Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Футбаліст Юрчанка стварыў сацыяльную сетку для пасьпяховых беларусаў


«Краіна Мараў» — беларускамоўная сацыяльная сетка, у якой кожны чалавек можа паставіць сабе мэты і дасягаць іх, дэманструючы свае посьпехі іншым удзельнікам кам’юніці.

Стваральнік праекту, былы футбаліст Юрась Юрчанка лічыць, што, далучыўшыся да «Краіны мараў», беларусы могуць стварыць ідэальнае віртуальнае асяродзьдзе. Летась спадар Юрчанка ініцыяваў віртуальны конкурс беларускамоўных відэаролікаў «Крок наперад».

«„Краіна мараў“ — гэта ня проста блог і ня проста сайт зь відэа і артыкуламі. Таксама нельга сказаць, што гэта звычайная сацсетка, дзе людзі ставяць „падабайкі“ і робяць рэпосты. Асноўная мэта праекту — даць людзям, якім цікавае ўласнае разьвіцьцё і цікавая беларуская мова, аб’яднацца ў тое, што я назваў „краінай мараў“. Падчас рэгістрацыі чалавек павінен паставіць перад сабой канкрэтныя мэты, апісаць свае мары. Працэс дасягненьня гэтых мэтаў і мараў карыстальнікі будуць пацьвярджаць відэа-, фатаздымкамі ці проста тэкставымі паведамленьнямі. Я хачу, каб мы, беларусы, згуртаваліся і былі ўсе разам — тыя, каму па-сапраўднаму цікавая мова і пэрсанальнае разьвіцьцё. Усе разам мы будзем рухацца да посьпеху», — кажа заснавальнік „Краіны мараў“».

Юрась Юрчанка

Юрась Юрчанка

Што ў праекце першаснае — беларуская мова ці стымуляваньне удзельнікаў, каб дасягаць посьпехаў? Юрась Юрчанка лічыць, што гэтыя чыньнікі ўзаемазьвязаныя:​

«Я не разьмяжоўваю „беларускамоўнасьць“ і „разьвіцьцё“. Тым больш што я стварыў праект для тых, каму цікавая і мова, і разьвіцьцё. Я сам такі чалавек. Я хачу, каб разьвіцьцё, посьпех былі разам зь беларускай мовай. Адно без аднаго немагчымае. Проста вучыць беларускую мову — гэта ня тое, да чаго я імкнуся. А вось вывучаць мову, робячы нешта для сябе, для свайго разьвіцьця, — гэта будзе значна цікавей і карысьней».

Сайт «Краіна мараў», як і папярэдні праект «Крок наперад», Юрась Юрчанка робіць самастойна, ня маючы ані спонсараў, ані каманды паплечнікаў. Менавіта таму рэгістрацыя на сайце платная.

«Гэта мой праект, мае ідэі, мая распрацоўка. Грошы на распрацоўку таксама мае. Калі я зьвяртаюся да іншых спэцыялістаў, то гэта каштуе грошай», — так тлумачыць спадар Юрчанка неабходнасьць аплаты для рэгістрацыі карыстальніка.

Чаму спартовец пасьлядоўна займаецца прасоўваньнем і папулярызацыяй беларускай мовы?

«Я заўсёды цікавіўся мовай, нават яшчэ калі прафэсійна займаўся спортам. Цяпер гэтая ідэя не дае мне спакойна сядзець на месцы. Першы праект, „Крок наперад“, быў конкурсам відэаролікаў, які лягічна завяршыўся абвяшчэньнем пераможцаў. Але мне захацелася далей разьвівацца ў гэтым кірунку. Праект „Краіна мараў“ не абмежаваны ў часе, тут важны проста працэс удзелу ў ім», — тлумачыць Юрась Юрчанка.

У «Краіне мараў» можна знаёміцца, пісаць паведамленьні, падпісвацца на ўдзельнікаў, самому вызначаць узровень ведаў мовы, сачыць за прагрэсам, зьвяртацца па дапамогу да тых, хто ведае мову лепш, дапамагаць тым, хто зьвяртаецца да вас, ставіць перад сабой мэты, разьбіваць працэс іх дасягненьня на этапы, пацьвярджаць выкананьне кожнага этапу, дасылаючы на сайт справаздачу.

XS
SM
MD
LG