Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячны нумар «Газеты Слонімскай» — у гонар сьвята журналісты праводзяць дабрачынную акцыю


Калектыў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» Газэта Слонімская, архіўнае фота, 2016
Калектыў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» Газэта Слонімская, архіўнае фота, 2016

Адзінае на Гарадзеншчыне незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне «Газета Слонімская» рыхтуе тысячны нумар, які зьявіцца на наступным тыдні. Журналісты рыхтуюць для сваіх чытачоў сьвяточную акцыю ў Слоніме, але яшчэ чакаюць дазволу райвыканкаму.

Галоўны рэдактар і заснавальнік «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук гаворыць пра юбілейны нумар выданьня даволі будзённа. Ягоная газэта — адзінае ў вобласьці незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне, якому ўдалося праіснаваць 19 гадоў. Але цяпер выхад папяровага выданьня з кожным нумарам становіцца ўсё больш праблематычным, кажа ён:

— Газэце ўжо 19 гадоў, — кажа Валадашчук, — а пачынаеш узгадваць пра гэты час — і найперш усплываюць 2006 і 2008 гады. У 2006-м з намі скасавалі дамовы на распаўсюд «Белсаюздрук», крамы розьнічнага гандлю, а «Белпошта» выдаліла нас з свайго падпіснога каталёгу. І вось так 10 год бяз права прадавацца, падпісвацца. Гэта колькі давялося зрабіць высілкаў, каб стварыць свае службы і распаўсюду, і падпіскі.

Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук
Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук

А ў 2008 годзе газэту наагул хацелі закрыць, пагражалі, што адбяруць ліцэнзію. Праўда, толькі скасавалі дамову на арэнду памяшканьня. Рэдакцыя тады пачала пераяжджаць зь месца на месца. Сядзелі па розных пакойчыках па ўсім Слоніме.

— Я і цяпер працягваю ліставацца зь «Белпоштай» і «Белсаюздрукам», але адтуль адны і тыя ж адказы: «Лічым немэтазгодным заключаць дамову». Выданьні іншых краінаў у Беларусі распаўсюджваць і ўключаць у каталёг мэтазгодна, а вось беларускую газэту — немэтазгодна. І ніякага закону на гэта няма.

А таму рэдакцыя існуе на ранейшых умовах: газэту рэалізоўваюць прыватныя распаўсюднікі, і існуе падпіска, арганізаваная ў рэдакцыі. Гэта абцяжарвае шлях да чытача, але пакуль нічога іншага журналісты прыдумаць ня могуць.

19 гадоў таму газэта пачынала выходзіць 3 тысячамі асобнікаў, а ў 2006 годзе наклад дасягнуў 12 тысяч, — узгадвае Валадашчук. — Але калі дамовы на распаўсюд былі скасаваныя і газэту выдалілі з каталёгу, гэтая лічба зьменшылася спачатку да васьмі тысяч, а потым да шасьці. Цяпер папяровы наклад газэты складае 3500 асобнікаў.

— Праўда, цяпер асаблівасьць такая, што многія людзі не набываюць папяровыя варыянты, а чытаюць яе ў інтэрнэце. І нават цяжка дакладна ўявіць, колькі ў нас насамрэч чытачоў.

А як удалося 19 гадоў праіснаваць газэце? Тут Валадашчук трошкі задумваецца і ўпэўнена кажа, што гэта адбылося дзякуючы і супрацоўнікам, і падтрымцы чытачоў. Рэдактар узгадвае, як у 2006 годзе многія сыходзілі з калектыву, і выпускаць газэту было вельмі складана. Але касьцяк заўсёды заставаўся, нават у самыя цяжкія часы.

— Менавіта дзякуючы тым людзям, якія былі адданыя газэце, яна і выжыла. І я вельмі ім удзячны. Мы і цяпер стаім на мяжы -- або выжыць, або закрыцца. І ўсё ж мы спрабуем выжыць.

Юбілейны нумар газэты, паводле Валадашчука, рыхтуецца ў звычайным працоўным рэжыме. І тэмы пераважна будзённыя, тыя, якія найбольш хвалююць чытача.

На плянэрцы журналісты абмяркоўваюць, якім будзе тысячны нумар выданьня
На плянэрцы журналісты абмяркоўваюць, якім будзе тысячны нумар выданьня

— Праўда, ёсьць і адметнасьць у юбілейным нумары. Мы зьбіраемся ў тысячным нумары правесьці дабрачынную акцыю і сабраць сродкі на лячэньне дзяўчынкі. У аднае нашае супрацоўніцы хварэе малая дачушка, ёй патрэбная адмысловая мэдыцынская дапамога, і мы ўсе на плянэрцы вырашылі зрабіць праз газэту ўсё, што ад нас можа залежаць, каб ёй дапамагчы. Вось такі ў нас будзе тысячны нумар.

Мікола Канановіч, намесьнік галоўнага рэдактара, які працуе ў выданьні амаль ад пачатку яго існаваньня, прызнаецца, што сьвяточны настрой у рэдакцыі ўсё ж лунае. Паводле Канановіча, тысячны нумар «Газеты Слонімскай» — гэта 19 гадоў ягонага жыцьця.

Намесьнік галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Мікола Канановіч
Намесьнік галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Мікола Канановіч

— Узгадваю, як упершыню ўзяў у рукі сваю газэту і радаваўся ёй. І як бы там ні было, мінула 19 год, і мы ўсё яшчэ выпускаем сваю газэту.

Канановіч кажа, што за гэты час шмат што зьмянілася ў тэхнічным сэнсе – прыкладам, цяпер ніхто не здае матэрыялы, напісаныя ад рукі, а ўсе аддаюць у вордаўскіх файлах. Але, паводле яго, журналісцкая праца ад гэтага лягчэйшай ня стала, і хлеб журналіста ўсё яшчэ застаецца нялёгкім.

— Калі казаць пра тое, наколькі свабодна цяпер працуецца журналісту, то мушу заўважыць, што градус свабоды, на жаль, ніжэйшы ў цэлым як у краіне, так і ў СМІ. Кожны журналіст у сілу абставін мае цяпер унутранага цэнзара, свабоды стала меней. Хаця, карыстаючыся сродкамі мовы, журналіст і сёньня можа данесьці сваю думку да чытача. Але ў свабоднай краіне цікавей працаваць.

Паводле Канановіча, галоўнае, што газэту не пакідае чытач: старэйшыя людзі ў сілу звычкі набываюць папяровы варыянт, а маладое пакаленьне цікавіцца інфармацыяй праз інтэрнэт.

— І вось тут мы павінны працаваць ня так, як раней. А на сайце патрэбныя ўжо і відэа-, і аўдыёматэрыялы, рознага кшталту інфаграфіка і іншыя спосабы падачы інфармацыі. Мы імкнёмся працаваць больш і робім гэта, толькі вось шкада, што ў нашых эканамічных умовах вельмі складана ўтрымацца на плыву.

Галоўны рэдактар Віктар Валадашчук кажа, што газэта, як і ўсё грамадзтва, перажывае ня лепшыя часы з прычыны эканамічных праблемаў. Тым ня менш журналісты хочуць адзначыць тысячны нумар газэты. І зрабіць гэта разам з чытачамі. Дзеля гэтага рыхтуюць адмысловую праграму і падалі заяўку на правядзеньне акцыі ў цэнтры гораду. Праўда, улады, хоць часу засталося няшмат, адказ даваць не сьпяшаюцца.

«Газету Слонімскую» яшчэ ў 1928 годзе пачалі выдаваць вядомы беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. На пачатку 1939 году ў сувязі з арыштам рэдактара газэта спыніла сваё існаваньне, і толькі з 1997 году выданьне аднавіў слонімскі журналіст Віктар Валадашчук.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG