Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну аварыі на «Фукусіме» эколягі заклікалі спыніць будаўніцтва БелАЭС


Будаўніцтва Беларускай АЭС

Будаўніцтва Беларускай АЭС

11 сакавіка, у пятую гадавіну радыяцыйнай катастрофы на АЭС «Фукусіма Даічы» ў Японіі, эколягі розных краін падпісалі і распаўсюдзілі зварот Сяброў зямлі Японіі з заклікам адмовіцца ад атамнай энэргетыкі і зрабіць будучыню свабоднай ад радыяцыйных рызыкаў.

Як перадае БелаПАН, японскія эколягі зьвярнулі ўвагу на тое, што да пятай гадавіны аварыі на «Фукусіме» яе наступствы пагаршаюцца, а сытуацыя далёкая ад вырашэньня.

«Забруджаная вада працягвае выцякаць з разбуранай электрастанцыі, радыеактыўныя адкіды назапашваюцца безь якога-колечы рашэньня. Больш за 100 дзяцей былі праапэраваныя з прычыны раку шчытападобнай залозы. Дапамога з жыльлём добраахвотным перасяленцам будзе прыпыненая ў сакавіку 2017 году, і яны будуць кінутыя на волю лёсу», — гаворыцца ў заяве.

Японскія эколягі патрабуюць спыніць усе дзейныя АЭС і скасаваць пляны іх будоўлі ва ўсім сьвеце. Яны таксама выступаюць за «энэргетычную перабудову» — пераход ад бруднай да ўстойлівай энэргетыкі — і заклікаюць змагацца за будучыню, свабодную ад усіх формаў радыяцыйнай рызыкі.

Аўтары звароту выказваюць сваю ўдзячнасьць калегам зь Беларусі, якія, паводле іх словаў, працягваюць барацьбу дзеля абароны дзяцей ад радыяцыйнай рызыкі, нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі.

Беларуская антыядзерная кампанія, куды ўваходзяць ГА «Экадом», Беларуская партыя «Зялёныя», грамадзкая кампанія «Вучоныя за бязьядзерную Беларусь», падтрымала заяву японскіх эколягаў. У тым ліку падтрымана іх патрабаваньне адмовіцца ад атамнай энэргетыкі і спыніць будоўлю Беларускай АЭС.

Аварыя на АЭС «Фукусіма Даічы», супастаўная па маштабе наступстваў з Чарнобылем, здарылася 11 сакавіка 2011 году.

XS
SM
MD
LG