Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Баксёр Тайсан Ф’юры адмовіўся ад чэмпіёнскіх тытулаў, каб лекавацца ад нарказалежнасьці


Тайсан Ф’юры (справа) б’ецца з Уладзімерам Клічко ў 2015 годзе

Тайсан Ф’юры (справа) б’ецца з Уладзімерам Клічко ў 2015 годзе

Брытанскі баксёр Тайсан Люк Ф’юры адмовіўся ад тытулаў чэмпіёна сьвету ў звышцяжкой вазе ў вэрсіях WBO і WBA, піша The Guardian. Цяпер Ф’юры зьбіраецца сканцэнтравацца на лекаваньні і аднаўленьні.

У заяве 28-гадовы баксёр кажа, што заваяваў тытулы на рынгу і верыць, што мусіў бы страціць іх на рынгу, але цяпер ня можа іх абараніць:

«Я прыняў цьвёрдае і эмацыйнае рашэньне афіцыйна вызваліць мае каштоўныя ўсясьветныя тытулы і я жадаю наступным прэтэндэнтам усяго найлепшага, бо цяпер я іду на іншы вялікі выклік у маім жыцьці, у якім я ведаю, што як у баі з Клічко, я перамагу».

Ф’юры нядаўна некалькі раз пераносіў паўторны бой з украінцам Уладзімерам Клічко (якога перамог у лістападзе 2015 году), а затым адмовіўся ад бою праз стан здароўя. Мэдыцынскі тэст у канцы верасьня паказаў, што Ф’юры ўжываў какаін, затым у гэтым прызнаўся сам Ф’юры — маўляў, какаін дапамагаў адужаць дэпрэсію.

Брытанская кантралюючая рада ў боксе (BBDoC) мусіла разглядзець адкліканьне яго ліцэнзіі і пазбаўленьне тытулаў, але Ф’юры пасьпеў адмовіцца ад іх раней за адхіленьне.

Цяпер біцца за вакантныя чэмпіёнскія тытулы могуць Уладзімер Клічко і брытанец Энтані Джошуа.

XS
SM
MD
LG