Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэф абяцае беларусам рост інфляцыі ўжо ў лютым


Герман Грэф

Герман Грэф

Экспэрты Цэнтру макраэканамічных дасьледаваньняў «Сбербанка России» ўпэўненыя — адмова ўладаў Беларусі ад дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на сацыяльна значныя тавары прывядзе да росту спажывецкіх цэнаў.

Прычым аналітыкі адзначаюць, што павелічэньне інфляцыі будзе заўважана ўжо па выніках лютага. Пра гэта гаворыцца ў эканамічным аглядзе «Навіны глябальнай эканомікі», які надрукаваў Цэнтар макраэканамічных дасьледаваньняў:

«Цэнавая лібэралізацыя павінна была прывесьці да карэкцыі дзеючых цэнаў на ўвесь пералік тавараў у бок іх павелічэньня Магчыма, эфэкт яшчэ не пасьпеў адбіцца на ўзроўні спажывецкай інфляцыі? Вынікі лютага дадуць адказ на гэтае пытаньне».

Урад Беларусі ўнёс 11 студзеня істотныя зьмены ў сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. Улады больш не кантралююць цэны на хлеб, мяса, яйкі, малочную прадукцыю, дзіцячае харчаваньне, сокі і некаторыя іншыя тавары.

«Я ўпэўнены, што ў Германа Грэфа, які ачольвае „Сбербанк“, існуюць вялікія аналітычныя падразьдзяленьні, — гаворыць Свабодзе эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. — І яны ўсё пралічваюць.

Леў Марголін

Леў Марголін

Тое, што ўсплёск інфляцыі ў Беларусі павінен быць, гэта адназначна. Адзінае, што ён можа адбыцца ня ў лютым, а ў сакавіку. І тут на першае месца я б паставіў нават ня тое, што адмянілі стрымліваньне коштаў на некаторыя віды харчаваньня. Бадай, яшчэ больш важна, што ідзе павольнае прасяданьне беларускага рубля. Але яно традыцыйна заўважаецца праз пару-тройку месяцаў. І гэта адбіваецца ня толькі на імпартных, але і на беларускіх харчовых таварах. Бо калі капянуць крыху глыбей, то высьвятляецца, што амаль у кожным беларускім прадукце ёсьць нейкая доля імпарту. Пачынаючы нават з камбікармоў, дзе таксама ёсьць імпартныя кампанэнты.

Таму высновы „Сбербанка“, канечне, маюць права на жыцьцё. Магчыма толькі, з папраўкай — ці то ўсплёск інфляцыі адбудзецца ў лютым, ці то ў сакавіку?»

«У студзені 2016 году агульная інфляцыя ў Беларусі склала 1,9%, на харчовыя тавары — 1,5%, хоць мы чакалі тут некаторага паскарэньня», — кажуць аналітыкі Германа Грэфа.Беларускія ўлады абяцалі, што сёлета інфляцыя не павінна перавысіць 12%.

XS
SM
MD
LG