Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры прадпрымальнікаў падаюць заяву на мітынг у Парку дружбы народаў 15 лютага


«Пэрспэктыва» па выніках форуму прадпрымальнікаў падала заяву на мітынг у Парку дружбы народаў 15 лютага. Наступны форум прызначаны на 29 лютага.

Удзень 1 лютага ў менскім гатэлі «Пэкін» прайшоў форум прадпрымальнікаў, зладжаны грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва» і зьвязаны з, як сьцьвярджаюць арганізатары, немагчымасьцю выкананьня ўказу № 222. Ад пачатку году ў сувязі з пратэстам прадпрымальнікаў практычна цалкам пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры па ўсёй краіне.

На форуме, па зьвестках арганізатараў, зарэгістраваліся тры тысячы чалавек, у залі адначасова было ня менш за тысячу. У ліку ўдзельнікаў была і 88-гадовая Юзэфа Ігнацьеўна, прадпрымальніца з 30-гадовым стажам.

Па выніках форуму прадпрымальнікі публічным галасаваньнем прынялі ўсе пункты прапанаванай рэзалюцыі. Яны па-ранейшаму патрабуюць тэрмінова скасаваць указ № 222, вярнуць указ 2005 году, які даваў патэнт на розьнічны гандаль, скасаваць указ № 48 аб пакараньнях за невыкананьне рэглямэнту Мытнага саюзу. Таксама прадпрымальнікі патрабуюць уключэньня ў рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва прадстаўнікоў «Пэрспэктывы» і перамоваў асабіста з Лукашэнкам.

Настойваючы на ранейшых патрабаваньнях, прадпрымальнікі пераходзяць да больш актыўных дзеяньняў. Яны ўтвораць ініцыятыўную групу, каб сабраць подпісы ня менш як 50 тысяч чалавек і ўнесьці такім чынам свае заканадаўчыя прапановы наўпрост у Палату прадстаўнікоў. А калі гэта не дапаможа — 450 тысяч подпісаў, каб вынесьці пытаньне на рэфэрэндум.

Таксама прадпрымальнікі падтрымалі ідэю правесьці мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў ля плошчы Бангалор. Людзі ў залі дружна паднялі рукі ў адказ на пытаньне, ці падтрымліваюць яны мітынг. «Пэрспэктыва» падала заяўку на правядзеньне мітынгу і ня бачыць прычынаў, каб гэтую заяўку не задаволілі. Месца правядзеньня старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка пракамэнтаваў словамі: «Галоўнае — ня дзе, галоўнае — колькі».

Самі прадпрымальнікі пасьля форуму абураліся абыякавасьцю ўладаў, падтрымлівалі ідэю мітынгу і, хоць і выказвалі ўдзячнасьць арганізатарам чарговага форуму, але пыталіся: «Колькі ўжо можна форумаў?». Адзін з выступоўцаў прапанаваў нават зьвярнуцца ў Міжнародны валютны фонд, каб той больш не выдаваў Беларусі крэдытаў, бо краіне нібыта ня трэба грошы, якія маглі б плаціць прадпрымальнікі ў выглядзе падаткаў.

Сход прадпрымальнікаў. УЖЫВУЮ
пачакайце

No media source currently available

0:00 2:14:36 0:00
Наўпроставы лінк

Дыялёг з уладамі ператварыўся ў асьвістваньне

На форум былі запрошаныя прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, гандлю і падаткаў, а таксама асабіста Лукашэнка. Апошні якраз напярэдадні сышоў у адпачынак. Праігнаравала форум і Міністэрства па падатках і зборах.

Ад імя Мінгандлю выступіў намесьнік начальніка ўпраўленьня арганізацыі гандлю і паслугаў Андрэй Мяшкоў. Ён даў зразумець, што прынамсі ягонае міністэрства працягвае весьці перамовы зь іншымі чыноўнікамі, але не зьбіраецца скасоўваць указ № 222 — маўляў, дакумэнты трэба атрымліваць абавязкова, бо яны даюць гарантыю бясьпекі тавараў. Прадпрымальнікі сустрэлі яго словы сьмехам і сьвістам, на што ён адказаў: «Ня трэба ха-ха». Таксама Мяшкоў падзякаваў Шумчанку за дыялёг з уладамі, на што Шумчанка адказаў, што не заўважыў дыялёгу — яго ня слухаюць.

Мінэканомікі прадставіў Пятро Арушаньянц, намесьнік дырэктара дэпартамэнту па прадпрымальніцтве. Амаль за гадзіну выступу яму практычна не далі слова ні слухачы ў залі, ні выступоўцы на сцэне, якія абвяргалі ці ня кожнае ягонае слова. Урэшце ён згадзіўся ствараць рабочую групу з прадпрымальнікамі — але толькі пры ўмове, што тыя пагодзяцца працаваць з дакумэнтамі. Удзельнікі форуму не пагадзіліся — яны маюць праблемы якраз з атрыманьнем сапраўдных дакумэнтаў ад расейскіх пастаўшчыкоў (а часам і ад дзяржаўных беларускіх) і самі нясуць за іх адказнасьць, тым часам як расейцам такія дакумэнты непатрэбныя. Арушаньянц усё ж паабяцаў запрасіць да пяці прадстаўнікоў прадпрымальнікаў і асабіста іхняга лідэра Шумчанку ў грамадзка-кансультатыўную раду Мінэканомікі.

На сустрэчу былі запрошаныя і прадстаўнікі замежных амбасадаў, у тым ліку амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар і прадстаўнік амбасады ЗША. Са сцэны прамаўляла першы сакратар расейскай амбасады Тацяна Псарова, якая казала: працаваць трэба легальна, з дакумэнтамі, але ў Расеі працу з дакумэнтамі даўно спрасьцілі. Адносна пакараньняў за парушэньні закону, казала яна, павінна насамрэч дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасьці, а дзяржава павінна дзейнічаць адкрыта, празрыста і гарантаваць прадпрымальнікам абарону іхніх правоў.

Шумчанка ж прапаноўваў Псаровай паспрыяць маштабнай сустрэчы «Пэрспэктывы» з аналягічнымі расейскімі таварыствамі, «а то людзі падумаюць, што Мытны саюз — пагроза нацыянальнай бясьпецы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG