Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо праз два месяцы, 11 верасьня 2016 года ў адзін тур пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату парлямэнту Беларусі. Так, ужо зусім хутка!

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі каштуюць 20 062 026 рублёў і 50 капеек. Сур’ёзна, 50 капеек прапісаныя ў бюджэце. На дашкольную адукацыю ці сацыяльную абарону траціцца ў 4,5 разоў меней.

У Беларусі ёсьць парлямэнт, хоць ня ўсе пра гэта ведаюць. Ён завецца Нацыянальным сходам. Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата (менавіта ў яе будуць выбары), Савет Рэспублікі — верхняя (часткова яе «выбіраюць» мясцовыя саветы, а частку прызначае Лукашэнка). Праўда, асаблівых спрэчак у парлямэнце не бывае — апазыцыі там няма ўжо 12 год. І практычна няма палітычных партыяў, нават праўладных.

Для прыняцьця дэкрэтаў Лукашэнкі згода Палаты нават не патрэбная, Палата можа толькі «прыняць да ведама» апублікаваны дэкрэт. Скасаваць дэкрэт Палата можа постфактум, калі набярэцца 2/3 галасоў, але пакуль такога ніколі не было. Выходзіць, 110 чалавек у Палаце проста разглядаюць законы, якія Лукашэнка можа і не прыняць.

Што там, Нацыянальны сход можа нават зьняць прэзыдэнта з пасады, калі за гэта прагаласуе 2/3 Палаты і 2/3 Савету. Але спробаў імпічмэнту Палата не рабіла. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ў 1996 спрабаваў, але замест імпічмэнту атрымаўся рэфэрэндум, які даў Лукашэнку амаль абсалютную ўладу. А гэтая ўлада дазволіла Лукашэнку распусьціць Вярхоўны савет і стварыць замест яго Нацыянальны сход.

Рэгістравацца кандыдатам на выбары можна і ад апазыцыі (калі атрымаецца сабраць подпісы). Але ня факт, што кандыдата зарэгіструюць. Некаторым чыняць перашкоды яшчэ на этапе збору подпісаў — сябрам ініцыятыўнай групы лідэра Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў тэлефанавалі ад імя выбаркаму і перапытвалі, «ці сапраўды ім гэта трэба».

А вось агітаваць за байкот выбары нельга. Вядома, хадзіць на выбары вы не абавязаныя. Часам прымушаюць, напрыклад, студэнтаў, але гэта незаконна. Але вось публічна заклікаць да байкоту ў новай рэдакцыі закону не дазваляецца.

Беларусь запрасіла міжнародных назіральнікаў на выбары. Але назіральнікі на выбарах у Беларусі нярэдка назіраюць толькі сьпіны сяброў выбарчай камісіі. Выбарчыя нормы не абавязваюць камісію паказваць назіральнікам кожны бюлетэнь пры падліку галасоў.

Назіральнікі заходніх краінаў звычайна адзначаюць на выбарах шматлікія парушэньні, таксама пра парушэньні кажуць незалежныя назіральнікі зь Беларусі. АБСЭ не прызнала свабоднымі і дэмакратычнымі ні рэфэрэндум-1996, ні вынікі ўсіх наступных выбараў у Палату прадстаўнікоў. А вось назіральнікам з ​СНД і Расеі звычайна ўсё падабаецца.

Парлямэнцкія выбары вызначаць, якой будзе фінансавая падтрымка Беларусі з боку МВФ. Таксама пасьля парлямэнцкіх выбараў мае вырашыцца лёс санкцыяў ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў і чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG