Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскі амбасадар з «тутэйшых» пачаў працу ў Казахстане


Джордж Крол

Джордж Крол

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Казахстане Джордж Крол 3 лютага прыляцеў у Астану на месца новай працы. Пра гэта са спасылкай на амбасаду ЗША ў Казахстане паведамляюць мясцовыя мэдыі:

«Амбасадар Джордж Крол прыведзены да прысягі ў якасьці амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Казахстан 8 студзеня 2015 году. Ён зь нецярпеньнем чакае ўручэньня даверчых лістоў Прэзыдэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву».

Амбасадара Крола добра памятаюць у Беларусі. Цягам 2003–2006 гадоў ён працаваў тут амбасадарам ЗША.

«Можа, ня ўсе памятаюць, але спадар Крол працаваў у Беларусі двойчы, — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Спачатку ён быў намесьнікам амбасадара. А другі раз ён прыехаў у Менск ужо кіраўніком амбасады.

І ён паказаў сябе вельмі актыўным чалавекам, які па-сапраўднаму любіць усё беларускае. Ён размаўляў па-беларуску, зь яго дапамогай ажыцьцявіўся не адзін культурніцкі праект нацыянальнага адраджэньня. Менавіта з дапамогай амбасадара Крола на тэрыторыі амбасады ўсталявалі помнік нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША, ганароваму грамадзяніну Францыі, кіраўніку вызвольнага паўстаньня 1794 году Тадэвушу Касьцюшку».

Разьвітваючыся зь Беларусьсю ў 2006 годзе, Джордж Крол усклаў кветкі каля мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, на плошчы Перамогі, а таксама да магіл Васіля Быкава й Уладзімера Караткевіча. Тады ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе ён сказаў:

«У маёй душы Беларусь — як другая радзіма».

І сапраўды, пасьля гэтага Джордж Крол, згадваючы Беларусь, шчыра прызнаваўся: «Маё сэрца ў Беларусі, нягледзячы на тое, дзе я працую».

Джордж Крол нарадзіўся ў 1956 годзе ў горадзе Пітсбург, штат Пэнсільванія. Але ў размове з нашым радыё ён казаў: «Мой радавод паходзіць з Рэчы Паспалітай, я тутэйшы».

XS
SM
MD
LG