Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У дакумэнтах хакерскай кампаніі «Hacking Team» знайшлі сьляды адміністрацыі Лукашэнкі


Італьянская кампанія «Hacking Team», якая распрацоўвае шпіёнскі і хакерскі софт для ўрадаў, сілавых структураў і спэцслужбаў, пры гэтым ня грэбуючы супрацоўніцтвам з праблемнымі рэжымамі, сама стала ахвярай хакерскай атакі. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Эўраньюс».

Хакеры заявілі, што атрымалі доступ да 400 Гб дакумэнтаў і акаўнту кампаніі ў Twitter. Аўдыёзапісы, паведамленьні электроннай пошты і фінансавая справаздачнасьць выкладзеныя ў торэнты. Пакуль ідзе ўнутраны разбор — хто замахнуўся на гуру шпіянажу — кантракты з замоўнікамі прыпыненыя.

Тым часам усплыў у гэтай гісторыі і беларускі сьлед. Рэсурс навінаў інтэрнэту electroname.com сьцьвярджае, што Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) пры адміністрацыі прэзыдэнта, які фактычна выконвае ролю наглядчыка за беларускім сэгмэнтам сеціва, зацікавіўся праграмным прыкладаньнем «Da Vinci» ад усё той жа «Hacking Team». З абнародаваных дадзеных вынікае, што бакі сустрэліся летась у кастрычніку на выставе ўзбраеньняў «Milipol-2014» у сталіцы Катару Доха.

Паводле адмыслоўцаў ІТ-сфэры, праграмны пакет «Da Vinci» — гэта «адзін з самых магутных шпіёнскіх прадуктаў», якія на дадзены момант існуюць у сьвеце. Ён дазваляе сачыць ня толькі за актыўнасьцю людзей у сетцы, але таксама праслухоўваць тэлефонныя размовы і чытаць тэкставыя паведамленьні, уключна з тымі, якія перадаюцца празь нібыта «абароненыя» каналы.

Нягледзячы на тое, што закрытая прэзэнтацыя «шпіёнскага тавару» была арганізаваная ледзь ня год таму, пра спэцыфічнае зацікаўленьне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру стала вядома толькі цяпер. Зноў жа дзякуючы хакерам, якія ўзламалі базу «Hacking Team» і знайшлі сярод іншых дакумэнтаў справаздачу па выніках прэзэнтацыі пакета «Da Vinci» для супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. На агляд выкладзеныя скрыншоты шэрагу дакумэнтаў з Twitter-акаўнту кампаніі ды адпаведныя паведамленьні з электроннай пошты.

Выглядае, што групу беларускіх спэцыялістаў на перамовах у Катары ўзначальваў Аляксей Цымбалай — мала вядомы шырокай публіцы як адмысловец, але заўважны як гулец аматарскай хакейнай каманды «Бастыён». Як піша electroname.com, у гэтай жа камандзе гуляе старэйшы сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка, які ў Савеце бясьпекі адказвае за сілавы блёк і лічыцца куратарам ААЦ.

З абнародаваных справаздачаў вынікае, што патэнцыйныя кліенты надзвычай зацікавіліся праграмным прадуктам, задавалі шмат пытаньняў і выказалі жаданьне абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва з вытворцам. У Апэратыўна-аналітычным цэнтры адмаўляюцца гутарыць на далікатную тэму, называючы супрацоўніцтва з італьянскай кампаніяй «прыдумкамі журналістаў».

Як ацаніць такое супрацоўніцтва? Ці можна лічыць, што ўлады намагаюцца ўзяць сваіх апанэнтаў пад пільнейшы кантроль напярэдадні чарговай палітычнай кампаніі — прэзыдэнцкіх выбараў? Меркаваньне выказвае старшыня праўленьня бізнэс-супольнасьці «Бавін» Аляксандар Кныровіч:

Аляксандар Кныровіч

Аляксандар Кныровіч

«Зразумела, што спэцслужбы ўсяго сьвету, у тым ліку і Беларусі, сочаць за сваімі і чужымі грамадзянамі. Мы іх апраўдваем, калі гэтыя грамадзяне — патэнцыйныя тэрарысты, і асуджаем, калі гэта проста сачэньне за апанэнтамі ўлады. Значыць, такая дзейнасьць павінна быць абмежаваная законам і быць пад грамадзкім кантролем. Цалкам натуральна, што ёсьць кампаніі, якія распрацоўваюць і прадаюць адпаведныя праграмы. Адна зь іх зазнала хакерскую атаку, у выніку якой на паверхню ўсплылі многія цікавыя факты. Па вялікім рахунку, нічога звышнатуральнага ў тым, што адна зь беларускіх спэцслужбаў разглядала магчымасьць выкарыстаньня падобнага абсталяваньня, я ня бачу. Гэта іхняя праца. Патэнцыйныя праблемы хаваюцца ў тым, за кім менавіта яны зьбіраліся сачыць. Бо гэта — зусім іншая гісторыя».

Праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» яшчэ раней прылічыла «Hacking Team» да «ворагаў інтэрнэту» — кампанія мае рэпутацыю «непераборлівага партнэра». Сярод кліентаў «лічбавага наёмніка», які за грошы гатовы выканаць замову для каго заўгодна, фігуруюць адыёзныя рэжымы па ўсім сьвеце. У прыватнасьці, калі кіравацца рассакрэчанымі дакумэнтамі аб продажы абсталяваньня, гэта далёка ня ўзорныя з гледзішча дэмакратыі дзяржавы: Эгіпет, Этыёпія, Нігерыя, Судан, Калюмбія, Эквадор, Гандурас, Мэксыка, Панама, Азэрбайджан, Казахстан, Малайзія, Сынгапур, Тайлянд, Узбэкістан, Віетнам, Расея, Бахрэйн, Аман, Саудаўская Арабія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ды іншыя.

Яшчэ ў 2013 годзе афіцыйны прадстаўнік кампаніі заявіў, што «Hacking Team» не прадае праграмы «ўрадам, унесеным у „чорныя сьпісы“ Эўразьвязу, ЗША і НАТО, гэтаксама як і рэпрэсіўным рэжымам ці падобным да іх арганізацыям». Але з дакумэнтаў, якія ўсплылі напярэдадні, бачна, што кампанія вядзе дваістую гульню. У прыватнасьці, італьянцы парушылі ўведзеныя Эўразьвязам санкцыі супраць Расеі, падпісаўшы кантракт з расейскім вытворцам вайсковага радыёлякацыйнага абсталяваньня «Квант». У тым жа сьпісе значыцца і Судан, сувязь зь якім у абход міжнародных санкцыяў гэтаксама катэгарычна адмаўлялася.

Паводле экспэртаў, запатрабаванасьць «Hacking Team» грунтуецца перадусім на «сыстэме аддаленага кантролю» (Remote Control System). «Лябараторыя Касьперскага» і кампанія «Citizen Lab» падалі незалежна адна ад адной падрабязнасьці «рэвалюцыйнай распрацоўкі». Робіцца выснова, што гэта «траян», які ўкараняецца ў кампутар «ахвяры» і трансьлюе ўсю інфармацыю гаспадару. Сыстэма перахоплівае дадзеныя любога тыпу яшчэ да таго, як яны зашыфроўваюцца: тэксты, выявы, электронныя табліцы, размовы праз Skype, электронныя лісты, чат-паведамленьні. Адсачыць, куды і каму перасылаюцца скрадзеныя дадзеныя, немагчыма.

Свой прадукт італьянцы пастаўляюць з поўнай гарантыяй сэрвісу і канфідэнцыйнасьці. У прыватнасьці, яны абавязваюцца абнаўляць і падтрымліваць прадукт, аж пакуль ня будзе атрыманая патрэбная інфармацыя.

XS
SM
MD
LG