Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарына: Францыск ці ўсё ж Францішак?


На помніку ў Празе надпіс „Францішак Скарына“
На помніку ў Празе надпіс „Францішак Скарына“

6 жніўня мы ўшанавалі 500-годзьдзе чыну беларускага першадрукара (без асаблівага імпэту з боку ўладаў). І зноў выявілася старая праблема: беларусы ня могуць дамовіцца пра сучаснае напісаньне і вымаўленьне імя Скарыны. Разнабой не дадае нам павагі ў сьвеце.

Георьгий Лукич нас пакінуў

Беларускае імя асьветніка зазнала прыгоды празь некалькі вякоў пасьля ягонай сьмерці. Спачатку ў ХІХ стагодзьдзі расейскія навукоўцы, усьлед за імі беларускія савецкія, а цяпер і дзеячы РПЦ прыпісалі Скарыну імя Георгій і вэрсію, нібыта ён мусіў мяняць праваслаўнае імя на каталіцкае, каб вучыцца ва ўнівэрсытэтах русафобскага Захаду. Але адзіны прыклад ужываньня слова georgium пры прозьвішчы Скарыны — памылка перапісьніка з арыгіналу, дзе пра Скарыну лацінскі прыметнік у вінавальным склоне egregium — ‘надзвычайнага, слаўнага’. Тэма „Георгія“ закрытая.

Але і сапраўднае імя Скарыны ўжываецца ў розных формах.

Францішак vs Францыск

Нявызначанасьць імя паўплывала на выдатныя творы, прысьвечаныя Скарыну. Опэра Дзьмітра Смольскага (1990; лібрэта Сьвятланы Клімковіч) называецца Францыск Скарына“:

Але, як чуем, Маргарыта зьвяртаецца да каханага Францішак.

І першыя свае кнігі ў Празе ў 1517 годзе Скарына падпісваў менавіта як Францишек. Відаць, памятаючы, як звалі яго дома і ў родным горадзе.

З прадмовы да Прытчаў, або Прыслоўяў Салямонавых
З прадмовы да Прытчаў, або Прыслоўяў Салямонавых

...Я, Францишек Скорининъ сынъ с Полоцька, в лекарскихъ науках доктор...

Гэтаксама ў прадмовах да праскага і віленскага выданьняў Псалтыра.

Скарынава імя пішуць Францышко (у назоўным склоне, аналягічна як Пётра ці Кірыла) у дакумэнтах Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага па-беларуску кірыліцай.

Але ў сваіх пазьнейшых друках Скарына падпісваўся ўжо доктарам Францыскам — у родным і творным склонах:

​Прадмова да Кнігі Юдзіф
​Прадмова да Кнігі Юдзіф

Франциском, Франциска — гэтак можа скланяцца як імя Франциско (Скарына так падпісаўся ў прадмове да 1-й Кнігі Царстваў), так і імя Франциск, але такі варыянт не зафіксаваны.

У дакумэнтах па-лацінску Скарына, вядома ж, — Franciscus. Зрэшты, у графіцы лацінскае мовы няма як перадаць шыпячы гук [ш].

Народу Францыск недаспадобы

Беларускі традыцыйны іменаслоў ня ведае імя Францыск. Пачынаючы з XVI–XVII ст. фіксуюцца толькі формы, адпаведныя імю Францішак (з вытворнымі Прон, Пранец). І ў народнай традыцыі найноўшага часу ёсьць Франціш, Франак, Франц, Франусь, Пранцісь, Пранук.

Імя Францішак насілі многія беларускія культурныя і грамадзкія дзеячы новага часу: Францішак Багамолец, Францішак Савіч, Францішак Багушэвіч, Францішак Аляхновіч, Францішак Бартуль...

Францішак Аляхновіч. Партрэт невядомага мастака
Францішак Аляхновіч. Партрэт невядомага мастака

Ёсьць галерэя пэрсанажаў твораў беларускае літаратуры — ад Пранцішка з камэдыі „Модны шляхцюк“ Каруся Каганца да Пранціся Пустарэвіча, героя Купалавай „Паўлінкі“ з гаваркім прозьвішчам, і Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега з раману Л. Рублеўскай.

Сярод беларускіх літаратурных псэўданімаў — Францішак Вядзьмак-Лысагорскі (Ніл Гілевіч), Францішак Хлус (Уладзіслаў Ахроменка).

У беларускім літаратурным кантэксьце імя Францішак пачуваецца ўтульна.

Першафранцішак

Этымалёгія імя добра вядомая. Francesco — дзіцячая мянушка Джавані Бэрнардонэ, у сталасьці — манаха, заснавальніка ордэну Малых Братоў, кананізаванага пад імем сьвятога Францішка Асыскага. Па-італьянску Francesco азначае ‘малы француз’; так называў яго, як мяркуюць, бацька, бо малы авалодаў францускаю моваю.

Сьв. Францішак. Хасэ дэ Рыбэра, алей, 1642
Сьв. Францішак. Хасэ дэ Рыбэра, алей, 1642

​Лацінская форма Franciscus дакладна адпавядае італьянскай. Францішак быў кананізаваны пасьля падзелу хрысьціянства, і гэтае імя засталося заходнехрысьціянскім, у праваслаўнай традыцыі яно ня стала кананічным.

Францішкі шчыльнымі радамі

Franciscus — папулярны сьвяты. Яго імя адаптавалася да ўсіх моваў заходнехрысціянскага сьвету адпаведна іхным асаблівасьцям. Францускае François, гішпанскае і партугальскае Francisco, нямецкае Franz Franziskus), данскае Frans і г.д.

Славянскія мовы заходнехрысьціянскага сьвету ўспрынялі імя ў поўнай форме: František па-чэску і па-славацку (старэйшая форма Frančišek), Franciszek па-польску, Franjo, Franciško па-харвацку, Frančišek па-славенску. Таксама Pranciškus па-літоўску.

Хоць гэтае імя паходзіць ад памяншальнай італьянскай формы, але яно мае паўнавартасны статус, і таму вытворныя ад яго, у тым ліку сучасныя памяншальныя, бываюць абсечаныя ў параўнаньні з арыгіналам. Г. зн. Franz ад Franziskus, а не наадваарот.

Хіба ліха возьме Францішка, каб ён ня цекнуў“

Народны іменаслоў нам падказвае, што старабеларускі Францишек — гэта і ёсьць сучасны Францішак. Але якое вымаўленьне хаваецца за Скарынавым напісаньнем? Зь „цеканьнем“ — [Францішак] — ці зь цьвёрдым гукам [ц], г. зн. [Францышак]?

Магчыма, мы ніколі гэтага канчаткова ня ўведаем. Але можна зрабіць вельмі верагодныя дапушчэньні.

Па-першае, у старабеларускай мове характэрныя рысы нашае фанэтыкі — „цеканьне“ і „дзеканьне“ — на пісьме, як правіла, не абазначаліся: пісалі пити , але чыталі [піці] (пра гэта ў маім папярэднім тэксьце.

Аднак жывое вымаўленьне прабівала сабе дарогу і ў пісьме. Спачатку так пісалі ненаўмысна. Яўхім Карскі дае падборку ад пачатку XV стагодзьдзя: людзи (1409); метаци, поводзе, наложыць, еднаць, слаць, въ мѣсцѣ нашомъ, дзюбали, невесце (XVI ст.); целяцины, цемнозеленого (1679). Пранікла цеканьне ўва ўласныя імёны: Мацька, Мицьково (XVI ст.), Арцемъ, Цимошку (1681 г.).

І сам Скарына, хоць вельмі рэдка, але дазваляе сабе „цеканьне“ ў агульнай лексыцы: …у горла висела глава, ис цела не была отгорънена (г. зн. галава ад цела не аддзеленая; такі фільм жахаў у Кнізе Левіт 12).

