Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім патрэбна Беларусь без беларусаў»


«Вар’яцкі дом!» — з такім подпісам газэта «Свабода» ў сакавіку 1995-га зьмясьціла здымак, на якім Лукашэнка прадстаўляе Вярхоўнаму Савету новыя сымбалі.
«Вар’яцкі дом!» — з такім подпісам газэта «Свабода» ў сакавіку 1995-га зьмясьціла здымак, на якім Лукашэнка прадстаўляе Вярхоўнаму Савету новыя сымбалі.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра ініцыятыву правядзеньня рэфэрэндуму пра мовы і сымбалі.

Калі праз два дзесяцігодзьдзі аналізуеш, які «народ» выступіў за рэфэрэндум аб статусе беларускай мовы і зьмене дзяржаўных сымбаляў — дзівісься, наколькі гэта былі ня проста нешматлікія, а ўвогуле мізэрныя па сваёй колькасьці групы.

Так, увосень 1994-га (ужо пры Лукашэнку) у цэнтры Менску адбыўся пікет «Комитета за свободный выбор языка обучения», які патрабаваў наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай і спыненьня працэсу беларусізацыі адукацыі. Інфармацыя пра гэтую акцыю прайшла праз усе ўплывовыя афіцыйныя СМІ, у тым ліку дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне. Вось толькі ў большасьці рэпартажаў не называлася колькасьць удзельнікаў «пратэсту супраць разьвязанай нацыяналістамі з БНФ гвалтоўнай беларусізацыі». А было гэтых удзельнікаў — аж два дзясяткі чалавек.

Таксама тады ўтвораны яшчэ пры Кебічу «Народны рух Беларусі» на чале зь Сяргеем Гайдукевічам выступіў з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму аб статусе расейскай мовы, аднак атрымаў адмоўныя высновы шасьці (!) камісіяў Вярхоўнага Савету, а таксама Міністэрства юстыцыі: прапанаванае пытаньне супярэчыць заканадаўству.

Можна было б уявіць, што пасьля гэтага прыхільнікі рэфэрэндуму канчаткова спаўзуць на маргінэс і будуць уплываць на жыцьцё краіны ня болей, чым раздатчыкі расейскіх сьцяжкоў на вуліцах беларускіх гарадоў у тыя дні, калі я пішу гэтыя радкі. У гэты момант я сапраўды ня ведаю, чым скончыцца гэтая нібыта пацешная кампанія са сьцяжкамі — альбо тым, што праз год пра яе забудуць, альбо — уваходам расейскіх танкаў пад расейскім «трыкалёрам». Я ведаю толькі, што ўлады не перашкаджаюць глуханямым (альбо тым, хто прыкідваецца імі) распаўсюджваць сьцяжкі іншай дзяржавы. На мяжы 1994-95 гадоў адміністрацыя Лукашэнкі ўсяляк падтрымлівала прыхільнікаў спыненьня беларусізацыі. Зрэшты, нам у Народным Фронце ўжо тады было зразумела, што гэтыя маргінальныя групы выходзяць са сваімі лёзунгамі не з уласнай ініцыятывы, а менавіта паводле пэўнага пляну. І сцэнар гэты, як мы былі ўпэўненыя, распрацоўваўся ў адміністрацыі прэзыдэнта супольна з тымі сіламі ў Маскве, якія не маглі зьмірыцца з існаваньнем незалежнай Беларусі.

У самым пачатку 1995 году Лукашэнка заявіў, што мае намер правесьці рэфэрэндум па дзяржаўнай сымболіцы, мове і дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў. Неўзабаве была арганізаваная і падтрымка ініцыятывы ад дэпутатаў.

18 сакавіка 1995 году ў «Звяздзе» зьявіліся звароты, падпісаныя 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Адзін быў прысьвечаны зьмене дзяржаўных сымбаляў, другі — наданьню расейскай мове статусу другой дзяржаўнай.

Абодва звароты былі адрасаваныя прэзыдэнту Лукашэнку.

«Бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца польска-літоўскай сымболікай»

«На месцах дэпутатам Вярхоўнага Савету ад выбаршчыкаў працягваюць паступаць нэгатыўныя водгукі аб дзяржаўнай сымболіцы Рэспублікі Беларусь.

Пытаньне аб сымболіцы набывае асаблівую значнасьць напярэдадні 50-годзьдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй. Герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі зацьверджаны 27 ліпеня 1942 года гітлераўскім намесьнікам — гаўляйтэрам В. Кубэ для створанай акупантамі марыянэтачнай Беларускай цэнтральнай рады. Пад гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сьцягам прыслужнікі фашысцкіх акупантаў са спэцыяльнага батальёну «Дальвітц» і штурмавой брыгады «Беларутэнія» расстрэльвалі і вешалі змагароў за вызваленьне Беларусі. Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, у многіх выбаршчыкаў узьнікае правамернае пытаньне: «Як мы, вэтэраны вайны, і сыны і дочкі вэтэранаў, можам адзначаць 50-годзьдзе Вялікай Перамогі над фашызмам з афіцыйным сьцягам і гербам Рэспублікі Беларусь, якімі карысталіся беларускія нацыянал-фашысты ў гады гітлераўскай акупацыі і пад знакам якіх зьнішчалі нашых таварышаў, бацькоў і маці?»

Пытаньне аб сымболіцы патрабуе перагляду і ў сувязі з тым, што герб «Пагоня» зьяўляўся афіцыйным гербам вялікіх князёў літоўскіх і створаны быў на літоўскай зямлі, а сьцяг тым больш ня мае ніякага дачыненьня да Беларусі, а зьяўляецца польска-літоўскай сымболікай.

З улікам таго, што Беларусь зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, не да твару ёй пераймаць герб і сьцяг, няхай і дружалюбнай, але іншай сувэрэннай дзяржавы — Літвы, якія былі зацьверджаныя парлямэнтам намнога раней за нашу рэспубліку.

У сувязі з вышэйвыкладзеным мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, зьвяртаемся да Вас як Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь з просьбай, у адпаведнасьці з артыкулам 74, часткі 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ініцыяваць правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму «Аб адносінах насельніцтва Рэспублікі Беларусь да афіцыйнай сымболікі Рэспублікі Беларусь» з адначаснай абавязковай прапановай прапрацоўкі новых сымбаляў Рэспублікі Беларусь».

Гэты зварот, пад якім стаяць подпісы 74 дэпутатаў Вярхоўнага Савету, рабіў уражаньне на хуткую руку зробленага тэксту, з грубымі фактычнымі памылкамі (чаго вартыя толькі вызначэньне «Пагоні» як ня маючай дачыненьне да Беларусі альбо камічныя словы пра тое, што ў Беларусі зацьверджаны той самы сьцяг, што і ў Літве.

Добра ведаючы асаблівасьці выступаў у Вярхоўным Савеце дэпутатаў ад вэтэранскай арганізацыі, найперш Міхаіла Качана, чый подпіс стаіць першым, я схільны думаць, што тэкст пісалі менавіта дэпутаты-вэтэраны. Занадта ўжо падобныя некаторыя стылёвыя абароты і лексыка (напрыклад, Качан часта ўжываў выраз «на месцах»).

«Чаму беларускамоўныя атрымліваюць нічым не вытлумачальныя перавагі?»

Такія самыя выразы ёсьць і ў лісьце адносна наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, але адчуваецца, што гэты тэкст быў істотна дапрацаваны (трэба думаць, у прэзыдэнцкай адміністрацыі) , а, магчыма, і перароблены: устаўленая юрыдычная казуістыка. Якая, аднак, мела мала агульнага з рэальнасьцю.

«Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Шматлікія заявы грамадзян, працоўных калектываў, палітычных партый, грамадзкіх арганізацый да дэпутатаў Вярхоўнага Савету аб неадпаведнасьці «Закону «Аб мовах у Беларускай ССР» і Закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным прававым актам вымушаюць зьвярнуцца да Вас як да гаранта канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Арт. 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасьці з законам свабоду выбару мовы выхаваньня і навучаньня.

Усеагульная Дэклярацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948 годзе, Пакты аб грамадзянскіх і палітычных правах, ухваленыя ААН у 1966 годзе, Парыская хартыя для новай Эўропы 1990 году, якія прызнаны Рэспублікай Беларусь, фіксуюць, што кожны чалавек валодае натуральнымі, неад’емнымі, непарушнымі правамі і свабодамі, уключаючы права карыстаньня роднай мовай і навучаньня на роднай мове.

Разам з тым Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які быў прыняты да прыняцьця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, зьмяшчае шэраг артыкулаў, якія супярэчаць як Канстытуцыі, так і міжнародна-прававым актам.

Так, напрыклад, артыкулы 23-26 Закону аб мовах наогул не прадугледжваюць свабоднага права выбару мовы выхаваньня і навучаньня. У гэтых самых артыкулах гаворыцца, што ў дзіцячых дашкольных установах, агульнаадукацыйных школах, прафэсійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спэцыяльных і вышэйшых навучальных установах навучаньне і выхаваньне вядзецца на беларускай мове, што яўна супярэчыць арт. 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і памянёным міжнародным прававы актам.

Больш таго, Закон аб мовах мае і ўнутраныя супярэчнасьці.

Так, артыкулы 23 і 24 прадугледжваюць, што ў агульнаадукацыйных школах клясы, у якіх навучаньне і выхаваньне вядзецца на расейскай ці іншай нацыянальнай мове, могуць стварацца толькі пры неабходнасьці. Такая фармулёўка яўна супярэчыць артыкулу 22 гэтага самага закону, дзе права атрыманьня выхаваньня і адукацыі на беларускай або расейскай мовах гарантуецца кожнаму жыхару рэспублікі.

Атрымліваецца парадокс: бацькі, зьвяртаючыся з просьбамі аб пераводзе клясаў на расейскую мову навучаньня, спасылаюцца на артыкул 22 Закону аб мовах, а чыноўнікі, адмаўляючы ім у гэтым праве, спасылаюцца на артыкул 24 гэтага самага закону.

Артыкул 26 Закону аб мовах наогул істотна абмяжоўвае правы асобы, таму што пазбаўляе чалавека права здаваць уступныя экзамэны на мове, якая зьяўлялася асноўнай мовай яго навучаньня. Такім чынам, грамадзяне, якія навучаліся на беларускай мове, атрымаюць нічым не вытлумачальныя перавагі перад тымі, хто атрымаў адукацыю на расейскай, польскай, украінскай, яўрэйскай, літоўскай ці іншых мовах.

Супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і шэраг палажэньняў Закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Так, частка 4 артыкулу 6 гаворыць, што беларуская мова зьяўляецца асноўнай мовай выхаваньня і навучаньня. Такая фармулёўка дае магчымасьці чыноўнікам на месцах адвольна, а не зыходзячы з правоў і жаданьня грамадзян, адносіць дзіцячыя дашкольныя і навучальныя ўстановы да той або іншай мовы навучаньня.

Частка 4 гэтага самага артыкулу прадстаўляе права атрыманьня выхаваньня і навучаньня не на беларускай мове толькі грамадзянам пэўнай нацыянальнасьці ў месцах іх кампактнага пражываньня. Але ж у артыкуле 49 Канстытуцыі гаворыцца аб роўным праве грамадзян на адукацыю безь якіх-небудзь спасылак на іх нацыянальную прыналежнасьць, а артыкул 50 прама гарантуе свабоду выбару мовы кожнаму грамадзяніну.

Указаныя супярэчнасьці ў дзейным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь служаць пажыўнай асновай для дыскрымінацыі грамадзян па моўных прыкметах, узмацненьня грамадзянскага процістаяньня і сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве.

Зыходзячы з вышэйсказанага і ў мэтах забесьпячэньня грамадзкай стабільнасьці і згоды, захаваньня ў Рэспубліцы Беларусь неад’емных правоў грамадзян, просім Вас у адпаведнасьці з арт. 74 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ініцыяваць правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньні аб наданьні расейскай статусу другой дзяржаўнай мовы».

За казуістычнымі фразамі гэтага звароту прыхоўвалася хлусьня: ніякія міжнародныя нормы Законам аб мовах не парушаліся. Немагчыма ўявіць, каб у Сарбону прыйшла група, напрыклад, абітурыентаў-расейцаў і запатрабавала выкладаньня на расейскай мове. Альбо студэнты зь Японіі вымагалі навучаньня ў нью-ёркскім Калюмбійскім унівэрсытэце па-японску.

Наадварот: калі ўжо казаць пра вышэйшую адукацыю, дык, нягледзячы на павелічэньне колькасьці лекцый на беларускай мове, цалкам справядліва было б сьцьвярджаць пра факты дыскрымінацыі беларускамоўных навучэнцаў. Дастаткова толькі таго, што ў Беларусі так і ня быў створаны нацыянальны ўнівэрсытэт. У незалежнай краіне на чацьвертым годзе яе існаваньня не было (і няма цяпер, калі я пішу гэтыя радкі) вышэйшай навучальнай установы, дзе выкладаньне ўсіх дысцыплінаў вялося б на мове тытульнай нацыі.

Выступаючы 31 студзеня ў Доме літаратара на «круглым стале», прысьвечаным 5-годзьдзю прыняцьця Закону аб мовах, міністар працы Аляксандар Сасноў (на выбарах 1994 году ён уваходзіў у каманду Зянона Пазьняка), сказаў, што быў адзіным супрацоўнікам міністэрства, які валодае беларускай мовай — і гэта больш чым праз чатыры гады пасьля прыняцьця закону. А прадстаўнік міністэрства культуры і друку паведаміў, што з 721 зарэгістраванага пэрыядычнага выданьня толькі 146 — на дзяржаўнай, беларускай мове.

І, нарэшце, на тым самым «круглым стале» першы намесьнік міністра адукацыі Генадзь Пятроўскі заявіў, што «на сёньняшні дзень у нашай краіне 64,6 працэнта школ зь беларускай мовай навучаньня і толькі 4,6 працэнта школ працуюць на расейскай мове». Карэспандэнт штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», які рабіў рэпартаж з «круглага стала», усумніўся ў праўдзівасьці гэтых лічбаў, «бо нават у самім Менску няма афіцыйна ніводнай беларускай школы» («ЛіМ», 3 лютага 1995 г.).

«Дзе мне шукаць радзіму свайму дзіцяці?»

Прывяду некалькі цытатаў з апублікаваных у тыя дні заяваў і лістоў, якія зьявіліся ў адказ на ініцыятыву рэфэрэндуму, выказаную Лукашэнкам і групай дэпутатаў.

«Якім заганным кляймом Вы (Лукашэнка — С. Н.) можаце надзяліць ня толькі сябе, але і ўвесь свой родавы клан, калі будзеце па-ранейшаму родную мову, як зьбітага з ног нядужага чалавека, жорстка адштурхоўваць уладарным ботам, замест таго, каб зь міласэрным клопатам дапамагчы ёй узьняцца? Дапамажы Вам Магутны наш Божа, зразумець памылковасьць, катастрафічнасьць сваёй пазыцыі, дапамажы не ўпадаць у грэх...» Ларыса Рабцэвіч-Бранавіцкая, г. Менск («Літаратура і мастацтва», 10 лютага 1995 г).

«Амаль усе мае сваякі і палова суседзяў у пад’езьдзе галасавалі ў першым туры за Пазьняка. У другім туры многія з гэтых пазьнякоўцаў пайшлі галасаваць за Лукашэнку. Таму сярод 56% насельніцтва, якое выбрала Вас прэзыдэнтам, шмат сьвядомых беларусаў, што паверылі ў Вашу высакароднасьць, прыстойнасьць. Чаму ж Вы хочаце пазбавіць маю дачушку роднай мовы, шаноўны прэзыдэнт? Дзе ж мне шукаць радзіму свайму дзіцяці? Хіба ў Кліўлендзе? Гэта несправядліва...» Яўгенія Краўчук, г. Менск. («Літаратура і мастацтва», 14 красавіка 1995 г.).

«Народ ня просіць дзяржаўнага двухмоўя, не выступае супраць роднай мовы, не патрабуе рэфэрэндуму. Гэтае пытаньне мэтанакіравана ставілі і ставяць пэўныя антыбеларускія сілы, людзі, якім не дае спакою беларускае нацыянальна-культурнае адраджэньне, сувэрэнітэт Беларусі»... Зварот выкладчыкаў, асьпірантаў, студэнтаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Усяго — 1881 подпіс. (Тамсама).

7 красавіка 1995 году да Вярхоўнага Савету зьвярнуўся Саюз пісьменьнікаў Беларусі. «Мала дзе можна знайсьці такі памяркоўны закон, — гаварылася ў звароце. — У ім на вывучэньне мовы ў сфэры дзяржаўнага ўжытку адводзілася 3-5-10 гадоў. Але мала хто зважаў на гэта тады, як не зважае і цяпер. Зараз наступ на беларускую мову выходзіць на фінішную прамую... Чаму павінна быць узаконеная на нашай зямлі няхай і блізкая славянская, але ўсё-такі прынесеная мова? Няўжо трэба тое гвалтоўнае, што было прароблена за апошнія дзесяцігодзьдзі, яшчэ й узаконьваць?! Нідзе ў гарадах, вялікіх і малых, у гарадзкіх пасёлках і мястэчках, няма чыста беларускіх школ, беларускамоўныя клясы, што былі паадкрываліся, пад пагрозай зьнікненьня. Няма ніводнага ПТВ, тэхнікуму, ніводнай вышэйшай навучальнай установы, у якіх можна было б атрымаць адукацыю па-беларуску. Намер правесьці рэфэрэндум па наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай — гэта закамуфляваны прысуд на поўнае зьнішчэньне ў прававым парадку мовы беларускай. З такім становішчам беларускія пісьменьнікі ніколі не пагаджаліся і не пагодзяцца...

Зьвяртаемся да Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь пранікнуцца адказнасьцю перад народам, гісторыяй і будучыняй пры разглядзе пытаньня пра двухмоўе, дзяржаўную сымболіку...

Ворагам беларушчыны не патрэбна самастойная незалежная Беларусь. Няма мовы — няма дзяржавы. Ня трэба ім наш сьцяг і герб. Яны пра іх хлусяць, спэкулюючы на калябарантах... На нашай дабрыні спэкулююць нячыстыя на руку палітыкі, а то і проста ворагі. Ім патрэбна Беларусь безь беларусаў. Нашы рукі спрабуюць падняць на самаўдушэньне нашай мовы, гэрба, сьцяга. Уберажом жа на гэты раз Беларусь ад сусьветнага сораму і ганьбы» (Літаратура і мастацтва«, 14 красавіка 1995 г.).

Але ўратаваць краіну ад ганьбы — гэта, канешне, не цікавіла ініцыятараў рэфэрэндуму; падобна, што якраз нацыянальная ганьба, прыніжэньне Беларусі ў вачах сусьветнай супольнасьці — як неабходная ўмова далучэньня ў пэрспэктыве Беларусі да Расеі — і было галоўнай мэтай ініцыятараў рэфэрэндуму.

72 начальнікі і адзін бульдазэрыст

Хто ж тыя 74 (рэальна — 73, бо адзін адразу заявіў, што подпіс пастаўлены безь ягонай згоды) дэпутаты, якія істотна паспрыялі таму, што ўжо ў тыя дні будзе названае нацыянальнай ганьбай?

Сёньня іх прозьвішчы (за выняткам хіба што Мікалая Дземянцея) нічога ня скажуць. Гісторыя нібыта адпомсьціла гэтым людзям, адправіўшы іх у нябыт. Але на старонках гэтай самай гісторыі яны павінны застацца — як засталіся імёны душыцеля паўстаньня 1863 году Мураўёва, аўтара даносаў, па якіх расстрэльвалі беларускіх літаратараў Бэндэ, «чарнобыльскага Пілата» Сьлюнькова.

Вось жа, пад абодвума зваротамі да Лукашэнкі стаяць подпісы 74 дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Спачатку я прывяду поўны сьпіс у тым складзе, у якім ён быў зьмешчаны ў «Звяздзе».

Міхаіл Качан, Барыс Гетц, В. Шукшын, Ульяна Крышталевіч, Аляксей Саенка, Павал Папоў, Ганна Бабарыкіна, Іван Ціханаў, Барыс Савіцкі (празь некалькі дзён на сэсіі Вярхоўнага Савету Савіцкі заявіў, што подпіс пастаўлены безь ягонай згоды — С. Н.), Мікалай Даменікан, Уладзімер Скрыцкі, Зінаіда Пянькова, Мікалай Спранецкі, Міхаіл Сасноўскі, М. Копач, В. Пыцуха, Валянцін Сарокін, Алена Усьціновіч, Пётра Мінчанка, Аляксандар Шыдлавец, Якаў Халшчэўнікаў, Аляксандар Трацьцякоў, Мікалай Якубец, Станіслаў Ціткоў, Раіса Самусевіч, Пётра Катушкін, Аляксандар Пазюмка, Леанід Прывалаў, Уладзімер Герасімаў, Анатоль Новікаў, Мікалай Лакцюшын, Мікалай Дамашкевіч, Аляксандар Малахоўскі, Мікалай Гарэлік, Анатоль Вайцешык, Уладзімер Новікаў, Мікалай Канюшык, Васіль Марозаў, Пётра Скарабагацька, Уладзімер Кулакоў, Валеры Паўлаў, Надзея Ізвалава, Аляксандар Абухоў, Аляксандар Кічкайла, Аляксандар Авечкін, Анатоль Піскуноў, Валянцін Шкурко, Мікалай Судас, Мікалай Грынёў, Анатоль Сіўчыкаў, Генрых Яскевіч, Віктар Чырун, Міхаіл Жукоўскі, Анатоль Жук, Мікалай Дземянцей, Анатоль Дубоўскі, Анатоль Сакалоў, Яўген Радзецкі, Міхаіл Веславухаў, Уладзімер Уранюк, Іван Цітоў, Георгій Чэх, Баляслаў Шылько, Іван Цярэшка, Мікалай Гушаль, Ігар Нялюбін, Аляксандар Кузьмянкоў, Васіль Борыс, Іван Трусаў, Васіль Трафіменка, Аляксей Камай, Мікалай Коваль, Мікалай Скарынін, Яўген Бачароў.

Калі цяпер я перагледзеў гэты сьпіс, мне спачатку падалося, што ў ім вельмі шмат расейцаў паводле нацыянальнасьці. Зьвяртаю ўвагу на гэты аспэкт толькі таму, што афіцыйны даведнік «Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь», выдадзены ў 1992 годзе, пазначаў нацыянальнасьць. Аднак, прааналізаваўшы сьпіс, я ўбачыў, што расейцаў у сьпісе як найменш васямнаццаць (калі арыентавацца на дадзеныя вышэйназванага даведніка; некалькі дэпутатаў былі абраныя пазьней, і іх нацыянальнасьць высьветліць не ўдалося). Чвэрць са сьпісу — гэта куды болей, чым расейцаў было прапарцыйна ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, але ніяк ня «большая частка». Сярод падпісантаў — адзін паляк і два ўкраінцы. А пераважная большасьць дэпутатаў — беларусы.

Куды большую цікавасьць уяўляе аналіз прафэсійнага складу падпісантаў.

У сьпісе толькі адзін дэпутат — не «начальнік», гэта бульдазэрыст з Лоева Аляксандар Малахоўскі. Астатнія — самыя што ні ёсьць прадстаўнікі намэнклятуры ў яе «БССРаўскім» выглядзе.

Найперш — «былыя».

Тут — і былы Старшыня Вярхоўнага Савету, а да таго — сакратар ЦК КПБ Дземянцей, і былы другі сакратар ЦК КПБ Камай, і былы член Бюро ЦК КПБ, загадчык аргаддзелу ЦК Борыс, і былы сакратар абкаму Радзецкі, былыя першыя сакратары райкамаў Дамашкевіч, Трафіменка, Гушаль ды іншыя, былы намесьнік старшыні Савету міністраў Кічкайла. Але — ня толькі «былыя».

У сьпісе прадстаўленыя ўсе вобласьці, прычым кіраўнікамі высокага рангу (старшынямі ці намесьнікамі старшынь аблвыканкамаў, як бы цяпер сказалі — губэрнатарамі і віцэ-губэрнатарамі). Сярод падпісантаў некалькі вайскоўцаў, прычым чатыры — з генэральскімі званьнямі. Астатнія — палкоўнікі, але ёсьць і падпалкоўнік: Віктар Чырун начальнік вайскова-мэдычнай службы ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці, Некалькі Герояў Савецкага Саюзу і Герояў Сацыялістычнай працы. Амаль у поўным складзе паставіла свае подпісы дэпутацыя ад вэтэранскай арганізацыі — найбольш артадаксальная частка Вярхоўнага Савету, якая абіралася не народам, а на пленуме вэтэранаў, які складаўся толькі зь некалькіх дзясяткаў чалавек. Практычна ўсе дэпутаты-вэтэраны ў мінулым былі высокапастаўленымі партыйнымі работнікамі і чыноўнікамі.

Тое, што за выкарыстаньне артыкулу 74 Канстытуцыі, які дае права прэзыдэнту ініцыяваць рэфэрэндум, сабралі 74 подпісы дэпутатаў — канешне, супадзеньне. Але сама лічба зусім не выпадковая: менавіта ня менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савету мелі права ініцыяваць разгляд таго або іншага пытаньня ў Канстытуцыйным Судзе; можна меркаваць, што калі б Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць дату рэфэрэндуму, быў бы зварот у Канстытуцыйны Суд.

Мы ў тыя дні ацанілі гэтыя звароты як нацыянальную здраду. Ня бачу прычынаў памяняць гэтае меркаваньне.

Карыкатура на Лукашэнку з газэты «Пагоня», красавік 1995 г.
Карыкатура на Лукашэнку з газэты «Пагоня», красавік 1995 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG