Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю 5 ліпеня ў Грэцыі пройдзе рэфэрэндум, на якім грамадзяне краіны вырашаць, ці пагаджацца з прапановай міжнародных крэдытораў адносна ўмоваў фінансавай дапамогі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас.

Як пішуць грэцкія СМІ, афіцыйныя Атэны застаюцца на пазыцыі, што прапановы крэдытораў супярэчаць эўрапейскім правілам і асноўным правам на працу, роўнасьць і годнасьць, дэманструючы, што сапраўдная мэта некаторых «партнэраў» — зрабіць двухбаковае пагадненьне нежыцьцяздольным, і, такім чынам, зняважыць увесь народ Грэцыі.

Неаднаразова паведамлялася, што шэраг сустрэчаў міністраў фінансаў краін эўразоны адносна крызісу запазычанасьці ў Грэцыі не прынёс ніякіх вынікаў. У гэтым зьвязку кіраўнік грэцкага ўраду Алексіс Цыпрас адзначыў, што асобныя крэдыторы не гатовыя падтрымаць прапановы Атэнаў дзеля выхаду з крызісу.

У 2010 годзе Грэцыя некалькімі траншамі атрымала крэдыт у памеры блізу 250 мільярдаў эўра. Надыйшоў час грошы вяртаць, але грэкі настойваюць, што з-за аб’ектыўных фактараў зрабіць гэта нерэальна, таму Эўразьвяз мусіць даўгі сьпісаць. Да 30 чэрвеня грэцкаму ўраду патрэбна пагасіць запазычанасьць перад МВФ у памеры больш за 1,5 мільярда эўра.

Крэдыторы адмаўляюцца абмяркоўваць новую праграму, пакуль у Грэцыі не пачнуцца маштабныя рэформы. У сваю чаргу, улады на чале з прэм’ер-міністрам Алексісам Цыпрасам адхілілі патрабаваньні адносна скарачэньня дзяржаўных расходаў, прыватызацыі дзяржкампаній, падвышэньня падатку на даданую вартасьць ды іншых захадаў, накіраваных на зьніжэньне зьнешняга доўгу.

XS
SM
MD
LG