Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільмаваць дзеяньні міліцыянтаў? Сьледчы камітэт — супраць, праваабаронца — за


Закон не забараняе здымаць на відэа дзеяньні міліцыянтаў на вуліцах і дзяліцца зьнятым відэа. Нават калі аўтар відэа ня ўпэўнены, ці затрымлівалі злачынцу, ці зьбівалі нявіннага.

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч выказаўся ў час круглага стала газэты «Звязда» супраць відэаздымак дзеяньняў міліцыянтаў і распаўсюду такога відэа:

«Нам неабходна агульнымі намаганьнямі пераадольваць такія тэндэнцыі, калі звычайны чалавек, тынэйджэр, які лічыць сябе блогерам, прафэсіяналам у мэдыясфэры, здымае пэўныя дзеяньні, а потым іх распаўсюджвае, — казаў Кабаковіч. — Прычым пад такім вастрыём, што грамадзкасьці гэтая інфармацыя падаецца як нэгатыўная. Але яны ня кажуць пра тое, што малады чалавек, які адслужыў у арміі, атрымаў там спэцыяльнасьць, умее трымаць у руках зброю і навучаны абараняць Радзіму. Што міліцыянт, які ахоўвае грамадзкі парадак на вуліцы, — той чалавек, да якога, калі нешта здарыцца, вы пабяжыце ў першую чаргу, а ён будзе вас ратаваць. Таму трэба глыбей разьбірацца ў тых дзеяньнях, што вакол адбываюцца».

Камэнтуючы распаўсюд відэа, на якім міліцыянт б’е бяздомнага і ягонага сабаку, Кабаковіч прапанаваў назваць яго «Рэцыдывіста, які стаў бамжом, супрацоўнік міліцыі выгнаў з мэтро» — такі загаловак, на думку Кабаковіча, «наўрад ці выклікаў бы такую рэакцыю».

Разам з тым Кабаковіч падтрымаў расейскія правілы, паводле якіх блогер зь вялікай колькасьцю падпісчыкаў мусіць рэгістравацца як СМІ.

Здымаць міліцыянтаў наагул можна?

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў карэспандэнту Свабоды: закон не забараняе здымаць дзеяньні міліцыянтаў на вуліцы. Суразмоўца згадвае, што дыскусіі пра гэта адбываліся і ў Беларусі, і за мяжой. І на Захадзе, прыгадвае праваабаронца, на масавых акцыях праваахоўнікі носяць шлемы з нумарамі, па якіх потым можна вызначыць, хто што рабіў. У Беларусі ж нельга, напрыклад, ідэнтыфікаваць міліцыянта, які зламаў нагу ўдзельніцы акцыі пратэсту.

«Канечне, усё залежыць ад сытуацыі. Бо калі праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы, вядзецца закрытае непублічнае сьледзтва, зьвязанае з разгалошваньнем дзяржаўнай таямніцы або інтымным бокам жыцьця ўдзельнікаў працэсу, то, натуральна, здымаць нельга, — удакладняе Стэфановіч. — Але калі гаворка ідзе пра дзеяньні міліцыянтаў пры выкананьні абавязкаў па ахове грамадзкага парадку, калі яны, напрыклад, на вуліцы спыняюць масавую акцыю, то, канечне, можна. Міліцыянты ж не таемныя агенты, чаму ж іх нельга здымаць?»

Просім праваабаронцу ўявіць такую сытуацыю: звычайны грамадзянін бачыць, як міліцыянт на вуліцы некага затрымлівае з ужываньнем сілы, але ня ведае, ці затрымліваюць злачынца, які кідаўся на людзей з нажом, ці проста зьбіваюць бяздомнага. Ці ўсё роўна можна здымаць міліцыянта на відэа?

«У грамадзкім месцы можна ў любым выпадку здымаць, ці кідаўся там чалавек з нажом, ці гэта проста бяздомны, — кажа праваабаронца. — Інтэрпрэтацыя можа быць адна: ужываньне фізычнай сілы рэглямэнтаванае, ёсьць закон, у якім прапісана, у якіх абставінах і пры якіх выпадках супрацоўнік міліцыі можа выкарыстоўваць фізычную сілу, спэцсродкі, агнястрэльную зброю. У шэрагу выпадкаў, я думаю, відэа можа дапамагчы даць ацэнку законнасьці дзеяньняў супрацоўніка, наколькі яны былі правамерныя і прапарцыйныя».

А што, калі забароняць і запатрабуюць выдаліць відэа?

Што рабіць, калі чалавек зьняў відэа падазроных дзеяньняў міліцыянта, а міліцыянт патрабуе гэтае відэа выдаліць? Ці можна адмаўляцца, ці гэта будзе «непадпарадкаваньнем законнаму распараджэньню...», за што артыкул 23.4 КаАП прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў ці адміністрацыйны арышт?

«Не падпарадкоўвацца нельга толькі законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, — кажа Стэфановіч. — А наколькі законныя такія патрабаваньні, каб вы нешта выдалілі са свайго тэлефона... Я лічу, што гэта незаконна, такім патрабаваньням можна не падпарадкоўвацца».

Заўважыў, зьняў, адмовіўся выдаліць — што далей? Ці варта самому публікаваць відэа, ці трэба пісаць у СМІ, каб тыя разгледзелі выпадак, ці трэба зьвяртацца ў міліцыю? Тут праваабаронца ня можа сказаць, што чалавек абавязаны рабіць:

«Можаце ўвогуле нікуды не выкладваць, можаце ў сацсеткі, можаце ў СМІ, — кажа ён. — Гэта насамрэч нідзе не рэглямэнтуецца. Нідзе не напісана, у якім парадку што тады рабіць».

XS
SM
MD
LG