Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Якім яны бокам стануць да стала — філейнай часткай ці бюстам — розьніцы вялікай няма»


Тыповы працэс падліку галасоў на беларускіх выбарах вачыма назіральніка.Архіўнае фота

Тыповы працэс падліку галасоў на беларускіх выбарах вачыма назіральніка.Архіўнае фота

Чаму, нягледзячы на «лібэралізацыю», улады па-ранейшаму не рэгіструюць аб’яднаньне «За справядлівыя выбары»? Ці здольныя беларускія назіральнікі пераканаўча зафіксаваць фальсыфікацыі на парлямэнцкіх выбарах? Ці магчыма дабіцца празрыстага і справядлівага падліку галасоў хаця б на адной акрузе?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае сустаршыня праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

Віктар Карняенка, архіўнае фота

Віктар Карняенка, архіўнае фота

Цыганкоў: Сёньня Вярхоўны суд зноў пацьвердзіў рашэньне Міністэрства юстыцыі не рэгістраваць ваша праваабарончае аб’яднаньне. Гэта была ўжо пятая спроба рэгістрацыі аб’яднаньня, усе папярэднія былі таксама няўдалыя. Чым бы вы патлумачылі такую ўпартасьць уладаў? У краіне ж нібыта ідзе «лібэралізацыя», паляпшэньне стасункаў з Захадам…

Карняенка: З аднаго боку, улада сапраўды хоча падабацца Захаду, але зь іншага — грамадзянская актыўнасьць людзей для іх значна большая небясьпека. Гэта ў прыродзе, сутнасьці любой аўтарытарнай улады. Гэта не пэрсанальнае стаўленьне да нас, гэта стаўленьне да любой грамадзянскай актыўнасьці людзей, асабліва зьвязанай з выбарамі і правамі чалавека.

Цыганкоў: Чым гэтая нерэгістрацыя ўскладняе вашу працу? І чым бы яе аблягчыла афіцыйная рэгістрацыя, якой вы гэтак доўга дабіваецеся?

Карняенка: Рэгістрацыя дапамагла б нам вырашаць нейкія тэхналягічныя задачы, такія як вылучэньне назіральнікаў, вылучэньне прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Але больш важна прадэманстраваць, што рэальных пераменаў у Беларусі няма. Бо мы не спыняемся ў абароне нашых правоў толькі на ўнутраных мэханізмах, а кожны раз зьвяртаемся ў Камітэт ААН па правах чалавека. І па трох адмовах у нашай рэгістрацыі маем адтуль станоўчае рашэньне. Але, на жаль, тут відавочная бяззубасьць гэтага Камітэту ААН, які прымае рашэньні, аднак нічога ня можа зрабіць, каб беларускія ўлады выканалі ўзятыя на сябе абавязаньні.

Цыганкоў: Колькі назіральнікаў вы выставіце на гэтыя парлямэнцкія выбары? Ці рэалістычна дабіцца нейкіх вынікаў — пасьля прыняцьця тых паправак у выбарчыя працэдуры, якія так хваляць беларускія ўлады?

Назіральнікі на датэрміновым галасаваньні ў Менску, 2012 год

Назіральнікі на датэрміновым галасаваньні ў Менску, 2012 год

Карняенка: Што да ўладаў, то яны відавочна пускаюць пыл у вочы міжнароднай супольнасьці і ўласным грамадзянам. Словы і справы ў іх вельмі моцна адрозьніваюцца.

У нас ёсьць некалькі задачаў — зьнізіць узровень фальсыфікацыяў, зьбіраць доказы парушэньняў, мяняць грамадзкую думку, уцягваць у працэс назіраньня новых людзей. Пасьля таго як яны бачаць, якім чынам адбываецца падлік галасоў — яны звычайна кардынальна мяняюць сваё стаўленьне да ўладаў.

На сёньня мы можам выставіць каля 2 тысяч назіральнікаў. У нас вельмі шмат кампаніяў па назіраньні, якія маюць часам розныя мэты. І мая пэрсанальная думка — тут ёсьць памылка. Бо мы толькі зьбіраем асобныя доказы фальсыфікацыяў і ня ставім перад сабой нейкія большыя мэты. Напрыклад, даказаць, што выбары фальсыфікаваныя на тэрыторыі Менску.

Улады заўсёды блытаюцца, калі назіральнікі маюць копіі пратаколаў. Былі нават выпадкі, калі на адным участку «прагаласавала» людзей больш, чым па ўсім раёне.

Цыганкоў: А як наконт ідэі даказаць, што выбары сфальсыфікаваныя на адным канкрэтным участку? Калісьці ж былі такія спробы.

Карняенка: Мы рабілі такое ў 2010 годзе, часткова і ў 2012-м. Якія ёсьць парамэтры для назіраньня? Яўка выбарнікаў, якая павінна кантралявацца доўгатэрміновым назіраньнем. Але фактычна няма мэханізмаў доказаў фальсыфікацыі яўкі падчас папярэдняга галасаваньня. Што да асноўнага дня галасаваньня, дык тут галоўны парамэтар назіраньня — падлік галасоў. І тут раскрываюцца ўсе ўладныя хітрыкі па фальсыфікацыях. Калі мы рабілі фатакопіі выніковых пратаколаў і пасьля параўноўвалі іх з папярэднімі пратаколамі — то тут заўсёды былі разыходжаньні.

Цыганкоў: Улады апошнія месяцы актыўна прапагандавалі пэўныя зьмены ў выбарчыя працэдуры, якія яны ўнесьлі паводле рэкамэндацыяў АБСЭ. Каля стала будуць стаяць ужо не з усіх бакоў, а толькі з трох. Ці гэта можа нешта зьмяніць?

Раней падлік галасоў выглядаў так. Нешта зьменіцца? Архіўнае фота, прэзыдэнцкія выбары-2015

Раней падлік галасоў выглядаў так. Нешта зьменіцца? Архіўнае фота, прэзыдэнцкія выбары-2015

Карняенка: Безумоўна, гэта прафанацыя. Калі ў камісіях сядзяць ня жулікі, то ім няма чаго хаваць. Гэтую праблему часткова магла б вырашыць гарантаваная прысутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі ва ўсіх камісіях. У рэкамэндацыях АБСЭ пасьля 2012 году сапраўды ёсьць патрабаваньне «празрыстасьці працэдуры падліку галасоў». Нават для саміх сябраў камісіі.

Бо глядзіце, як цяпер усё адбываецца. Кожны сябра камісіі патаемна лічыць свой стосік, потым патаемна робіць паведамленьне старшыні камісіі, і старшыня, з рукава выцягнуўшы выніковы пратакол, абвяшчае вынік. Такім чынам здымаецца ўсялякая пэрсанальная адказнасьць сябраў камісіі — маўляў, я сумленна падлічыў, перадаў, нічога не падманваў. Ён разумее, што адбываецца, але хаваецца за плечы старшыні.

Дык вось, трэба хаця б іх усіх, сябраў камісіі, зрабіць саўдзельнікамі фальсыфікацыяў — хай пакажуць усім падлічаныя бюлетэні, абвесьцяць вынікі. А так якім яны бокам стануць да стала — філейнай часткай ці бюстам — розьніцы вялікай няма.

Цыганкоў: Еднасьць апазыцыйных сілаў — таксама гарачае пытаньне на кожных выбарах. У вашай кампаніі назіраньня гэтым разам не прымаюць удзелу прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду». Чаму?

Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота

Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота

Карняенка: Я асабіста не лічу «Гавары праўду» апазыцыйнай структурай, яны выконваюць місію адбельваньня ўлады. Самі імкнуцца ў кішэню да ўладаў. Таму зь імі ня можа быць ніякіх прынцыповых дамоўленасьцяў.

Я ўдзельнічаю ў выбарах з 1989 году. І тады камісіі фармаваліся ў райкамах партыі, мелі пэрсанальныя задачы, выконвалі пэўныя заданьні. Але наступіў такі момант, калі яны сказалі сваім куратарам — «а пайшлі вы куды далей, куратары нашы. Мы атрымліваем жабрацкія заробкі, а вы жывяце як хочаце — дык пляваць нам на вашыя патрабаваньні». І мне здаецца, што нейкі такі пералом і цяпер ужо назіраецца.

Я лічу, калі ў Беларусі зьменіцца грамадзкі настрой на карысьць пераменаў і будзе выразная пазыцыя апанэнтаў улады — тады нешта можа зьмяніцца. А так — спадзявацца на міжнародны ціск, на тое, што дэмакратызацыя Лукашэнку самому будзе патрэбная — гэта ня дасьць плёну, і будуць працягвацца тыя ж гульні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG