Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грузінскага партызана» з гомельскай вёскі дэпартуюць праз тыдзень


Гела Берберашвілі
Гела Берберашвілі

Апошні тыдзень перад дэпартацыяй праводзіць з жонкаю і дзецьмі ў вёсцы Партызанскай Хойніцкага раёну беларускі грузін Гела Берберашвілі. 1 ліпеня ў яго заканчваецца тэрмін часовай рэгістрацыі. Бацьку чатырох дачок служба па грамадзянстве й міграцыі мае выселіць за межы Беларусі.

Гела Берберашвілі з трох гадоў сірата. Бацькі яго памерлі рана, а за імі і старэйшы брат. Выхоўваўся Гела ў дзіцячым доме, а служыць у войску перад самым распадам Савецкага Саюзу яму выпала ў беларускім Слоніме.

У Грузію пасьля службы не вярнуўся — працаваў нейкі час у калгасе ў Кобрынскім раёне. Там і пазнаёміўся з хойніцкай перасяленкай Ірынай, у дзявоцтве Кашперкай. Яна была ў разводзе, адна гадавала малалетняга сына, бо жыцьцё ў першым шлюбе з расейцам з Карэліі не задалося.

Неўзабаве Ірына й Гела пераехалі на Гомельшчыну. Уладкаваліся ў пацярпелым ад Чарнобыля паселішчы — вёсцы Партызанскай, бліжэй да Восава, дзе жыве маці Ірыны.

За два дзесяцігодзьдзі супольнага жыцьця Ірына і Гела нарадзілі і паднялі на ногі чатырох дачок — старэйшай, Тацяне, у жніўні будзе ўжо васямнаццаць, а самай меншай, Волечцы, толькі чатыры гады.

Мінулай восеньню Гела не бязь цяжкасьцяў атрымаў у амбасадзе грузінскі пашпарт, бо займець беларускі яму за два дзесяцігодзьдзі не ўдалося. Ды што там пашпарт — нават віду на жыхарства не дамогся праз валакіту й фінансавыя цяжкасьці.

Грузінскі пашпарт Гелы
Грузінскі пашпарт Гелы

Гела: «Месяц езьдзіў у Менск, дамагаўся. Там начаваў — ня еў, ня спаў. Грошай багата на гэта пайшло, у пазыку залез. І цяпер доўг вісіць. Але людзі добрыя, усё разумеюць. Выручылі, бо й я ім дапамагаў. Я пашпарт атрымаў, адразу пабег на працу. Уладкаваўся на фэрму загоншчыкам. А неўзабаве зь міграцыйнай службы тэлефануюць: „Як гэта замежнік працуе?“ Ну й звольнілі. У саўгасе, як кажуць, у д...-г... стаяў — па 14 гадзін быў на працы. У чатыры раніцы ўставаў, прыходзіў дахаты ў дзьве гадзіны пасьля паўдня, а ў шаснаццаць — зноў на працу. Атрымліваў два, два з паловаю — да трох мільёнаў, і то калі малака было болей. Ну й вось звольнілі».

З пачаткам ліпеня ў Гелы Берберашвілі заканчваецца тэрмін афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі. У групе па грамадзянстве і міграцыі Хойніцкага райаддзелу міліцыі яму патлумачылі, што падоўжыць рэгістрацыю ніяк ня могуць. У яго няма нават віду на жыхарства — за два дзесяцігодзьдзі Гела так і не легалізаваўся, нягледзячы на сям’ю і чатырох дзяцей. У вёсцы Партызанскай Гела два дзесяцігодзьдзі жыве нібы партызан. Грузіна, для якога Беларусь стала другой радзімай, чакае дэпартацыя.

На мінулым тыдні Ірына і Гела меліся зарэгістраваць шлюб, каб былі хоць нейкія падставы працягнуць афіцыйнае знаходжаньне ў краіне. Раней іх не рэгістравалі, бо ў Гелы не было дакумэнтаў — толькі савецкі пашпарт. Цяпер у ЗАГСе маладым-немаладым патлумачылі, што Гела мусіць зьвярнуцца ў амбасаду Грузіі па даведку, каб пацьвердзіць, што на былой сваёй радзіме ня мае ні з кім шлюбных стасункаў. А гэта зноў і час, і грошы. Ні таго, ні другога ў сям’і беларускі й грузіна няма.​

Ірына з дачкой Волечкай
Ірына з дачкой Волечкай

«Калі дэпартуюць, я ж розумам крануся. Нават без адной меншай дачушкі я пражыць не змагу. Я ўжо жонцы казаў: „Давай зьбярэмся ды зьедзем разам“. Ня ведаю, праўда, куды. Мне цяпер цьвердзяць — калі будзе дэпартацыя, то вывезуць за мяжу, расейскую ці ўкраінскую, і кінуць там — ідзі куды хочаш! А жонка ў адказ: „І там вайна ідзе, і там неспакойна. Зловяць, скажуць, што ваяваў альбо што злачынца“. Я ніколі нікому кепскага не зрабіў — ні там, ні тут. Падайце запыт у Міністэрства ўнутраных спраў! Я не злачынца. Я адслужыў у арміі, як і любы самастойны грамадзянін — Грузіі ці Беларусі. Я тут застаўся. Я пакахаў жанчыну, жыву зь ёю адной, ня здраджваю. Люблю сваю жонку, люблю сваіх дзяцей».

Ірына ўжо стала турбавацца за стан мужа — Гела пасьля звальненьня з працы неяк разгубіўся. Заробку ніякага, да дэпартацыі лічаныя дні. Ехаць у Менск у амбасаду Грузіі, рабіць запыт, каб атрымаць даведку пра адсутнасьць шлюбу, — бракуе грошай. Гэтаксама як няма іх на пераклад і натарыяльнае пацьверджаньне пашпарта з грузінскай мовы на беларускую.

Ірына і Гела з дочкамі і бабуляй Тацянай (архіўнае фота)
Ірына і Гела з дочкамі і бабуляй Тацянай (архіўнае фота)

Ірына: «Калі Гела езьдзіў у амбасаду, дык патэлефанаваў зь Менску і кажа: „Я ўжо кінуся пад цягнік — няма сілаў“. Адказваю: „Ты што, здурнеў? Падай на калені, прасі“. А тут, калі езьдзіў рэгістрацыі дамагацца, зьдзіўляліся: „Як — ты працуеш? Ды я ж патэлефаную...“. Уяўляеце, што робіцца? І гэта пры тым, што райвыканкамам падпісана папера на працаўладкаваньне. Дырэктар саўгаса Гелу казаў, што будзе трымаць яго колькі зможа, бо ён добры працаўнік. Але патэлефанавалі зь міграцыйнай службы — нельга працаваць, бо грамадзянін Грузіі і віду на жыхарства няма. Ці з Гомеля нейкі дазвол адмысловы патрэбны. І заплаціць трэба некалькі мінімалак. А я й без таго ў трэці крэдыт улезла, каб ён перад працай камісію прайшоў. Беларусы за яе 120 тысяч плацяць, а яму — каля 2 мільёнаў. Цяпер буду два гады плаціць па 300 тысяч».

Шматдзетная сям’я Ірыны і Гелы Берберашвілі трапіла нібы ў зачараванае кола. Ёй хоць бы якая дапамога — ад уладаў, ад дабрадзеяў. Быў спадзеў на чарніцы ды лісічкі — зьбіраць іх у лесе і прадаваць, каб мець капейчыну. Аднак і тут не пашэнціла: з прычыны сухога надвор’я і небясьпекі пажараў на Гомельшчыне забаранілі наведваць лясы.

вёска Партызанская
вёска Партызанская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG