобная прапанова: «карпаратывы» на лініі Сталіна.

Такога яшчэ не было, сапраўды. Турыстам павінна спадабацца. Адно засмучае: у краіне павінен быць адзін галава, праўда? А чаму дзядоў марозаў – два? Што будзе з «сапраўдным» дзедам Марозам, тым, чыя рэзыдэнцыя ў Белавескай пушчы? Хто квіткі купляць будзе, калі ўсе паваляць на лінію Сталіна? Ці ўзгоднена гэта нейк на дзяржаўным узроўні?

А на лініі абяцаюць таксама нейкі сюрпрыз. Міжволі ўспомніш дзяцінства, чаканьне ў навагодні час чагось незвычайнага. Але чаго? Кожнаму можа ўяўляцца сваё. Ня ведаю, можа ў мяне з фантазіяй не зусім, але мне ўявілася такое: у самы кульмінацыйны момант дзед Мароз расхіляе футра, а пад ім – мундзір генэралісімуса. І шапку скідае. І бачым мы, што гэта нібы сам Ёсіф Вісарыёнавіч. Сёньня наш дзед Мароз, два ў адным, як матрошка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG