Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Большасьць украінцаў — супраць менскіх дамоўленасьцяў


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Свабодзе дае ацэнку апошнім падзеям ва Ўкраіне, якія засьведчылі падзел у грамадзтве і кіроўнай кааліцыі. Спрэчныя пытаньні — гэта зьмены ў Канстытуцыю і палітыка адносна акупаванай часткі Данбасу.

Тэракт каля Вярхоўнай Рады, у выніку якога загінулі тры байцы Нацгвардыі, выхад фракцыі Алега Ляшка з урадавай кааліцыі былі справакаваныя нядаўнімі зьменамі ў Канстытуцыю Ўкраіны дзеля выкананьня менскіх дамоўленасьцяў. На думку кіеўскага палітоляга Ўладзімера Фясенкі, большасьць украінцаў супраць замірэньня з сэпаратыстамі з так званых ДНР і ЛНР, у той час як прэзыдэнт Пятро Парашэнка шукае дыпляматычнага выхаду з вайны на Данбасе.

— Спадар Уладзімер, адны кажуць пра новы Майдан, іншыя пераконваюць, што ўсё ў Кіеве пад кантролем. Якая ваша ацэнка тых падзеяў, якія адбыліся ў панядзелак каля будынку Вярхоўнай Рады?

— Я адразу хачу супакоіць — няма ніякай асаблівай дэстабілізацыі ва Ўкраіне. Так, у панядзелак адбыліся трагічныя падзеі каля Вярхоўнай Рады, у выніку чаго тры чалавекі загінулі і каля сотні людзей атрымалі раненьні. І хоць гэтыя падзеі сталі вынікам бурнай і агрэсіўнай пратэстнай акцыі каля парлямэнту, адзіная баявая граната выбухнула ў выніку дзеяньня эмацыйна неўраўнаважанага, палітычна экзальтаванага чалавека, які прайшоў вайну на ўсходзе Ўкраіны. Ён палітычны актывіст, сябра партыі «Свабода» з радыкальнымі нацыяналістычнымі перакананьнямі. Відаць, у стане афэкту вырашыў паваяваць з тымі, хто ахоўвае Парлямэнт. У выніку — вось такія ахвяры.

Але, як гэта ні парадаксальна, мяркуючы па грамадзкай рэакцыі, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, большасьць украінцаў асуджае гвалт каля Вярхоўнай Рады.

Тут вельмі паказальная заява лідэра «Правага сэктару» Дзьмітрыя Яраша, які сказаў, што патрыётаў штурхаюць да крывавага бунту, і даў зразумець, што цяпер нельга праводзіць ніякія гвалтоўныя дзеяньні, нельга падчас вайны з Расеяй пачынаць яшчэ і ўнутраную вайну. Гэта пазыцыя «Правага сэктару», які лічаць галоўнай экстрэмісцкай сілай ва Ўкраіне.

Можна сказаць, што трагічныя падзеі каля Вярхоўнай Рады сталі халодным душам, што пэўны час яны будуць стрымліваць ад паўтарэньня падобных здарэньняў. Сытуацыя ў Кіеве каля Вярхоўнай Рады была нармалізаваная цягам некалькіх гадзін. Так, дэпутаты ад «Свабоды» яшчэ мітынгавалі, але былі затрыманыя каля 30 чалавек, у тым ліку і падазраваны ў выбуху гранаты.

Цяпер ідзе сьледзтва. Захады бясьпекі ўзмоцненыя, але сытуацыя пад кантролем. Ніякіх трэціх Майданаў не адбываецца. Ніякай дэстабілізацыі няма.

На прыступках Вярхоўнай Рады ў Кіеве людзі стыхійна стварылі мэмарыял памяці забітых падчас тэракту салдат Нацыянальнай гвардыі
На прыступках Вярхоўнай Рады ў Кіеве людзі стыхійна стварылі мэмарыял памяці забітых падчас тэракту салдат Нацыянальнай гвардыі

— У Вярхоўнай Радзе таксама былі бурныя абмеркаваньні канстытуцыйнага праекту...

— Так, з-за канстытуцыйнага праекту ўзьнікла нестабільная сытуацыя ў Вярхоўнай Радзе. Гэта натуральна. Трэба нагадаць, што было вельмі бурнае абмеркаваньне гэтага пытаньня яшчэ ў ліпені, калі накіроўвалі гэты законапраект у Канстытуцыйны суд. Ужо тады было відавочна, што кіпяць жарсьці. У грамадзтве раскол па гэтай тэме. Частка ўкраінцаў супраць менскіх дамоўленасьцяў, гэта трэба сумленна прызнаваць. Калі нехта думае, што ўсе хочуць рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў, ён памыляецца. Ва Ўкраіне вельмі шмат праціўнікаў менскіх дамоўленасьцяў — як сярод палітычных сіл, так і ў грамадзтве, якое расколата: траціна — за, траціна — супраць, траціна — ня вызначылася. Вельмі шмат рэзкіх праціўнікаў, якія лічаць, што менскія дамоўленасьці — гэта пастка, здрада. Жарсьці кіпяць у грамадзтве. Кіпелі яны і ў парлямэнце.

— Як паўплывае на працу парлямэнцкай большасьці выхад з кааліцыі Радыкальнай партыі Алега Ляшка?

У нас заўсёды вельмі шмат канфліктаў, скандалаў, кіпяць палітычныя жарсьці, але гэта звыклы стан палітычнага працэсу ва Ўкраіне

— У шэрагах кааліцыі парлямэнцкай большасьці ёсьць канфлікт. Адна з партыяў кааліцыі, Радыкальная партыя Алега Ляшка, выйшла са складу кааліцыі. Але гэта не ўплывае на саму кааліцыю, таму што большасьць у ёй захоўваецца і юрыдычна няма ніякіх падставаў для спыненьня дзейнасьці кааліцыі. Да таго ж недахоп галасоў усярэдзіне кааліцыі кампэнсуецца падтрымкай дэпутатаў, якія не ўваходзяць у яе склад. Тут важна разумець украінскую спэцыфіку — у нас заўсёды вельмі шмат канфліктаў, скандалаў, кіпяць палітычныя жарсьці, але гэта звыклы стан палітычнага працэсу ва Ўкраіне.

— Якім чынам адбудзецца другое галасаваньне па законапраекце і чаму яно адкладзенае на некалькі месяцаў?

— Першае галасаваньне адбылося, большасьць была — 265 галасоў. Другое галасаваньне адклалі, яно адбудзецца толькі празь некалькі месяцаў. Нягледзячы на заклікі Нямеччыны і Францыі, сэпаратысты не адмаўляюцца ад сваіх плянаў праводзіць мясцовыя выбары 18 кастрычніка і 1 лістапада. Калі гэтыя мясцовыя выбары правядуць, то паўторыцца леташняя сытуацыя, калі пасьля выбараў у ДНР і ЛНР першыя менскія дамоўленасьці былі пахаваныя. Так і цяпер. Калі сэпаратысты правядуць мясцовыя выбары, то парушыцца ўся палітычная формула менскіх дамоўленасьцяў і застанецца толькі дамаўляцца пра спыненьне агню, каб дасягнуць хаця б адноснага замірэньня ў зоне канфлікту. Тады пытаньне пра замірэньне паміж Украінай і сэпаратыстамі здымецца з парадку дня, і тады Ўкраіна будзе мець поўнае права скарэктаваць канстытуцыйны законапраект, прыбраўшы адтуль найбольш канфліктны пункт пра асаблівасьці мясцовага самакіраваньня для асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, у выніку чаго сытуацыя вакол законапраекту нармалізуецца. Калі не, то тады законапраект не набярэ 300 галасоў у Вярхоўнай Радзе.

— Чаму ўвогуле не спрацоўваюць менскія дамоўленасьці? У чым праблема?

— Прынцыповая памылка аўтараў менскіх дамоўленасьцяў у тым, што яны выкарыстоўвалі ідэю прымірэньня. Але праблема ў тым, што значная частка і ўкраінскага грамадзтва, і палітычнай клясы Ўкраіны катэгарычна супраць прымірэньня з сэпаратыстамі. Гэта ня значыць, што людзі хочуць ваяваць, але сяброўства ня хочуць. Максымум — гэта спыненьне агню і захаваньне цяперашняга статус-кво. Так, тэрыторыя Данбасу застанецца нявызначанай на няпэўны час. Але на тое, каб сэпаратысты засталіся там пры ўладзе і былі беспакаранымі, ні кіраўніцтва Ўкраіны, ні народ ня пойдзе.

— Ці можна казаць, што прэзыдэнт Украіны прасоўвае канстытуцыйны праект пад ціскам з боку Захаду?

— Ёсьць пазыцыя Захаду, які вельмі хоча ўрэгуляваньня гэтага канфлікту, кіруючыся сваімі эгаістычнымі інтарэсамі. Паколькі Нямеччына і Францыя — гаранты менскіх дамоўленасьцяў, то яны настойваюць на іх выкананьні. Але пагадненьні гэтыя недасканалыя, а іх палітычная частка ўвогуле ўтапічная. Але ў Парыжы, Бэрліне і Вашынгтоне лічаць, што альтэрнатывы няма. І яны, вядома, патрабуюць ад Украіны выконваць пагадненьні. А ўкраінскае кіраўніцтва тлумачыць: мы гатовыя, але мы ня можам іх выконваць у аднабаковым парадку. Таму галасаваньне па законапраекце, якое адбылося ў панядзелак, — гэта сыгнал на Захад: мы паказалі, што гатовыя выконваць дамоўленасьці. А вось адкладзенае на некалькі месяцаў другое галасаваньне, у якім трэба будзе набраць ужо 300 галасоў, можа адбыцца ў выпадку, калі і іншы бок будзе выконваць свае абавязаньні. А калі яна адмовіцца гэта рабіць, то і Ўкраіна здымае зь сябе адказнасьць.

— У зоне АТА фіксуецца прыкметнае зацішша. З чым гэта зьвязана?

— Так, апошнімі днямі абстаноўка на фронце вельмі моцна суцішылася. Амаль няма абстрэлаў. Але назіральнікі зьвязваюць гэта не з пасьпяховымі перамовамі ў нармандзкім фармаце, а з тым, што Пуцін едзе на Генэральную асамблею ААН, і перад ягоным выступам трэба забясьпечыць спрыяльны інфармацыйны фон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG