Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 719. Што значаць прагнозы ўраду на курс даляра? Тлумачыць Станіслаў Багданкевіч


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Яшчэ нядаўна Саўмін прагназаваў на 2016 год курс 18 689 рублёў за даляр. Даляр вырас, прагноз зьмяніўся — цяпер 22 719. На што паўплывае карэктыроўка і ці варта ёй верыць?

Беларуская эканоміка павінна быць гатовая да горшага сцэнару разьвіцьця падзей у сувязі зь нявызначанасьцю разьвіцьця зьнешнеэканамічных фактараў, папярэдзіў 9 лютага прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў. Ён даў новы прагноз: пры 30 далярах за барэль нафты і 80 расейскіх рублях за даляр курс беларускага рубля да даляра складзе 22 719 рублёў. Два месяцы таму прагноз быў на чатыры тысячы больш аптымістычны. Сёньня ж даляр ужо каштуе 22 тысячы.

Што значаць прагнозы ўраду, ці ўплывае перагляд прагнозаў на дзейнасьць ураду і ці варта гэтаму прагнозу верыць? Пра гэта Свабодзе распавёў былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

«Па маім глыбокім перакананьні, нам трэба думаць найперш пра ўзровень інфляцыі, бо мы ўсе атрымліваем зарплаты, пэнсіі, выплаты ў беларускіх рублях, а не ў далярах ці эўра.

Галоўным паказьнікам і для ўраду, і для Нацбанку павінен быць узровень інфляцыі.

Мяне турбуе, што інфляцыя па афіцыйных зьвестках не зусім адлюстроўвае рэаліі. Калі цэны штодзень растуць на ўсе віды тавараў першай неабходнасьці, транспарт, камунальныя паслугі, электрычнасьць, газ і гэтак далей, а потым абвяшчаюць, што рост за год толькі 12%... Такі паказьнік выклікае вялікія сумневы.

Што да валютнага курсу, няма чаго на яго зьвяртаць увагу! Калі інфляцыя будзе нармальная, то падзеньне валютнага курсу дапаможа разьвіцьцю ўнутранага рынку, скарачэньню імпарту. Гэта, вядома, не зусім добра, але гэта меншае зло, чым рост цэнаў у самой краіне. Яны мусяць думаць пра эканоміку, а не пра курс.

Гадаць мне надакучыла. Валютны курс залежыць ад мноства фактараў.

Адзін з такіх — наяўнасьць рэзэрваў. Калі сёньня ў краіне няма рэзэрваў, а па афіцыйных зьвестках іх толькі 4 мільярды даляраў, а жывых рэзэрваў толькі 2 мільярды, бо астатняе — гэта міжнародныя пазыкі, золата-брыльянты і гэтак далей, а толькі на першы квартал трэба гасіць запазычанасьці на 2 мільярды — канечне, вялікая пагроза дэфолту. І, канечне, пагроза далейшага падзеньня валютнага курсу.

Іншы паказьнік, напрыклад, — збалянсаванасьць зьнешняга гандлю, экспарту-імпарту. Але галоўны паказьнік — гэта разьвіцьцё эканомікі. Валютны курс у выніку — гэта зводны паказьнік, які адлюстроўвае стан эканомікі. Стан кепскі — дык трэба зрабіць рэформы, а не заяўляць, што іх не дапусьцім. Трэба мяняць урад, які давёў да ручкі эканоміку.

Даў бы нам Захад і Ўсход парадку 5–6 мільярдаў, можна было б выйсьці на больш прымальны курс. Але крэдыты нам не патрэбныя.

Калі крэдытаў ня будзе, будзе мінімум 30 тысяч за даляр да канца году. Мы працягваем прасіць крэдыты ў Міжнародным валютным фондзе, у Расеі таксама. Незразумела толькі Лукашэнка зьезьдзіў у Сочы. Што ён прывёз — ня кажа народу. Відаць, перамовы працягваюцца.

Але я згодны зь Леанідам Заікам, які летась ня раз казаў, што нам не патрэбныя новыя крэдыты. Нам патрэбныя крэдыты толькі тады, калі мы перабудоўваем кіраваньне эканомікай, мяняем эканамічную мадэль на больш эфэктыўную. А на падтрыманьне «статус-кво», які ёсьць падзеньнем ВУП на 4% на год, падзеньнем прадукцыйнасьці працы на 3%, падзеньнем узроўню рэальнай зарплаты...

На гэты «статус-кво» нам не патрэбныя крэдыты. Лепей хай падае! Мо тады возьмемся за галаву і зоймемся ажыўленьнем эканомікі. Я штодзень чую гэтую лоўлю блох, што яшчэ нешта абкладзем падаткамі. Трэба, наадварот, скараціць падаткі, а для гэтага трэба скараціць непрадукцыйныя выдаткі, чынавенства, выдаткі на сілавыя структуры. А гэтага нічога ня робіцца.

Беларуская эканоміка не залежыць ад нафты, гэта адгаворкі.

Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў нас і сёньня рэнтабэльныя. Мы самыя вялікія прыбыткі маем ад нацыянальных прыродных рэсурсаў, ад калійных соляў, напрыклад, вялікія прыбыткі ад транспарту газу — яго мы прадалі Расеі, але маем зь яго падаткі. Гэта проста адсылкі ўладаў на нафту, на сусьветны крызіс.

Вядома, ускосная залежнасьць ад цаны на нафту ёсьць — яна зьвязаная з тым, што Расея «загінаецца», таму ня можа купляць у загадзя выстаўленых аб’ёмах нашы тавары. Меней можам прадаць Расеі — але ж сусьветнага крызісу няма! Па апошніх зьвестках, рост сусьветнай эканомікі складае 2,4%.

Крызіс ёсьць толькі сярод сыравінных краінаў — у Расеі, Украіне, Малдове, Вэнэсуэле... Там крызіс, а сусьветнага крызісу няма. У той жа Літве пяць год запар валавы прадукт узрастаў, у сярэднім на 3,6%. Пастаянны рост валавога прадукту ў Польшчы, ніводнага году няма, каб зьмяншаўся аб’ём вытворчасьці. Ідзе пастаянны рост ВУП у апошнія гады ў ЗША, Нямеччыне. У Кітаі — так, ужо не 7,5–10%, а ўсяго 6,9%, але ж гэта рост!

Адкуль нашы ўлады бачаць сусьветны крызіс? Трэба проста прадаваць нашы тавары не ў Расею, а ў Эўропу, Злучаныя Штаты, Канаду, Паўднёвую Амэрыку, Далёкі Ўсход, Аўстралію...

Ці ж няма рынкаў там, дзе разьвіваецца эканоміка? Трэба мяняць эканамічную палітыку. Вось заключылі эканамічны саюз з Усходам — і бачым, што на траціну ўпаў гандаль з Усходам. Пэўна ж, дапусьцілі памылку нейкую!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG