Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве галадоўка працягваецца чацьвёртыя суткі. Улада маўчыць


Нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя, магілёўскія галадоўнікі заяўляюць, што ня спыняць свайго пратэсту. Адзначаюць, што шмат людзей штодня тэлефануюць і выказваюць ім сваю падтрымку. Некаторыя спрабуюць знайсьці магчымасьці, каб за галадоўнікамі быў сталы мэдычны нагляд.

У галадоўцы бяруць удзел пяцёра чалавек — тры жанчыны і двое мужчын. Распачалі яе 18 траўня. За больш як трое сутак мясцовая ўлада на пратэст не адрэагавала.

Усе пяцёра, галадаючы, працягваюць працаваць. Адзначаюць, што калегі іх маральна падтрымліваюць.

«Мы будзем ісьці да канца. Пакуль на нас яны ня зьвернуць увагі», — зазначае адна з галадоўніц Натальля Кастагладава.

У жанчыны хранічная язва. На другія суткі галадоўкі Натальлі выклікалі хуткую дапамогу. Яе моцна рвала.

«Пакуль нармальна мая язва. Ведаеце, як ні дзіўна, але яна маўчыць, — зазначае Кастагладава. — У мяне на працы ведаюць пра галадоўку зь першага дня. Усе падтрымліваюць. На дні па некалькі разоў тэлефануюць мне. Непакояцца пра самаадчуваньне. Кажуць — трымайцеся. Змагайцеся».

Яшчэ адна галадоўніца Сьвятлана Бурак адзначае, што адчувае сябе нядобра, аднак праблемаў, як у першыя дні, пакуль у яе няма.

«Я наагул не рэагую на ежу, і гэта мяне пачынае палохаць. Я стала больш вады піць. Галоўнае, каб арганізм вытрымаў. Галадоўку буду працягваць. І я, і мой муж. Мы ж удваіх. На працы мае калегі мяне падтрымліваюць».

Іншыя галадоўнікі адзначаюць, што ў іх скача ціск. Адчуваецца слабасьць і боль у суставах. Тым ня менш яны таксама заяўляюць, што будуць працягваць пратэст.

Галадоўнікі лічаць, што іх незаконна перасялілі з кватэр у інтэрнат, і патрабуюць, каб ім альбо вярнулі старое жыльлё, альбо далі іншыя кватэры ў межах гораду. Сваім пратэстам яны імкнуцца прыцягнуць увагу ўлады да парушэньня сваіх правоў. Галадоўнікі заяўляюць, што вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб абараніць свае правы, і таму пайшлі на крайнюю меру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG