Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога расейскага віцэ-губэрнатара аштрафавалі на 200 тысяч рублёў за забойства журналіста


Экс-чыноўнік зь Ліпецкай вобласьці РФ замовіў зьбіцьцё карэспандэнта «Новай газэты» Ігара Домнікава, але яго вызвалілі ад пакараньня па тэрміне даўніны

Люблінскі суд горада Масквы прызначыў кампэнсацыю за сьмерць журналіста «Новай газэты» Ігара Домнікава ў памеры 200 тысяч рублёў. Пазоў падавала ўдава забітага карэспандэнта супраць заказчыка забойства — былога віцэ-губэрнатара Ліпецкай вобласьці Сяргея Дароўскага.

Як тлумачыць рэдакцыя, сума кампэнсацыі, заяўленая ў пазове, была значна больш — 10 млн рублёў. Але суд пагадзіўся з довадамі прадстаўніка былога чыноўніка, што той цяпер знаходзіцца на пэнсіі і штомесяц атрымлівае толькі 13 тысяч рублёў, і зьнізіў суму кампэнсацыі да 200 тысяч рублёў.

Журналіста «Новай газэты» Ігара Домнікава забілі малаткамі ў падʼезьдзе ўласнага дома ў ліпені 2000 года, ён памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасьць.

У 2013 годзе ў судзе выканаўцы забойства далі прызнальныя паказаньні па справе пра забойства Домнікава. Злачынцы атрымалі працяглыя тэрміны — аж да пажыцьцёвага. Тады ж члены групоўкі заявілі, што заказчыкам злачынства быў Сяргей Дароўскі, які на той момант займаў пасаду віцэ-губэрнатара Ліпецкай вобласьці.

Падазраванага зьмясьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але суд над Дароўскім ўвесь час адкладаўся: адвакаты спасылаліся на ўзрост і дрэннае здароўе заказчыка забойства.

Сяргей Дароўскі добраахвотна зьявіўся ў Люблінскі суд Масквы 13 траўня 2015 года. Менавіта ў гэты дзень скончыўся тэрмін даўніны злачынства па частцы 4 артыкула 111 КК РФ (цяжкія цялесныя пашкоджаньні, якія пацягнулі сьмерць пацярпелага). У той жа дзень суд пастанавіў вызваліць былога чыноўніка ад адказнасьці па нерэабілітуючых падставах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG