Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакажуць арыгіналы Гоі і Пікаса агульнай вартасьцю 1,4 мільёна эўра


Франсіска Гоя. «Бойка на кіях»

Франсіска Гоя. «Бойка на кіях»

У сьнежні ў Менску адкрыецца выстава сапраўдных гравюр найвялікшых гішпанскіх мастакоў Франсіска Гоі і Пабла Пікаса.

Экспазыцыю прадстаўляе музэй Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Фэрнанда (Мадрыд, Гішпанія). Адкрываць выставу ў Менск прыедуць акадэмік Каралеўскай акадэміі мастацтваў Хуан Бордэс і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Гішпанія і Партугальскай Рэспубліцы Павал Латушка.

Раней экспазыцыя графікі Гоі і Пікаса ўжо выстаўлялася ў лепшых музэях Італіі, Бразыліі, Індыі.

З твораў Пікаса ў Беларусі будуць прадстаўлены працы з сэрыі «Сюіта Валара», ілюстрацыі да навэлы Анарэ дэ Бальзака «Невядомы шэдэўр», а таксама асобныя гравюры — «Паранены пікадор», «Акторская трупа», «Тры жанчыны і тарэадор».

Свае графічныя працы Гоя аб’ядноўваў у вялікія сэрыі: «Капрычас», «Бедзтва вайны», «Таўрамахія» і «Дыспаратас». У Менску будуць выстаўленыя найбольш цікавыя творы кожнай з гэтых сэрыяў.

Адкрыцьцё выставы ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь адбудзецца 21 сьнежня 2015 году, працаваць яна будзе 3 месяцы.

XS
SM
MD
LG