Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фукуяма ў твітэры зьдзівіўся IT-посьпехам Беларусі


Фрэнсіс Фукуяма

Фрэнсіс Фукуяма

Знакаміты амэрыканскі палітычны эканаміст Фрэнсіс Фукуяма ў твітэры задаўся пытаньнем, ці сапраўды Беларусь экспартуе праграмнага забесьпячэньня больш як на паўмільярда даляраў у год.

Фукуяма спасылаецца на артыкул вядомага лабіста Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе Рыгора Ёфэ «Ці больш пазнавальная Беларусь?». У ім Ёфэ ў азнаямляльным парадку пералічае дасягненьні Беларусі эпохі Аляксандра Лукашэнкі. Згадваючы міратворчыя намаганьні кіраўніка краіны ў вырашэньні расейска-ўкраінскага крызісу, Ёфэ апісвае, як у Беларусь зачасьцілі замежныя госьці. А нядаўні візыт дзяржсакратара Ватыкану ў Менск дае аўтару падставу нагадаць, што ў 2009-м паездка Лукашэнкі да папы Рымскага дапамагла пераадолець ізаляцыю Беларусі ад Захаду. Згадваецца ў артыкуле і зьняцьцё амэрыканскіх санкцыяў зь «Беларуснафты». А таксама паранаідальная рэакцыя некаторых колаў Расеі на дыпляматычныя посьпехі Аляксандра Лукашэнкі на заходнім напрамку.

Аднак будаваць пазытыўны імідж усходнеэўрапейскай краіны Ёфэ пачынае з дасягненьняў у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў.

«За 2014 год агульны экспарт праграмнага забесьпячэньня праз Парк высокіх тэхналёгіяў склаў 585,2 млн даляраў, — піша Ёфэ. — Гэта на 131 працэнт больш, чым у 2013 годзе. Экспарт складае 88 працэнтаў ад агульнай прадукцыі ПВТ». Ёфэ зазначае, што на душу насельніцтва беларускі экспарт праграмнага забесьпячэньня перавышае паказьнікі ня толькі Індыі, але і ЗША.

«Беларусь — адзін з сусьветных лідэраў па тэмпах росту ІТ-вытворчасьці, — піша Ёфэ. — Калі падсумаваць усё вышэйсказанае, можна меркаваць, што сусьветная пазыцыя Беларусі павінна расьці заўважнымі тэмпамі, асабліва ў сфэры праграмнага забесьпячэньня і ІТ-галіне. Але нават калі гэты прагрэс і ёсьць, ён рухаецца з хуткасьцю ледавіка».

Юры Зісер

Юры Зісер

Юры Зісер, заснавальнік парталу tut.by, кажа, што ІТ-індустрыя ў Беларусі — праект ня іміджавы.

«Ніякія дасягненьні ў ІТ ніколі не кампэнсуюць правалаў у іншых галінах. Нельга кепскую эканоміку і палітыку пакрыць добрым ІТ», — кажа бізнэсовец.

«Безумоўна, Беларусь за апошнія 10 гадоў прыклала вялікія намаганьні для разьвіцьця ПВТ і ІТ-тэхналёгіяў увогуле. Тое, што мы ў сьвеце на добрым рахунку, — гэта так, — тлумачыць Юры Зісер. — Гэта праект будучыні Беларусі, гэта магчымасьць зарабіць для краіны, прарыў у наступны тэхналягічны ўклад, пэрспэктыва экспарту. Але гэта праект не палітычны».

Ці дастаткова зрабіла беларуская дзяржава для таго, каб прыпісваць сабе посьпехі ІТ-сфэры? Кіраўнік парталу dev.by Арцём Канцавы лічыць, што Беларусь у гэтым сэнсе зрабіла тое, што павінна рабіць любая іншая дзяржава

Арцём Канцавы

Арцём Канцавы

«Беларусь стварыла ўмовы для разьвіцьця і дагэтуль трымае іх нязьменнымі, — кажа Арцём Канцавы. — Вынік гэтых умоваў — ня толькі павышаная канкурэнтаздольнасьць беларусаў, што спрыяе росту індустрыі, але і максымальная адкрытасьць працы кампаніяў.

Бяз гэтай адкрытасьці атрымаць сур’ёзныя інвэстыцыі ці буйную міжнародную карпарацыю ў якасьці кліента было б немагчыма, а значыць, не было б і ніякіх іміджавых посьпехаў», — мяркуе Канцавы.

Юры Зісер кажа, што пакуль і ня бачыць, каб улады асабліва выкарыстоўвалі беларускія посьпехі ІТ у палітыцы:

«Асноўная частка нашай улады так ня думае. Для іх гэта пакуль свавольства. Пакуль што ІТ выдае пару працэнтаў ВУП, і ўплыву не адчуваецца. Але, несумненна, гэта кропка хуткага росту, і за гэтым будучыня», — кажа ён.

Парк высокіх тэхналёгій

Парк высокіх тэхналёгій

Парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) — адмысловая эканамічная зона з ільготным падаткова-прававым рэжымам.

Мэта ПВТ — стварэньне спрыяльных умоваў для распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў.

Плошча ПВТ — 50 гектараў. Месьціцца ён на ўскрайку Менску.

Ідэя стварыць беларускі аналяг «Крэмніевай даліны» пачала абмяркоўвацца ў 2004 годзе. У 2005-м Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 12 «Аб Парку высокіх тэхналёгіяў».

ПВТ — адзін з найбуйнейшых ІТ-кластэраў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

У ПВТ было зарэгістравана 137 кампаніяў.

Агульная колькасьць супрацоўнікаў — больш за 16 тысяч чалавек.

Дырэктар ПВТ — Валер Цапкала, які ў 1997–2002 гадах быў амбасадарам Беларусі ў ЗША, а да гэтага 3 гады займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG