Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандбольны ЧЭ-2016: супрацоўнікі турфірмы запатрабавалі, каб бел-чырвона-белых сьцягоў на трыбуне не было


Беларускі заўзятарскі дэсант у Катавіцах

Беларускі заўзятарскі дэсант у Катавіцах

У Польшчы працягваецца чэмпіянат Эўропы па гандболе. Зборная Беларусі не бязь цяжкасьцяў кваліфікавалася ў наступны раўнд і паспрабуе пазмагацца за больш высокае месца на турніры.

На групавым этапе выхаванцы Юрыя Шаўцова прайгралі харватам і нарвэжцам, але перамогі над Ісьляндыяй хапіла, каб з трэцяга месца трапіць у плэй-оф. Зрэшты, не абышлося без элемэнту ўдачы: каб не вікторыя харватаў над ісьляндцамі, давялося б беларусам пакаваць чамаданы.

Цяпер у аматараў гандболу зьявілася магчымасьць працягнуць сваё польскае турнэ як мінімум на тыдзень. Сёньня каманда Беларусі перадысьлякуецца з Катавіцаў у Кракаў, дзе ўжо 21 студзеня сустрэнецца з французамі.

Ранейшыя матчы засьведчылі высокую цікавасьць да турніру з боку беларускіх заўзятараў. І ня дзіва: у Польшчы нямала студэнтаў-каліноўцаў, грамадзкіх актывістаў, вялікі дэсант дэлегавала берасьцейскае і гарадзенскае памежжа, арганізаваныя групы зь Менску ў складчыну з турфірмамі прывезла Беларуская фэдэрацыя гандболу.

Як звычайна, адзінства ў беларускім сэктары няма: частка заўзее пад дзяржаўнай сымболікай, іншыя — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Агульным уражаньнем ад групавой стадыі дзеліцца берасьцейскі заўзятар Алег Супрунюк:

Алег Супрунюк з шалікам «Мы пераможам!»

Алег Супрунюк з шалікам «Мы пераможам!»

«Найперш хачу адзначыць вельмі добры, прыязны прыём з боку польскіх аматараў спорту. Шчыра кажучы, было нават нечакана, наколькі прыхільна паставіліся палякі як да беларускай каманды, так і да заўзятараў зь Беларусі. На матчах уперамешку было шмат людзей з Нарвэгіі, Ісьляндыі, Харватыі і г.д., але калі на пляцоўцы гуляла беларуская зборная, польскія гледачы практычна аднадушна падтрымлівалі нас. Можна гэта патлумачыць як нават нейкую праяву салідарнасьці. Па вялікім рахунку, можна казаць пра сяброўскія адносіны паміж аматарамі гэтай гульні з розных краінаў — прынамсі, якія былі ў Катавіцах і сачылі за гульнямі ў нашай групе. Не было ніякіх канфліктных сытуацыяў. Наадварот, калі беларусы хацелі заняць выгаднейшае месца на трыбунах, ім ішлі насустрач».

Заўзятар са стажам Аляксей Шыдлоўскі прыехаў падтрымаць зборную Беларусі з Чэхіі і кажа, што праблемаў з нацыянальнай сымболікай гэтым разам ня ўзьнікла. У гэтым зьвязку згадваецца зусім іншы досьвед польскага прыёму — некалькі гадоў таму падчас жаночага чэмпіянату Эўропы па баскетболе служба аховы прымусіла заўзятараў згарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі, а калі тыя адмовіліся, людзей сілком вывелі з залі.

У фанацкім сэктары беларусаў

У фанацкім сэктары беларусаў

Алег Супрунюк таксама кажа, што над беларускімі сэктарамі луналі розныя сьцягі. Аднак калі саматужныя спартовыя турысты былі вольныя ў выкарыстаньні сымболікі, то арганізаваным заўзятарам усялякія праявы «нацыяналізму» забаранілі ўнутраным распараджэньнем:

«Шэраг аматараў выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сьцягі, і ніякай забароны з боку гаспадароў не было. Адзінае выключэньне — арганізаваная група, якая прыехала празь Беларускую фэдэрацыю гандболу. Там адразу назвалі непажаданым, каб падчас гульні зборнай у масоўцы былі бел-чырвона-белыя сьцягі. Бо некаторыя хлопцы спрабавалі вывесіць гістарычны сьцяг, але арганізатары з боку беларускай турфірмы настойліва запатрабавалі, каб тыя гэтага не рабілі. То бок падтрымка зборнай была на розных сэктарах „Сподка“, як завецца арэна ў Катавіцах — і пад цяперашняй афіцыйнай сымболікай, і пад гістарычнай. І атрымалася добра. Мне падаецца, самі гульцы нават не чакалі, што будуць настолькі горача іх прымаць, падтрымліваць. Асабліва гэта тычыцца легендарнай, ужо можна казаць, гульні з ісьляндцамі, якая ўвайшла ў гісторыю чэмпіянатаў як самая выніковая па колькасьці закінутых мячоў».

Аляксей Шыдлоўскі заўзее толькі пад нацыянальным сьцягам

Аляксей Шыдлоўскі заўзее толькі пад нацыянальным сьцягам

Мой суразмоўца кажа, што шанцам трапіць на знакавую спартовую падзею найперш скарысталіся жыхары памежжа. Па словах Алега Супрунюка, багата людзей ехалі зь Берасьцейшчыны ўласнымі машынамі, дабіраліся аўтобусамі ды цягнікамі. І, адрозна ад іншых, мелі свабоду заўзятарскага самавыяўленьня:

Нават афіцыйная група падтрымкі адзетая ў шалікі з колерамі бел-чырвона-белага арнамэнту

«Справа ў тым, што ехалі падтрымаць беларускую зборную ня толькі арганізаваныя групы. Ведаю, што толькі зь Берасьця некалькі групаў выправіліся сваім ходам, на сваіх машынах; хтосьці дабіраўся іншым шляхам. То бок хто ехаў ад менскіх турыстычных кампаніяў — там ужо былі, можна казаць, больш „паслухмяныя“ аматары, якія выконвалі патрабаваньне Беларускай фэдэрацыі гандболу — напрыклад, каб не было праяваў звышнацыянальных, заўзець толькі пад дзяржаўнай сымболікай. Ну, а тыя, хто ехалі самі, хто самастойна набываў квіткі, ім, натуральна, ніякіх забаронаў не было. Зрэшты, калі паглядзець па фатаздымках, нават афіцыйная група падтрымкі адзетая ў шалікі з колерамі бел-чырвона-белага арнамэнту. Таму, у прынцыпе, усё праходзіла даволі спакойна, без эксцэсаў. Не было таго, як раней у той жа Польшчы падчас чэмпіянату Эўропы па баскетболе».

Нацыянальна сьвядомы сэктар

Нацыянальна сьвядомы сэктар

У наступным раўндзе тры першыя каманды зь беларускай групы (Харватыя, Нарвэгія, Беларусь) згуляюць зь лепшымі зборнымі з групы А — Польшчай, Францыяй і Македоніяй. Згуляныя раней выніковыя матчы ідуць у залік, таму на гэты момант сытуацыя выглядае такім чынам: Польшча і Нарвэгія — па 4 ачкі, Францыя і Харватыя — па 2, Беларусь і Македонія — па 0.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG