Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку здавалася, што «справа легіянэраў» — гэта разавы прапагандысцкі прадукт, укінуты ў інфармацыйную прастору напярэдадні Дня Волі, каб запужаць абывацеляў і апраўдаць жорсткі разгон акцыі ў гэты дзень. Думалася, 25 сакавіка пройдзе — і справу спусьцяць на тармазах, бо вельмі ўжо ўсё было штучна, нязграбна і абсурдна. Так бывала раней, калі пра зброю, нібыта знойдзеную ў апазыцыянэраў, хутка забывалі, бо ў гэтым больш не было палітычнай патрэбы.

Але не. Публікацыя ў «Советской Белоруссии» 11 красавіка сьведчыць пра працяг масіраванай прапагандысцкай кампаніі вакол гэтай тэмы. Крымінальную справу перакваліфікавалі па «цяжэйшым» артыкуле.

Гледзячы па ўсім, журналістаў пазнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы, яны маглі адбіраць найбольш відавочныя факты. Але тое, што было надрукавана, толькі пацьвярджае думку, што КДБ, які вядзе сьледзтва, у сапраўднасьці нічога ня мае, каб можна было выставіць уцямныя абвінавачваньні супраць гэтых людзей.

Паводле аўтараў матэрыялу, самі арыштаваныя не даюць паказаньняў, якія б пацьвярджалі іх віну. Што ж ім інкрымінуюць? Трэніраваліся, праводзілі спартовыя летнікі з падлеткамі, езьдзілі ў Кіеў на Майдан, дзе вучыліся страляць у ціры (!) і праходзілі мэдыцынскую падрыхтоўку (!), у іх знайшлі страйкбольную зброю (якую кожны можа купіць у краме) і макеты зброі.

Праўда ёсьць паказаньні пра трэніроўкі па стральбе з гладкаствольнага ружжа. Але прозьвішча чалавека, які так кажа, чамусьці не прыводзіцца. Нейкі ананім.

Ну, яшчэ нібыта займаліся кансьпірацыяй, то бок — ня ўсё гаварылі праз тэлефон. Дык такой кансьпірацыяй займаецца большасьць насельніцтва Беларусі. Фразу «гэта не тэлефонная размова» хоць раз у жыцьці ўжываў амаль кожны беларус. І з гэтым яны зьбіраюцца ісьці ў суд?

Безумоўна, шэдэўрам «журналісцкага расьсьледаваньня» прэзыдэнцкай газэты стаў ліст «грамадзянкі Нямеччыны зь беларускімі каранямі» фраў А., якая гераічна выкрыла падступную змову баевікоў на 25 сакавіка. У сацсетках ужо досыць накпілі з таго факту, што ліст напісаны ад рукі — мусіць, з кампутарамі ў Нямеччыне вялікія праблемы. Ніякіх канкрэтных фактаў там няма, проста галаслоўнае цьвярджэньне. Але беларускія ўлады адразу паверылі.

І тут цікавая храналёгія падзеяў. Ліст напісаны 16 сакавіка, у Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі ён паступіў 20-га, арышты пачаліся 21-га. То бок КДБ толькі чакаў ліста гэтай загадкавай ананімнай жанчыны. Варта было б узнагародзіць яе нейкім баявым ордэнам. Краіна павінна ведаць сваіх герояў.

Палітычныя абвінавачаньні на адрас легіянэраў больш цікавыя і выразныя. У бабруйскім клюбе «Патрыёт» яны вялі выхаваньне «з празьмерным нацыяналістычным ухілам і яўна па-за кантэкстам дзяржаўнай палітыкі». То бок вучыць любіць Беларусь, тым больш на беларускай мове — гэта, з гледзішча ўладаў, небясьпечны і злачынны занятак.

То бок вучыць любіць Беларусь, тым больш на беларускай мове — гэта, з гледзішча ўладаў, небясьпечны і злачынны занятак

А яшчэ яны правініліся тым, што абаранялі Курапаты. Цікава, што галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч зусім нядаўна дзякаваў абаронцам Курапат за грамадзянскі парыў.

Таксама прыплялі сюды Міколу Статкевіча. Аўтары «расьсьледаваньня» «злачынстваў» легіянэраў пішуць: «Бʼе ў вочы пастаянная сувязь зь небезьвядомым Статкевічам». Але ж Мікола пяць гадоў праседзеў у турме. Цікава, як яны падтрымлівалі зь ім сувязь? Мусіць, праз ахову і турэмны пэрсанал.

І галоўнае пытаньне: навошта ўсё гэта? Зразумела, карная машына запушчаная і працуе па інэрцыі. Сказаўшы «А», трэба казаць і «Б».

Але, падаецца, як звычайна, адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць у псыхалёгіі аднаго чалавека. Яму трохі няўтульна і некамфортна жыць без палітвязьняў, без закладнікаў. Бо няма звыклага козыра ў гульні з геапалітычнымі партнэрамі ці супернікамі.

Але галоўнае ў тым, што Аляксандар Лукашэнка атрымаў моцную псыхалягічную траўму ад падзей апошніх двух месяцаў. Народ на вуліцах, які ганьбіць «народнага прэзыдэнта», — гэта невыносная псыхалягічная стрэмка. Яна сядзіць у душы і шчыміць, ён увесь час пра гэта думае. Вось і падчас наведваньня 11 красавіка прадпрыемства «Рэчыцадрэў» ён раптам узгадаў гэтую тэму, чарговым разам неяк спрабаваў апраўдацца.

Таму справа легіянэраў — гэта траўматычная рэакцыя Лукашэнкі на «Беларускую вясну». Гэта такі псыхалягічны громаадвод, з дапамогай якога павінен адбыцца выкід усяго атрыманага апошнім часам нэгатыву.

P. S. Саромеюся спытаць: а што сталася з тымі двума затрыманымі грамадзянамі, якія нібыта прарываліся на джыпе са зброяй праз украінска-беларускую мяжу з Украіны? Ау, КДБ, дай адказ. Не дае адказу.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG