Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wargaming і ЭБРР далі мільёны даляраў у фонд наўпроставых інвэстыцыяў Хусаенава


Алег Хусаенаў
Алег Хусаенаў

Інвэстыцыйная кампанія Алега Хусаенава «Зубр Капітал» прэзэнтавала 5 верасьня новы фонд прамых інвэстыцыяў Zubr Capital Fund I (ZCFI). Заяўляецца, што на момант прэзэнтацыі фонд склаў 50 млн даляраў і што ў пэрспэктыве можа павялічыцца да 100 млн.

Фонд мае намер рабіць доўгатэрміновыя інвэстыцыі ў беларускія кампаніі ў сфэрах IT, тавараў штодзённага попыту з экспартным патэнцыялам, а таксама ў кампаніі розьнічнага гандлю. Плянуецца інвэставаць па 3-10 млн даляраў у 5-8 кампаніяў.

Асноўны інвэстар фонду — Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, які ўклаў у фонд 12,5 млн даляраў (і можа павялічыць долю). Наступным за ЭБРР інвэстарам называецца беларускі распрацоўшчык відэагульняў Wargaming, але сума яго ўнёску не называецца (кампанія нячаста дзеліцца зьвесткамі пра свае фінансы). Агулам фонд мае дзясятак інвэстараў. 20 млн даляраў рэінвэставаныя з папярэдняга фонду «Зубра».

Алег Хусаенаў — адзін з найбольш пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі, №23 у рэйтынгу часопісу «Ежедневник». Былы дырэктар, а цяпер старшыня рады дырэктароў аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М», уладальнік «Зубр Капіталу», старшыня менскага аддзяленьня Беларускай фэдэрацыі веславаньня.

У партфоліё «Зубр Капітал» ужо ёсьць фонд наўпростых інвэстыцыяў SMH, створаны Хусаенавым у 2010 годзе. Туды ўваходзяць інтэрнэт-правайдэр «Атлант Тэлекам», ІТ-кампанія «АтлантКансалт», адукацыйная ўстанова «Школа робататэхнікі» і доля ў распрацоўшчыку праграмаў SoftClub, раней уваходзіў МТБанк (ужо прададзены Аляксею Алексіну).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG