Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадоцкія «Дажынкі»: за аўралам — аўрал


Новы аўтавакзал яшчэ не працуе
Новы аўтавакзал яшчэ не працуе

Меркавалася, што Гарадок — райцэнтар у Віцебскай вобласьці — стане «сталіцай» 19-х рэспубліканскіх «Дажынак». Але ўвесну Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што рэспубліканскія сьвяткаваньні будуць праводзіцца выключна ў Менску.

На той час сродкі на добраўпарадкаваньне Гарадка ўжо былі выдзеленыя, і яно распачалося. Але ня скончылася і дагэтуль, хоць шматлікія камісіі і «штабы» сьвяткаваньня паставілі ўльтыматум: зрабіць усё да 1 верасьня.

Нягледзячы на тое, што фармат будучых «Дажынак» у Гарадку звузіўся з рэспубліканскага мерапрыемства да абласнога, райцэнтар жыве ў няпростых умовах глябальнай рэканструкцыі ўжо больш за год.

Сярод ужо гатовых, абноўленых аб’ектаў інфраструктуры — хіба толькі чыгуначны вакзал. Яшчэ адзін аб’ект, які традыцыйна лічыцца брамай і візытоўкай любога населенага пункту — аўтавакзал — у стане, яшчэ далёкім ад завяршэньня. Мясцовыя жыхары і прыежджыя вымушана карыстаюцца часовай аўтобуснай станцыяй, абсталяванай вагончыкам і трыма лаўкамі на вуліцы. Часовая аўтастанцыя разьмешчана далёка ад капітальнага будынку аўтавакзалу, дзе яшчэ вядуцца працы. Зрэшты, як і ва ўсім цэнтры Гарадка, гаворыць мясцовы актывіст Леанід Гаравы:

На месцы былога кірмашу
На месцы былога кірмашу

«Першы этап рэканструкцыі цэнтральнай плошчы і могілак распачаўся ў мінулым чэрвені. Усе СМІ паведамілі тады, што ён павінен быць завершаны да ўгодкаў вызваленьня Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у сьнежні мінулага году. Але ён быў часткова завершаны толькі сёлета ў ліпені — ужо пасьля таго, як адсьвяткавалі дзень вызваленьня Беларусі. Чаму так? Напэўна, таму, што не была своечасова гатовая дакумэнтацыя па праекце. А сёньня ўжо 1 верасьня, паводле распараджэньня старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца да сёньня Гарадок ужо мусіў быць гатовы да „Дажынак“. Аднак па іншых аб’ектах таксама не ўкладаюцца ў графік».

Былы кінатэатар «Радзіма»
Былы кінатэатар «Радзіма»

Цэнтральная плошча адрэканструяваная толькі напалову. Вакол былога кінатэатру «Радзіма» яшчэ вядуцца працы, пасьля якіх ён будзе ператвораны ў забаўляльны цэнтар. Калі вялося пра яго пэрспэктывы, то гучалі абяцаньні захаваць пано на сьцяне — як помнік мастацтва сацрэалізму. Аднак цяпер малюнак выкананы не з мазаікі — яго проста нанесьлі на тканіну ды прымацавалі... Яшчэ адна «ахвяра» гарадоцкіх «Дажынак» — зьнесьлі будынак цэнтру рамёстваў, помнік архітэктуры канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Замест яго — «навабуд», а навокал кладуць плітку на ходніках ды асфальтуюць дарогу, нягледзячы на дождж.

Асфальтаваньне пад дажджом
Асфальтаваньне пад дажджом

Увогуле, інтэнсіўныя будаўнічыя працы вядуцца пераважна ў цэнтры, працягвае Леанід Гаравы:

«Усё робіцца перш за ўсё для цэнтральнай вуліцы, па якой можа праехаць высокае начальства. І дзе пад’езды да цэнтру — гэта Пралетарская вуліца, Невельская шаша, вуліца Гагарына. У нас на Гагарына заасфальтавалі пад’езды да дамоў. Гэта пазытыўна, бо асфальт там быў страчаны год 20 таму. Аднак калі прайсьці ў цэнтры па Ленінскай, па Чырвонаармейскай вуліцах, дык там яшчэ, як кажуць, і конь не валяўся. У прыватным сэктары зусім нічога ня зроблена».

У прыватным сэктары — ніякіх адзнак рамонту
У прыватным сэктары — ніякіх адзнак рамонту

Самі будаўнікі кажуць, што ня тое каб да сёньня, а нават да афіцыйнай даты «Дажынак» 19 верасьня наўрад ці пасьпеюць усё дарабіць. Але ў размовы ўступаюць неахвотна: начальства пакрыквае, каб працы не спыняліся.

«Казалі, што да 1-га мусілі ўсё здаць. Ды што вы! Гэта ж нерэальна», — кажа спадар у будаўнічай касцы.

«Ужо перанесьлі. Казалі, што „Дажынкі“ будуць 19–20 верасьня. Але ўжо, кажуць, далей перанесьлі», — далучаецца другі будаўнік.

У самым цэнтры Гарадка
У самым цэнтры Гарадка

Каля краязнаўчага музэю
Каля краязнаўчага музэю

У жылым мікрараёне
У жылым мікрараёне

Многім жыхарам Гарадка абрыдла такое жыцьцё пад будаўнічы грукат і ў непраходным брудзе пад нагамі. Пэнсіянэрка Валянціна Іванаўна абураецца:

«Сёньня во йду і кажу: калі ж ужо гэты бардак скончыцца, як надакучыла! Канечне, яны зараз працуюць — дахі во аднолькавыя пафарбавалі, прыгожа. У нашым доме 40 гадоў рамонту не было, дык цяпер сьценкі ўцяпляюць і столь. Хлеўчукі, што ў двары былі, усе пазносілі. А цяпер сказалі, што можна было і ня зносіць. Во якое начальства! Дык пытаюся ў будаўнікоў: «Калі ж тыя „Дажынкі“ ўжо? А ён мне кажа: „26-га, бабуля!“ Раней усё казалі, што 19-га, дык не пасьпяваюць. Што ўжо будзе далей, ня ведаю, але 26-га, кажуць, будзе ўсё!»

Жыхары чакаюць, калі ж ужо «Дажынкі»
Жыхары чакаюць, калі ж ужо «Дажынкі»

Агульную суму грошай, якая павінна быць выдзелена на правядзеньне «Дажынак» у Гарадку, так і не агучылі. 25 ліпеня ў райцэнтры пабываў прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Яшчэ тады ён прызнаў, што будоўля і рэканструкцыя гарадзкіх аб’ектаў наўрад ці будуць завершаныя да 1 верасьня. І парэкамэндаваў усе сілы кінуць на некалькі найбольш важных аб’ектаў, не спрабуючы рабіць усё разам.

Але і гэтакая тактыка не апраўдала сябе. На цэнтральных вуліцах яшчэ будаўнічы вэрхал, аднак адмыслоўцаў пачалі пераводзіць на ўскраіну — самым ударным аб’ектам стала лыжаролерная траса ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы. Дзеля гэтага аб’екту высеклі дзясяткі кубамэтраў лесу, які рос у межах Гарадка. І гэта адбылося без аніякага грамадзкага абмеркаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG