Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч: «Цярэшчанка адпачатку паводзіў сябе неадэкватна»


Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

6699 подпісаў прызнаў сапраўднымі Цэнтравыбаркам са 130 404 подпісаў, здадзеных для праверкі прэтэндэнтам на кандыдацтва ў прэзыдэнты Віктарам Цярэшчанкам.

Ужо падчас праверкі подпісаў зьяўлялася інфармацыя, што ў сьпісах за Цярэшчанку былі прозьвішчы памерлых і выдуманых асобаў. Подпісы тысячамі прызнаваліся несапраўднымі, а прэтэндэнт у кандыдаты ў гэты час абвяшчаў пра спробу замаху на ягонае жыцьцё. Трапіўшы ў шпіталь пасьля шклянкі сьвежавыціснутага маркоўнага соку зь вяршкамі, Віктар Цярэшчанка заявіў, што жадае зьняцца з выбараў.

Свабода папрасіла іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты ацаніць паводзіны свайго суперніка.

Сяргей Гайдукевіч, у якога ЦВК прызнаў сапраўднымі 139 877 подпісаў, лічыць, што Віктар Цярэшчанка ад самога пачатку паводзіў сябе «неадэкватна»:

«Чалавек ад пачатку перадвыбарчай кампаніі паводзіў сябе абсалютна неадэкватна. Я чытаў інтэрвію на Эўрарадыё, дзе ён заяўляў, што ня будзе ўдзельнічаць, што яго па судах зацягалі. Пасьля аб’яўляецца чалавек без структур, без усяго... Яму доктара, напэўна, трэба. Спачатку 240 тысяч сабраў, пасьля 150, казаў, што ўсё правярае... Глядзелі і сьмяяліся. Як можна ставіцца? Толькі сьмяяцца. Адкуль у Цярэшчанкі ўвогуле нешта ёсьць? Нічога ў яго не было ніколі і няма. Я зьдзіўляюся, як ён увогуле 6 тысяч сабраў. Вы ж самі гэта ўсё ведаеце. Кажа, што „я самы багаты чалавек Беларусі, я вытраціў мільярд“. Ну хіба нармальны чалавек можа такія рэчы казаць?»

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў зборы подпісаў удзельнічаў, аднак здаваць іх у выбарчыя камісіі ня стаў. Віктара Цярэшчанку яму «па-чалавечы шкада»:

«Тое, што адбываецца, гэта яшчэ адно сьведчаньне, што выбарчая мадэль перажывае ня проста крызіс. Гэта ўжо разлажэньне зь непрыемнымі пахамі. На вялікі жаль, адсутнічае цывілізаваная сыстэма выбараў. Тое, што адбываецца, гэта ўжо трагікамэдыя.

Мне крыху шкада па-чалавечы спадара Цярэшчанку. Іх спачатку ўцягваюць у такую кампанію, а потым, зыходзячы з пэўных мэтаў і задач, проста выкідваюць і выплёўваюць.

Я перакананы, што ў гэтай кампаніі неабходную колькасьць галасоў не сабраў ніхто, уключаючы і Аляксандра Лукашэнку. Таму што тыя ягоныя пікеты, якія былі разам з намі, іх праца была ў 4–5 разоў менш эфэктыўная, чым наша. Ён, хутчэй за ўсё, сабраў сотні тысяч пашпартоў. Гэта насамрэч падобна да дрэннай клаўнады. Тут няма чаго камэнтаваць».

Паводле інфармацыі ЦВК, на 1 верасьня колькасьць сапраўдных подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі склала 1 753 380, Сяргея Гайдукевіча — 139 877, Віктара Цярэшчанкі — 6 699, Мікалая Ўлаховіча — 149 819,Тацяны Караткевіч — 105 278. Рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца 10 верасьня.

XS
SM
MD
LG