Па-другое, навуковец і вандроўнік Скарына быў добра абазнаны і ў лацінскай мове, і ў моўна-правапісным ляндшафце тагачаснай Эўропы. Лацінская ж была афіцыйнаю моваю ў бальшыні краінаў тагачаснай Эўропы. Адпаведнікі ягонага імя ў іншых мовах пісаліся лацінскімі літарамі праз -сі- (лац. Franciscus, польск. Franciszek) або праз -zi- (ням. Franziscus). Толькі ў чэскай напісаньне -ti- (хаця больш архаічная форма -či-), але самога Скарыну ў чэскамоўным дакумэнце завуць і František, і Franc.

На маю думку, пішучы сваё імя праз и- кірыліцай, Скарына ўніфікаваў яго з лацінскім ды іншымі лацінапісьмовымі стандартамі. І заадно перадаў роднае „цеканьне“.

Францішкава Трыморе

Другое важнае пытаньне — які гук у заканчэньні імя: -ск- або -шк-/-шак? Адкуль -ш-?

Ідэоляг моўнага пурызму Ян Станкевіч, адстойваючы форму Пранціш, пераконваў, што -ш- у суфіксе зьявілася на беларускай глебе паводле аналёгіі з такімі формамі імёнаў, як Адаш, Богуш, Аўгіяш, Данюш. Паважныя варыянты імёнаў „із ш на канцы маюць людзі сталыя й старыя“, — пісаў Ян Станкевіч.

Але больш праўдападобна, што беларуская народная мова разам з шэрагам іншых славянскіх і літоўскай запазычыла гатовыя формы імя на -шк-.

Скажам, у некаторых рэгіёнах Баўгарыі разам з каталіцкай верай у XVII ст. зьявілася імя Франческо (жан​. Франческа), але ёсьць і Францешко, Франчишко ды інш. Адкуль там гук ш? Баўгарскія мовазнаўцы тлумачаць яго або прыпадабненьнем с да ч, або ўплывам шыпячага вымаўленьня -sc- у італьянскіх дыялектах.

Але, хутчэй за ўсё, формы на -шак (-šek, -szek) зьявіліся ў чэскай, славацкай, славенскай, харвацкай мовах, а празь іх у польскай, беларускай, літоўскай, баўгарскай пад уплывам паўднёвых нямецкіх дыялектных формаў на -schkus. Прыкладам, у мескіх кнігах Вены пад 1414 годам можна сустрэць імя Francischcus. Аналягічная форма бытавала ў іншых аўстрыйскіх землях, напр., у Паўднёвым Тыролі, яна характэрная для баварскага дыялекту ў цэлым, у Бадэн-Вюртэмбэргу ўжываецца і цяпер, як і ў швайцарскіх нямецкамоўных кантонах (напр., Швіц).

Так Францішкі апанавалі прастору паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным морамі.

Незалежна ад паходжаньня, беларуская народная форма Францішак (з гукам [ш]) улучае нашую мову ў вялікі рэгіён Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

Франціш ня ведае таго, што ня вывучыў Францішак

У звычайных словах славянскіх моваў фіналь -шак ці адпаведная можа паказваць на памяншальнасьць: келіхкілішак. Але Францішак як імя — не памяншальная форма. Гэта потым ад Францішка на беларускім грунце быў утвораны Франціш/Пранціш (гук [ф] гістарычна нехарактэрны для беларускае мовы).

Зь іншага боку, аўтар артыкула пра Скарынава імя і прозьвішча ў энцыкляпэдыі „Францыск Скарына і яго час“ гісторык мовы Аркадзь Жураўскі сьцьвярджаў, што рэканструяванае імя Францискъ „трэба лічыць асноўнай, афіцыяльнай формай“, а Франциско (Францышко) — „дамашняй, сямейнай, гутарковай“, аналягічна Андрей — Андрейко, Василь — Василько...

Але выразнага проціпастаўленьня так званых афіцыйных і гутарковых формаў імёнаў у беларускай традыцыі не было, гэта больш характэрна для расейскай традыцыі.

Францішак і базылішак

Цікава, што падобным чынам тыя самыя славянскія мовы асвоілі іншае імя, праўда, міталягічнае — грэцкае βασιλίσκος, літаральна ‘малы манарх’, ‘каралёк’, але гэтым словам завуць пачвару-рэптылію, зьмяінага караля, хімэру зь сьмерцяносным позіркам, якая трапіла нават у біблійны кантэкст.

Вацлаў Голяр (1607-1677). Базылішак і ласіца
Вацлаў Голяр (1607-1677). Базылішак і ласіца

Basilisk па-ангельску, basilisco па-італьянску. Але bazilišek па-чэску, bazilišok па-славацку, bazilišk па-славенску, bazyliszek па-польску. І ў беларускай традыцыі базылішак.

Базылішк— п’еса Францішка Аляхновіча. Слова базылішак у пераносным значэньні захоўваюць у перакладзе „Пана Тадэвуша“ і Дунін-Марцінкевіч, і Пятро Бітэль:

Тут задрыжэў Асэсар, выпусціў кілішак
І ўбіў зрок у Тадэвуша, як базылішак.

Інтрыгоўна пачынаецца „Казачка пра цмока Базылішка“ Сержука Вітушкі: „ Тое, што цмок Базылішак жыў у Вільні, — гэта дакладна. Ёсьць дзясяткі легендаў пра гэтае месца — вуліцу Бакшанскую, горку на ёй, унізе якой Віленка цячэ“.

У вершаваным беларускім эпасе пра Белабога Сяржук Сокалаў-Воюш апісаў змадыфікаваную хімэру — Трыгалова-Базылішка:

…Засьвяціліся
Іскрамі моцныя стоды,
Затрашчэлі
Ды пылам зрабіліся дрэвы,
І сышоў
На зямлю Трыгалоў-Базылішак.
ён чорны,
Як нетры пушчанскіх балотаў,
Злосным полымем
Зьзялі чырвоныя вочы,
Кіпцюры
Шматгадовы дзірван узьдзіралі,
Агаляючы
Чэрава Маці-зямелькі…

Франциск і василиск

Па-расейску ж аналягічны пэрсанаж завецца василиск адпаведна грэцкаму гучаньню слова бізантыйскай эпохі, калі літара β пачала вымаўляцца як [в].

Падобна па-расейску і Франциск. Хоць прычына такога гукавога афармленьня іншая. У расейскай моўнай традыцыі свайго, народнага варыянту гэтага імя ніколі не было і няма. Лацінізм Франциск ад Franciscus падкрэсьлена чужаземны. Так па-расейску называюць сьвятога, названых у гонар яго людзей, у тым ліку цяперашняга Папу, ад гэтага кораню ўтвораная назва ордэну — францисканцы. (Манархаў нямецкамоўнага сьвету па-расейску звычайна завуць Франц.)

Каранаваныя Францішкі

Ёсьць агульнаэўрапейская традыцыя называць ня толькі Францішка, але ўсіх хрысьціянскіх сьвятых сваёю для кожнай мовы формаю адпаведнага імя. Saint George, Saint Francis, Saint Joseph па-ангельску = сьвяты Юры, сьвяты Францішак, сьвяты Язэп па-беларуску.

Імёны манархаў, ад сьвятых узятыя, падпадаюць пад гэтае правіла: па-нямецку Franz Joseph I., па-вугорску I. Ferenc József, па-чэску František Josef I., па-харвацку Franjo Josip I., па-гішпанску Francisco José I (той самы аўстра-вугорскі імпэратар, за партрэт якога, заседжаны мухамі, быў адпраўлены ў турму разам са Швэйкам карчмар Палівец).

Як бачым, у кожнай мове імпэратара завуць па-свойму. Адпаведна і па-беларуску ён Францішак Язэп І. Менавіта Францішкам Язэпам называе аўстра-вугорскага манарха Алесь Гарун у газэце „Беларусь“ ад 4 сьнежня 1919 г.

Папа Францішак (справа) і Патрыярх Канстантынопальскі Барталямэй
Папа Францішак (справа) і Патрыярх Канстантынопальскі Барталямэй

Цяперашні Папа Рымскі, таксама манарх, узяў сабе папскае імя Franciscus па-лацінску — акурат ад Францішка Асыскага, і звацца па-беларуску ён павінен Францішак.

Манаскі ордэн, заснавальнікам якога быў сьв. Францішак Асыскі, па-беларуску мае звацца ягоным імем у беларускім гучаньні — ордэн францішканаў.

Вяртаньне Францішка

Францішкам Скарыну пасьлядоўна называлі ў беларускай несавецкай традыцыі, у пасьляваенным эміграцыйным скарыназнаўстве (найперш назавем Сымона Брагу, ён жа Вітаўт Тумаш). У БССР форма імя Францішак была сьвядома маргіналізаваная, пра яе ня ведалі, у таленавітых і знакавых творах ужывалі форму Францыск.

Аўтар словаў гіта „Пляц Францыска“ Фэлікс Аксёнцаў у пошуках сьледу Беларусі на мапе гораду пытаўся:

Плошча № 2, плошча № 3 —​
Дзе тваё імя, мой пляц?

Пляц Фpанцыска, падковаў змyлены гyк,
Каляpовая цэгла вякоў.
Пляц Фpанцыска, на небе недзе твой бpyк
—​
Ты таемная збpоя дзядоў.
(Гурт “Уліс”, 1989 год)

Але ўжо ў 1991-м галоўны праспэкт сталіцы на хвалі адраджэньня нацыянальнае памяці назвалі імем Скарыны (тады яшчэ ў варыянце Францыска); праўда, пляц так і не зьявіўся. А ў 2005-м цяперашні кіраўнік яго без тлумачэньняў перайменаваў (відаць, невыпадкова).

Вулічная шыльда „Праспект Францыска Скарыны“, выкінутая ў сьметніцу камунальнымі работнікамі. Менск, 2005
Вулічная шыльда „Праспект Францыска Скарыны“, выкінутая ў сьметніцу камунальнымі работнікамі. Менск, 2005

Так мы засталіся і без праспэкту, і бяз пляцу. Але затое наступным разам можам вярнуць лепшую форму імя першадрукара.

Падсумуйма. Чаму не Францыск?

Бо, па-першае, беларускі народны і кананічны іменаслоў такога імя ня ведаў і ня ведае.

Па-другое, невядомыя выпадкі, каб Скарына сам сябе так называў.

Па-трэцяе, форма імя Франциск арыентуе на расейскую мову, у якой так называюць заходнехрысьціянскіх сьвятых.

Па-чацьвертае, „ФранцыСКСКарына“ — проста немілагучна і цяжкавымоўна. Невыпадкова Скарына вэстэрнізаваў сваё імя як Франциско з галоснай у канцы. Але браць варыянт „Францыска Скарына“ як асноўны сучасны наўрад ці варта, бо і надта радыкальна, і будуць праблемы зь яго скланеньнем.

Чаму Францішак?

Па-першае, гэта традыцыйнае для Беларусі імя, вядомае ў напісаньнях Францишек/Франтишек прынамсі з XVI–XVII ст.

Па-другое, сам Скарына сябе так называў.

Па-трэцяе, калі нават ён называў сябе інакш, то адаптаваў кірылічнае напісаньне імя да лацінскага. Выбар лацінізаванай формы імя можна параўнаць з адаптацыяй у Заходняй Эўропе імя Міколы Гусоўскага — Nicholaus Hussovianus, Леў Сапега таксама быў „на экспарт“ Leonus. Урэшце, нашыя Жыгімонты, перасёкшы заходнюю мяжу, ставалі Зыгмунтамі-Сыгізмундамі.

Тым ня менш мы завем Гусоўскага Міколам, а князя Жыгімонтам. Так і Скарына — Францішак.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG