Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я стаміўся ад палітыкі, хочацца проста жыць...» — палітоляг Фядута плянуе вярнуцца ў Беларусь


Палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута

Палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута

У 2013 годзе палітоляг, публіцыст, былы палітвязень Аляксандар Фядута зьехаў ва Ўкраіну. Не ў апошнюю чаргу гэтаму «паспрыялі» ідэйныя разыходжаньні зь некаторымі паплечнікамі па грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», пад дахам якой у камандзе Ўладзімера Някляева браў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі-2010.

Пасьля брутальнага разгону Плошчы і абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» некалькі месяцаў правёў у сьледчым ізалятары КДБ, быў прызнаны вязьнем сумленьня. У красавіку 2011-га вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, а празь месяц асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у два гады. Вярнуўся ў структуру «Гавары праўду», але пасьля заканчэньня тэрміну пакараньня зьехаў у Кіеў.

З Уладзімерам Някляевым на 100-х угодках Ларысы Геніюш у Зэльве

З Уладзімерам Някляевым на 100-х угодках Ларысы Геніюш у Зэльве

Увесь гэты час займаецца палітычным кансалтынгам, супрацоўнічае з палітычнымі фондамі, дасьледчымі цэнтрамі, гуманітарнымі арганізацыямі, актыўна кантактуе з журналісцкімі саюзамі, езьдзіць па рэгіёнах.

За гэтыя тры гады разам з народам Украіны перажыў ці ня самыя драматычныя старонкі ў найноўшай гісторыі дзяржавы — Рэвалюцыю годнасьці, расейскую анэксію Крыму і акупацыю Данбасу. Тут нядаўна страціў калегу і сябра Паўла Шарамета.

У часе нядаўняй сустрэчы ў Кіеве прызнаўся, што спадзяецца да канца году завяршыць усе справы і нарэшце вярнуцца дадому, да жонкі Марыны.

— Аляксандар Ёсіфавіч, так разумею, кіеўская «кадэнцыя» падыходзіць да заканчэньня? Не хвалюецеся, што дома будзе якраз не хапаць украінскага драйву? Пасьля такой актыўнасьці — і ў беларускі застой...

— Прынамсі я адпачну... Тры апошнія гады — гэта Майдан, гэта падзеі ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Штодня інфармацыйная хваля настолькі магутная, параўнальная хіба што з цунамі. Таму элемэнтарна хочацца адпачыць. Спадзяюся, што гэтым разам дахаты ўсё ж даеду...

— Зьнясіленьне больш маральнае ці фізычнае?

— Фізычнае. Маральнае — якраз не. Усё ж разумееш: тое, што тут адбываецца, — гэта гістарычны працэс. А паколькі я Homo scribens, то бок чалавек, які піша, — выдатна ўсьведамляю: мне пашчасьціла стаць сьведкам падзеяў, якія другі раз, мажліва, ужо не адбудуцца. Гэта найкаштоўнейшы досьвед. Таму Кіеў для мяне — перадусім горад, у якім цяпер ствараецца гісторыя. І я ўдзячны лёсу, што трапіў сюды менавіта ў такі пераломны пэрыяд. Хоць, паўтаруся, фізычна надзвычай цяжка...

Напамін пра падзеі Майдану

Напамін пра падзеі Майдану

— Пакуль не апынесься ў эпіцэнтры апісанага вамі «цунамі», складаецца падманлівае ўражаньне, што «штарміць» і ў беларускім палітычным жыцьці. Хоць, па вялікім рахунку, параўноўваць проста няма чаго... Як асабіста вам удалося перабудавацца на новую хвалю, калі пастаянна трэба быць у тонусе?

— Справа ў тым, што я прыехаў сюды пасьля таго, як скончыўся мой тэрмін абмежаваньня волі. Насамрэч, як я казаў яшчэ раней, у Беларусі ўсе мы знаходзімся па той ці іншы бок кратаў, проста абмежаваньне волі ў кожнага сваё. Дык вось уявіце: пасьля беларускай няволі — раптам перад табой такая воля, што накрывае проста з галавой! Ты разумееш, што гэта зусім іншы сьвет...

— Сапраўды, нават першых уражаньняў хапае, каб зразумець: нічога агульнага зь Беларусьсю. «Адкат» назад, у мінулае, трэба меркаваць, ужо немагчымы?

— Тут? Ды ні ў якім разе. Справа ў тым, што гэтага ня хоча ніхто. Нават тыя, з кім ваюе сёньняшняя ўлада — маю на ўвазе, ваюе палітычна, калі ўзяць тых жа «рэгіяналаў». Яны таксама не хацелі б вярнуцца ў часы Януковіча. Іх цалкам задавальняе тая свабода, якая ёсьць цяпер, яны навучыліся ёй карыстацца і пасьпяхова з гэтым спраўляюцца. То бок атрымліваюць пэўныя дывідэнды і пры гэтым разумеюць важную рэч: сёньня ты ва ўладзе, а заўтра — у апазыцыі. Адпаведна, сёньня ў апазыцыі, заўтра — ва ўладзе. Зьнішчаць адзін аднаго нельга. Калі нехта парушыў закон, ён будзе паводле яго і адказваць. Але палітычнага зьнішчэньня ва Ўкраіне больш ня будзе.

Удзельнікі мітынгу партыі «За життя!» перад Нацбанкам Украіны

Удзельнікі мітынгу партыі «За життя!» перад Нацбанкам Украіны

— Гэтыя выгоды мы некалькі дзён назіралі, калі адбываліся выступы прыхільнікаў новага апазыцыйнага руху «За життя!» пад вокнамі Нацыянальнага банку. Умовы звышкамфортныя: катэгарычныя лёзунгі на фоне музычнай фанаграмы, якасная гукаўзмацняльная апаратура, падвоз кавы, біятуалеты, разьлікі з «масоўкай» кэшам па сьпісах. Можна толькі ўявіць, колькі б прастаялі крытыкі нейкай дзяржаўнай установы ў Беларусі...

— Сапраўды, прыходзяць па графіку, дзьве гадзіны выказваюць тое, што лічыць патрэбным іх палітычны лідэр Вадзім Рабіновіч. А потым гэтак жа дружна разыходзяцца. Гэта рэаліі сучаснай Украіны, кожны мае права на агучваньне сваёй пазыцыі...

— Апошнія два гады ва Ўкраіне праводзяцца маштабныя рэформы, якія ахапілі найважнейшыя сфэры дзейнасьці. Наколькі яны рэалістычныя? Бо столькі часу дзяржава наўпрост асацыявалася зь невыкараняльнай карупцыяй, лабізмам, кумаўством ва ўладзе і г.д.

— З майго гледзішча, ёсьць кірункі, якія для сёньняшняй улады ўжо можна лічыць пасьпяховымі. Найперш, рэформа Міністэрства ўнутраных спраў (і я вельмі задаволены, што ў беларускіх журналістаў была магчымасьць паразмаўляць зь людзьмі, якія гэтым непасрэдна займаюцца). Пры гэтым не хаваю, што я не люблю пэрсанальна міністра Авакава. На маю думку, кіраўнік ведамства ня мае права днямі сядзець у Твітэры і камэнтаваць кожны свой крок. Але тое, што робіцца пад яго кіраўніцтвам, сапраўды патрэбна.

Другі момант — рэформа мясцовага самакіраваньня. Гэта працэс дэцэнтралізацыі, падчас якога адбываецца пераразьмеркаваньне кампэтэнцыяў паміж рознымі ўзроўнямі ўлады. І калі кажуць: а, дык сёньняшні прэмʼер — гэта чалавек Парашэнкі, — для пачатку варта згадаць іншае. Гройсман быў самым пасьпяховым мэрам ва Ўкраіне, які пасьля Рэвалюцыі годнасьці стаў віцэ-прэмʼерам і якраз на гэтай пасадзе ажыцьцяўляў рэформу зь пераразьмеркаваньнем кампэтэнцыяў.

Сустрэча беларускіх журналістаў з кіраўніцтвам МУС Украіны

Сустрэча беларускіх журналістаў з кіраўніцтвам МУС Украіны

— Тую ж дэцэнтралізацыю можна, што называецца, «памацаць», яна рэальная?

— Літаральна днямі я сам адчуў, як гэтая дэцэнтралізацыя працуе. Калі спрошчана, выглядае так: мясцовым уладам далі грошы і сказалі — рабіце што жадаеце, што лічыце патрэбным. Дык вось, я ехаў з Кіева да Харкава. Праз вакно машыны бачыў, дзе грошы пайшлі на рамонт дарогі, дзе не пайшлі. Але гэта ня значыць, што яны зьніклі — іх перанакіравалі на школы ці паліклінікі. Галоўнае, што гэта ўжо бачна, гэта адчуваецца. Вядома, я ня кожны тыдзень ежджу па Ўкраіне, але быў у Жытоміры, у Адэсе, у Львове, у Чарнігаве, і ўсюды ёсьць рэальныя зьмены да лепшага. Важна, як вы кажаце, што гэта можна памацаць, да гэтага можна дакрануцца. Прынамсі, мясцовыя адчуваюць, што грошы ёсьць, яны ідуць зьнізу, а не выціскаюцца па кроплі, як раней, паводле рэшткавага прынцыпу з Кіева.

— Дарэчы, рэзанансная кампанія электроннага дэкляраваньня прыбыткаў і маёмасьці дзяржаўных чыноўнікаў — гэта патрабаваньне «нізу» ці ўсё ж вонкавых сілаў?

Ва Ўкраіне ніводзін грамадзянін не камплексуе перад уладай

— Звонку, безумоўна, гэтага таксама патрабавалі. Але сутнасьць у тым, каб вызначыць, хто і якім чынам разбагацеў. Насамрэч усе ведалі, што ўлада складаецца з дастаткова заможных людзей, бо частка прыйшла туды з прыстойным капіталам. Зьдзіўляюцца: нічога сабе, прэзыдэнт Парашэнка задэкляраваў ажно 27 мільёнаў даляраў! Прабачце, ён стаў кіраўніком краіны, ужо будучы супэрпасьпяховым бізнэсоўцам. І гэта тыя сродкі, якія ён заўжды дэкляраваў. Зь іншага боку, зьяўляецца чалавек ніадкуль, скажу толькі — наш калега-журналіст. Набыў дзьве кватэры ў Кіеве. Як такое можа быць, асабліва з улікам, што купіў іх пасьля таго, як стаў дэпутатам парлямэнту? За якія грошы, адкуль яны раптам зьявіліся? І вось зараз грамадзтва — не дзяржава, бо задэкляравалі і свой абавязак перад ёй нібыта выканалі — ставіць пытаньне рубам: адкуль у цябе, хлопчык, такія грошы? І гэта ўжо зусім іншы паварот.

— Чаму беларускае грамадзтва саромецца запатрабаваць справаздачы ад сваіх «слугаў народу»? Ці традыцыйна камплексуе перад уладай?

— Нават ня ведаю, ці камплексуюць беларусы, але з упэўненасьцю магу сказаць: тое, што ва Ўкраіне ніводзін грамадзянін не камплексуе перад уладай — гэта факт. Наадварот, гэта ўлада камплексуе перад уласнымі грамадзянамі. Дарэчы, у той жа Расеі электронныя дэклярацыі працуюць ужо тры гады, яны ёсьць. Так што бліжэйшыя суседзі гэта ўвялі ў практыку — магчыма, Беларусь на падыходзе...

— З улікам досьведу апошніх гадоў улада ва Ўкраіне, відаць, ужо наўрад ці калі адважыцца «выхоўваць» людзей гвалтам? Ці стаў Майдан тым крытычным пунктам, за які пераходзіць проста небясьпечна?

— Пра гэта, вядома, трэба пытацца ва ўкраінцаў. Але як на маё бачаньне, досьвед спадара Януковіча яскрава засьведчыў: кожная ўлада ва Ўкраіне, якая паспрабуе скарыстацца сілай супраць уласнага народу, будзе неадкладна зьмецена. Колькі б грошай яна ні ўкладала ў сілавыя структуры, як бы яна ні падкупляла суды, як бы ні шантажавала бізнэсоўцаў — усё гэта будзе зьмецена, калі супраць людзей ужыць гвалт.

Месца памяці Герояў Нябеснай сотні

Месца памяці Герояў Нябеснай сотні

— І апошняе. Нават на радзіме доўга адпачываць наўрад ці ўдасца. Да якой сілы зьбіраецеся далучыцца пасьля адаптацыі?

— Слухайце, я спадзяюся, што ўрэшце стану доктарам габілітаваным, то бок поўным доктарам навук, і буду дзе-небудзь выкладаць. Дайце мне жыць, я ўжо стаміўся ад гэтай палітыкі...

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута нарадзіўся ў 1964 годзе ў Горадні. Скончыў філялягічны факультэт мясцовага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. Ад 1991-га — на камсамольскай працы (кіраваў ЦК ЛКСМБ і Саюзам моладзі Беларусі). Чалец перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі, начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. Пасьля ўвядзеньня цэнзуры і выхаду газэт зь «белымі плямамі» у 1995-м сыходзіць з пасады і піша для недзяржаўных газэт. Аўтар дакумэнтальнай кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія».

У 2010 годзе працаваў у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ, абвінавачаны ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». У студзені 2011-га Amnesty International прызнала Фядуту вязьнем сумленьня. У красавіку таго ж году вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, у траўні асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у два гады. Пасьля завяршэньня тэрміну пакараньня пераехаў у Кіеў, дзе заняўся палітычным кансалтынгам.

Кандыдат філялягічных навук, працуе над доктарскай дысэртацыяй. Жанаты, жонка Марына Шыбко ўзначальвае выдавецтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG