Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбіральшчыцу, што была назіральніцай на выбарах, звольнілі з працы за «нядобранадзейнасьць»


Галіна Ганчарык

Галіна Ганчарык

Звольненая Галіна Ганчарык была назіральніцай ад АГП на мінулых выбарах.

Адна з назіральніц ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах страціла працу з-за таго, што зьвязалася з апазыцыяй. Пра гэта паведамляюць у АГП.

72-гадовая Галіна Аляксееўна Ганчарык працавала прыбіральшчыцай у адміністрацыі Ленінскага раёну. Па яе сьцьвярджэньні, даведаўшыся, што яна была назіральніцай ад АГП на выбарах, кіраўніцтва вырашыла пазбавіцца ад «нядобранадзейнага» супрацоўніка.

Пэнсіянэрку звольнілі адразу пасьля выбараў, але ў АГП пра гэта стала вядома толькі цяпер.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць звальненьне Галіны Аляксееўны прыкладам чыноўніцкай дурасьці.

«Я не разумею, з чым гэта зьвязана. Я ня думаю, што гэта тут Лукашэнка сядзіць і асабіста піша, загадвае. Але калі вы 20 гадоў увесь дзяржаўны апарат, усю сыстэму завастраеце на тое, каб значную частку сваёй працы яны трацілі на змаганьне з іншадумствам, то хутка гэтую сыстэму не разьвернеш. Я думаю, тут працуе сыстэма сама па сабе, нават незалежна ад таго, які там палітычны курс дэкляруецца. Тым больш што Галіна Аляксееўна, напрыклад, настолькі чалавек прыстойны, настолькі акуратны, настолькі арганічны для новай Беларусі, што звальняць яе — гэта проста такая дурасьць за межамі здаровага сэнсу», — заявіў ён Свабодзе.

Палітык сьцьвярджае, што гэта ня першы выпадак ціску на актывістаў і прыхільнікаў АГП пасьля выбарчай кампаніі.

«Ціск быў заўсёды. У нас і падчас кампаніі шэраг людзей выйшлі з ініцыятыўнай групы менавіта з-за ціску. Што тычыцца менавіта звальненьняў пасьля прэзыдэнцкай кампаніі, то гэта ў нас другі ці трэці выпадак. У Берасьці ў нас Людміла Захаранка страціла працу, нягледзячы на тое, што ў яе была такая добрая рэпутацыя, дзьве вышэйшыя адукацыі і веданьне замежных моваў. Ёй сказалі, што трэба быць менш актыўнай. Вітаецца пасіўнасьць і абыякавасьць, а не грамадзянская пазыцыя», — сказаў Лябедзька.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG